365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае


Вакцынуйцеся. Гэта бяспечна і дзейсна. Гэта трэба, каб уратаваць не толькі вас, але жыццё і здароўе людзей вокал вас. Ніжэй – самыя сціслыя адказы на частыя пытанні пра вакцыны. Навуковае абгрунтаванне гэтых словаў – у канцы.

Вакцынацыя работнікаў і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.
Фота: Максім Кубарскі / Медыяцэнтр БНТУ

Вакцыны ад каронавіруса правяралі ў сотнях даследаванняў, яны бяспечныя і эфектыўныя. Яны не гарантуюць стоадсоткавай абароны ад каронавіруса, але моцна зніжаюць імавернасць цяжкага цячэння хваробы і смерці. Вакцынаваным таксама трэба насіць маскі. «Моцнае здароўе» не ўратуе ад каронавіруса, з якім імунная сістэма не ўмее змагацца ад прыроды.

Перахварэць, каб атрымаць імунітэт, – кепская ідэя. Пабочныя эфекты ад вакцынаў усяляк лепшыя за сімптомы COVID-19. Яны няцяжкія і трываюць максімум пару дзён. Тэмпературу можна збіваць пасля кансультацыі з доктарам. Моцныя пабочныя эфекты ад вакцынаў бываюць колькі разоў на мільён, смерці праз іх у свеце адзінкавыя, а ад каронавіруса паміраюць мільёны. Вакцынавацца трэба і тым, хто ўжо перахварэў на ковід.

Супрацьпаказанняў для вакцынацыі амаль няма. Вакцынавацца нельга хіба падчас моцнай хваробы і пры алергіі на кампаненты гэтай канкрэтнай вакцыны. Хранічныя хваробы, нават ВІЧ-інфекцыя, не перашкода. Людзей сталага веку асабліва важна вакцынаваць: яны часцей хварэюць на COVID-19 і паміраюць ад яго. Паступова пачынаюць дазваляць вакцынаваць дзяцей, яны таксама могуць захварэць і заразіць іншых, а вакцыны для іх бяспечныя.

Вакцыны не заносяць у арганізм віруса. У залежнасці ад тыпу вакцыны, заносяцца не здатныя размнажацца «трупы» вірусаў, іх «шматкі» ці «інструкцыі» для вытворчасці «шматкоў». Вакцына не шкодзіць цяжарнай і плоду, не зніжае фертыльнасці ці патэнцыі.

Найлепшая вакцына – тая, што вам даступная. «Pfizer» і «Moderna» найлепшыя, «Спутник V» зусім крыху слабейшы за іх, яшчэ крыху слабейшыя «AstraZeneca» і «Johnson & Johnson», за іх слабейшыя «Sinovac», «Sinopharm» і «КовиВак». Але ўсе яны дастаткова бароняць ад цяжкіх наступстваў і смерці. Сусветная арганізацыя здароўя пакуль не ўхваліла «Спутника V» і працягвае інспекцыі, але ўсе даследаванні паказваюць яго бяспеку ды эфектыўнасць. У Беларусі «Спутника V» не вырабляюць, а толькі разліваюць, і фасаванне кантралююць расейцы, праблемаў не было.

Эфектыўнасць вакцынаў ад заражэння крыху падае, але супраць цяжкіх наступстваў застаецца па-ранейшаму высокаю. Ці будуць вакцыны эфектыўныя супраць усіх будучых штамаў, невядома, але супраць цяперашніх працуюць. Трэцяя бустарная прышчэпка наўрад ці пашкодзіць, але яе эфектыўнасць спрэчная. Камбінаваць вакцыны ад COVID-19 не шкодна, але ці карысна – пытанне. Прышчапляцца адначасова ад каронавіруса і грыпу можна.

Пасля вакцынацыі можна мыцца, займацца спортам, ужываць антыбіётыкі. Але лепей першыя дні пазбягаць фізічных нагрузак, піць шмат вадкасці і трымацца здаровай дыеты. Ужываць алкаголь не забаронена да і пасля вакцыны, але празмернае ўжыванне нашкодзіць здароўю.

Дзе доказы? Факты на стол!

Разгорнутыя адказы на ўсе гэтыя пытанні са спасылкамі на навуковыя даследаванні і рэкамендацыі прызнаных экспертаў тут: частка 1 і частка 2. Усё гэта не прыватныя меркаванні аўтара ці рэдакцыі «Белсату», а вынікі даследаванняў, правераныя навукоўцамі і прызнаныя міжнароднаю супольнасцю.

Hавiны
Прыродны імунітэт, пабочныя эфекты, цяжарнасць, дзеці. 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19
2021.10.23 12:17
Hавiны
Мыцца, піць, калоцца трэці раз, баяцца беларускага? Яшчэ 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19
2021.10.23 12:17

АА belsat.eu

Стужка навінаў