«Жыхары Масквы, якія маюць украінскія карані, вераць Пуціну і гатовыя ўзяць зброю ды пайсці на вайну»

Абвешчаная Крамлём частковая мабілізацыя выклікала розную рэакцыю ў расейскім грамадстве. Адныя шукаюць магчымасці тэрмінова пакінуць тэрыторыю РФ, іншыя – варыянты, як ухіліцца ад вайсковай службы. Але значная частка грамадзянаў Расеі падтрымала новаўвядзенне. Пра гэта «Белсату» распавёў беларус, які жыве ў Маскве ўжо больш за 20 гадоў.

Паліцыянты затрымліваюць мужчыну ў Новасібірску пасля заклікаў пратэставаць супраць частковай мабілізацыі, абвешчанай прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. 21 верасня 2022 года. Фота: Rostislav Netisov / AFP / East News

З 21 верасня набыць квіткі на самалёты ў Расеі стала практычна немагчыма. У гэты дзень Уладзімір Пуцін абвесціў частковую мабілізацыю, а тысячы грамадзянаў РФ пастанавілі выехаць за мяжу. Людзі карыстаюцца не толькі паветраным транспартам. На памежных пераходах з краінамі, у якія яшчэ могуць выехаць расейцы, чэргі легкавых аўтамабіляў расцягнуліся на дзясяткі кіламетраў.

Вечарам у сераду 21 верасня тысячы людзей выйшлі на вуліцы расейскіх гарадоў, каб выказаць сваю нязгоду з палітыкай Крамля.

Пуцін абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю

Грамадзяне, якія не хочуць браць удзелу ў вайне, шукаюць магчымасці пазбегчы прызыву ў войска. Беларус, які стала жыве ў Маскве, распавядае «Белсату», што ў грамадстве адчуваецца напружанне.

«Па-першае, трэба памятаць, што ў Расеі ўсё яшчэ можна дамовіцца з чыноўнікамі. Можна заплаціць, можна недзе дамовіцца. Акрамя таго, варта адзначыць, што тыя, хто мог, даўно з’ехалі з краіны, выкарыстоўваючы любыя магчымасці. Відавочна, што ў грамадстве існуе  напружанне. Гэта бачна, бадай, на кожным кроку. Многія запанікавалі. Я раней быў сябрам некаторых групаў у сацыяльных сетках, дык пачаў жартаваць на конт мабілізацыі, заклікаў хавацца, уцякаць. У выніку мяне проста выдалілі з гэтых групаў», – распавядае беларус.

Значная частка расейцаў – за Пуціна і гатовая ўзяць зброю ў рукі

Мужчына кажа, што палітыка кіраўніцтва РФ выглядае дзіўнай. Паводле яго, выглядае, што захады ўладаў гэтай краіны можна апісаць народным выслоўем «на злосць бабулі сабе вушы адмарожу».

«Мы ж бачым, што як Лукашэнка, гэтаксама і Пуцін усімі сіламі імкнуцца захаваць уладу. У першага сітуацыя надзвычай складаная, нядоўга яму засталося. Але ў Расеі крышу іншая вымалёўваецца карціна. Расейцы вельмі часта і актыўна ў размовах выступаюць за кіраўніка Крамля і за веліч сваёй краіны. Яны гатовыя паміраць, гатовыя браць зброю, гатовыя ваяваць. Я не магу гэтага зразумець. І калі людзей будуць выклікаць і ўручаць позвы, яны пойдуць на вайну», – кажа беларус.

«Прыкмета правалу Расеі»: як адрэагаваў свет на «псеўдарэферэндумы» ва Украіне і мабілізацыю ў РФ

Суразмоўца «Белсату» дадае, што вельмі часта падтрыманне выглядае абсурдным.

«Найбольшая недарэчнасць у тым, што сярод майго кола знаёмых ёсць тыя, хто нарадзіўся ва Украіне, іхныя дзяды жылі ў Львове, а на пытанне пра мабілізацыю адказваюць, што калі ім прыйдзе позва – то яны пойдуць на вайну. Я нагадваю яму, што ён жа з Украіны, украінец. Але ў адказ чую крык, што ён масквіч. І гэтак выказваюць гатовасць ваяваць амаль усе мае знаёмыя расейцы. Прычым гэта асобы, якія нарадзіліся ў 1978–1980 гадах.

Ёсць, вядома, тыя, хто супраць вайны, супраць Расеі нават. Гэтак, нечакана было пачуць такое меркаванне з вуснаў спецслужбоўцаў з ФСБ. Але сустракаюцца і такія», – кажа беларус, які жыве ў Маскве.

«Частковая ўтылізацыя»: як сацсеткі рэагуюць на навіны з Расеі

Суразмоўца «Белсату» падкрэслівае, што ў Расеі хапае асобаў, гатовых ваяваць.  Рэч нават не ў тым, што яны вераць Пуціну, – часта людзі не маюць грошай і гатовыя пайсці на вайну дзеля заробку.

«Увогуле я не разумею расейцаў, яны насамрэч дзіўныя з майго пункту погляду. Напрыклад, мой цесць – прыхільнік Пуціна і не аднойчы заяўляў, што гатовы ўзяць у рукі зброю. Мой швагер крыху іншых поглядаў. Ён падтрымлівае кіраўніцтва Крамля, але вайна – не ягоны метад. Калі б я быў расейцам, то ўсё роўна я б не крычаў так за Расею, за Пуціна. Так, я б пайшоў на вайну, праўда, быў бы па іншы бок. Яшчэ ў мяне такое ўражанне, што расейцы гатовыя ісці ваяваць, але яны не ўсведамляюць, што могуць загінуць. Я бачу, што гэты момант разумее старэйшае пакаленне, а для 40-гадовых і маладзейшых гэта падаецца немагчымым», – кажа беларус.

Ілюстрацыйнае фота. Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

Мужчына таксама звяртае ўвагу, што расейцы да гэтага часу часта ў якасці крыніцы інфармацыі выкарыстоўваюць тэлебачанне. Імаверна, пад уплывам тэлевізара і фармуецца іхная думка.

«Як толькі я ні зайду да знаёмых, яны сядзяць перад тэлевізарам, дзе крычыць Салаўёў або іншыя прапагандысты. Нібыта ж адэкватны чалавек перад табой, разважае, працуе, развівае справу, а як толькі размова пра палітыку – дык нейкая лухта атрымліваецца».

Мужчына кажа, што беларусы, якія жывуць цяпер у Расеі, апынуліся паміж молатам і кавадлам. Яны супраць расейскай агрэсіі, але з тэрыторыі іхнай краіны ляцяць бомбы і ракеты, якія знішчаюць украінцаў. Таму ў кампаніях украінцаў або расейцаў кожны раз даводзіцца даваць тлумачэнні. Пры гэтым кожны з бакоў патрабуе падтрымаць толькі і выключна ягонае меркаванне.

Расейцы пабеглі, а ці не пабягуць цяпер беларусы? Паглядзелі сітуацыю на межах і ў білетных касах

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны