У беларускіх бізнесоўцаў у Польшчы цяпер свой BBC. Афіцыйна адкрыты Беларускі бізнес-цэнтр


У Варшаве афіцыйна адчынілі Беларускі бізнес-цэнтр (BBC), які працуе ў сталіцы Польшчы ўжо амаль два месяцы. Для беларускіх прадпрымальнікаў гэта магчымасць атрымаць міжнародны вопыт, тэхнічныя кансультацыі і офіс у цэнтры гораду. На адкрыцці пабывалі карэспандэнты «Белсату».

Наведнікі Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве падчас ягонага адкрыцця. Варшава, Польшча. 22 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Беларусі на дадзены момант без уліку індывідуальных прадпрымальнікаў працуюць больш за чатыры тысячы беларускіх кампаніяў. Найбольш іх у сферах лагістыкі, будаўніцтва, гандлю і IT. Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) падтрымліваў іх з самага пачатку, але з адкрыццём бізнес-цэнтру на вуліцы Новы свет, 32 падтрымка стане больш якаснай і практычнай.

«У 2020 годзе я зразумеў, што мы павінны нешта зрабіць для падтрымкі беларускіх бізнесменаў у Польшчы. І сёння я звяртаюся да беларускіх кампаніяў, якія яшчэ знаходзяцца за мяжой Польшчы і паведамляю, што мы ствараем тут дзейсную экасістэму падтрымкі беларускіх прадпрымальнікаў. Яна не скончыцца нават тады, як вы ўстанеце на ногі ў Польшчы. Шмат размаўляю з польскім прэмʼер-міністрам і кіраўнікамі міністэрстваў, каб заканадаўча гэта падтрымка працягвалася і надалей», – сказаў Марцін Навацкі, віцэ-прэзідэнт ZPP.

Польскі Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў таксама адзначыў высокі ўровень супрацы з беларускай супольнасцю бізнесоўцаў у Польшчы, якія даволі эфектыўна самаарганізуюцца і падтрымліваюць адзін аднаго.

Віцэ-прэзідэнт польскага Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Марцін Навацкі выступае падчас адкрыцця Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве, Польшча. 22 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Па словах Навацкага, польскі бок гатовы працягваць падтрымку беларускіх бізнесменаў нават тады, калі яны захочуць вярнуцца ў Беларусь пасля паляпшэння там сітуацыі.

«Але я мяркую, што гэта зваротная рэлакацыя беларускіх прадпрымальнікаў будзе частковай. Таму што атрымаўшы тут новы досвед яны будуць уладальнікамі міжнародных кампаніяў, якія з лёгкасцю змогуць працаваць не толькі ў Польшчы і Беларусі, але і па ўсім свеце», – сказаў віцэ-прэзідэнт ZPP.

Як паведаміў каардынатар бізнес-цэнтру Дзмітрый Данільчук, супрацоўнікі пляцоўкі гатовыя кансультаваць беларускіх бізнесоўцаў па заканадаўству, адміністрацыйных працэдурах, падатках, дапамагаць у пошуку партнёраў. Бізнес-цэнтр прадстаўляе добра абсталяваныя працоўныя месцы ў каворкінгу для адкрыцця бізнесаў у Польшчы. Імі могуць скарыстацца акцыянеры, кіраўнікі і адміністрацыйныя супрацоўнікі беларускіх прадпрыемстваў, адказныя за пераезд у Польшчу. А таксама ключавы персанал стартапаў з беларускімі заснавальнікамі, якія зарэгістравалі легальную дзейнасць у Беларусі ці Польшчы. Прадстаўнікі адной кампаніі могуць карыстацца памяшканнем да 6 тыдняў.

Дзмітрый Данільчук, каардынатар Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве, падчас інаўгурацыі дзейнасці арганізацыі. 22 верасня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Апроч таго, беларускія прадпрымальнікі таксама змогуць атрымаць у бізнес-цэнтры ментарскую падтрымку з боку польскіх экспертаў і прыняць удзел у шматлікіх семінарах, вебінарах і трэнінгах у галіне прававых аспектаў, бухгалтарскага ўліку, маркетынгу, камунікацыі, прыцягнення кліентаў, фінансавання і інш. Усе названыя паслугі будуць прадстаўляцца бясплатна.

Дырэктарка USAiD па Беларусі выступае падчас адкрыцця Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве, Польшча. 22 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Адным з фундатараў цэнтру зʼяўляецца ZPP, падтрымку ініцыятыве аказалі таксама USAiD і міжнародная прадпрымальніцкая сетка «PYXERA Global». Выступаючы на адкрыцці цэнтру дырэктарка USAіD па Беларусі Джэна Цёчмэн сказала:

«Беларускае прадпрымальніцтва эфектыўна развівалася і ў Беларусі, але Аляксандр Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб гэта развіццё скончылася. Цяпер такая магчымасць для беларускіх прадпрымальнікаў ёсць у сумежных з Беларуссю краінах і ў прыватнасці, у Польшчы. Мы працягваем падтрымліваць развіццё беларускага прыватнага прадпрымальніцтва.»

Спрыяльнае заканадаўства, высокі ўзровень палітычных і грамадзянскіх свабодаў, законы, якія працуюць, прамы доступ да міжнародных рынкаў робяць Польшчу яшчэ больш прывабнай для беларускіх прадпрымальнікаў пакуль на Беларусі працягваецца зацяжны палітычны крызіс і дэградацыя эканомікі.

Hавiны
Офіс Святланы Ціханоўскай ацаніў маштаб адтоку бізнесу з Беларусі ў краіны Еўразвязу
2022.09.18 09:49

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў