Пераходны кабінет даручыў прадставіць даклад пра гатовасць плану «Перамога»

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі, створаны нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай, 22 верасня даручыў сваім прадстаўнікам да 5 кастрычніка прадставіць шэраг дакладаў, накіраваных на аднаўленне незалежнасці і суверэнітэту краіны.

Здымак мае ілюстратыўны характар. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Гэтак, прадстаўнік у пытаннях законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў павінен падаць даклад аб гатовасці і тэрмінах рэалізацыі плана мабілізацыі «Перамога», а прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык – план арганізацыйнай, інфармацыйнай і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку ва Украіне.

Прадстаўніку ў пытаннях транзіту ўлады Паўлу Латушку даручана падрыхтаваць і накіраваць інструкцыі дзяржаўным служачым, якія заявілі аб гатовасці падтрымаць дэмакратычныя змены ў Беларусі, для наступнай рэалізацыі пры запуску плана «Перамога», а таксама ўнесці на разгляд і зацвярджэнне Кабінету праект палажэння аб наданні вайсковых і адмысловых званняў Беларусі.

Прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі мусіць падаць план дзеянняў для забеспячэння практычных крокаў міжнароднай супольнасці ў падтрыманне намаганняў Кабінету ў абароне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласці і аднаўлення суверэнітэту Беларусі.

Таксама Латушка і Кавалеўскі павінны падрыхтаваць прапановы аб пераглядзе дамоўна-прававой базы стасункаў Беларусь з Расеяй.

Аб’яднаны пераходны кабінет апублікаваў заяву з патрабаваннем вываду расейскіх войскаў з Беларусі

21 верасня Абʼяднаны пераходны кабінет агучыў заяву з патрабаваннем неадкладнага і поўнага вывядзення ўсіх войскаў і ваенных абʼектаў Расеі з тэрыторыі Беларусі.

У дакуменце гаворыцца, што ўсе двухбаковыя пагадненні паміж Беларуссю і Расеяй, якія пагражаюць суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспецы нашай краіны, зʼяўляюцца несапраўднымі.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны