Макей у ААН назваў «галаслоўнымі» абвінавачанні ў бок рэжыму і прапанаваў перамовы ў Беларусі па Украіне


Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей 22 верасня на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН на тэму «Падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі на Украіне» заклікаў да перамоваў дзеля заканчэння вайны ў суседняй краіне.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

Макей заявіў, што ў вайне ва Украіне вінаватыя заходнія краіны, якія нібыта сістэмна ігнаравалі рызыкі бяспекі ў рэгіёне і адмаўляліся ўлічваць інтарэсы іншых краінаў.

«Санкцыі істотна звузілі, у прыватнасці для Беларусі, поле для манеўру ў рэгіянальнай бяспецы», – сказаў Макей, не згадаўшы пра прычыны ўвядзення санкцыяў.

Саму вайну ён услед за ўладамі Расеі называў «спецыяльнай вайсковай аперацыяй». Пры гэтым Макей адзначыў, што рэжым у Беларусі, які надаваў сваю тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну, не з’яўляецца агрэсарам, а ўсе абвінавачанні – «абсалютна беспадстаўныя і галаслоўныя».

«Беларусь прылічаюць да «памагатых агрэсара» ці зусім выстаўляюць бокам канфлікту. Мы казалі і працягваем казаць: Беларусь ніколі не выступала за вайну. Але мы і не здраднікі! У нас ёсць саюзніцкія абавязанні, і мы цвёрда прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца духу і літары міжнародных дамоваў, удзельнікамі якіх мы з’яўляемся», – сказаў міністр.

Паводле яго, рэжым у Беларусі выступае за правядзенне перамоваў адносна канфлікту ва Украіне і гатовы іх правесці ў тым ліку на беларускай тэрыторыі.

«І фінальныя дамоўленасці павінны ўлічваць у тым ліку і інтарэсы беларускага боку», – адзначыў Макей.

І дадаў, што «чым раней гэтыя перагаворы пачнуцца, тым лепш».

ВІДЭА
Аляксандр Лукашэнка вельмі ўстрывожаны. Ці правядзе ён мабілізацыю беларусаў?
2022.09.22 18:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў