Аляксандр Лукашэнка вельмі ўстрывожаны. Ці правядзе ён мабілізацыю беларусаў?


Сотні тысячаў партызанаў плану «Перамога», беларускія жаўнеры ва Украіне, якія ідуць на Менск, а можа здрада сілавікоў не дае спаць спакойна Аляксандру Лукашэнку? Апошнімі днямі ягоныя паводзіны дэманструюць надзвычайную трывогу за свой лёс. Пра гэта сведчыць і змест нарады з Аляксандрам Вальфовічам, дзяржаўным сакратаром Савету Бяспекі Беларусі. З ім Лукашэнка абмеркаваў змены ў канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, магчымыя мабілізацыю і ваеннае становішча ў Беларусі. Наступнай раніцай у Расеі абвесцілі частковую мабілізацыю. Ці правядзе Лукашэнка мабілізацыю і ў Беларусі? Каментуюць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі і Каміль Клысіньскі, эксперт у пытаннях Беларусі ў варшаўскім Цэнтры ўсходніх даследаванняў.

20 верасня ў Палацы незалежнасці было нервова. Адбылася сустрэча Аляксандра Вальфовіча, дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Беларусі, з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны абмеркавалі, як перапісаць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Прычынай таму – нібыта геапалітычная нестабільнасць і змены ў Канстытуцыі пасля рэферэндуму.

У той час у Крамлі паралельна рыхтавалі тэрміновы зварот Пуціна. Інтрыгу трымалі да раніцы наступнага дня. 21 верасня а 9-й паводле Масквы і Менску Расея абвесціла частковую мабілізацыю.

А вось што казаў напярэдадні Лукашэнка:

«Трэба нам узняць па трывозе нейкую вайсковую частку па нормах ваеннага часу, значыць трэба. Трэба адмабілізаваць, каб мы бачылі, ці жывыя тыя людзі, якія прыпісаныя да гэтай часткі, значыць трэба яе адмабілізаваць. Трэба тэрытарыяльную абарону ўзняць, значыць трэба. Трэба народнае апалчэнне праверыць там, на месцы – што гэта за байцы ў нас будуць і якая ў іх зброя, значыць трэба».

Аб’ектыў
Што чакае беларусаў і Беларусь пасля аб‘яўлення Пуціным мабілізацыі?
2022.09.21 22:37

Ці магла нарада Лукашэнкі з Вальфовічам быць звязаная з планамі Пуціна? На думку Каміля Клысіньскага, эксперта ў справе Беларусі з Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве, існуюць нейкія закулісныя ўзгадненні паміж Масквой і Менскам.

«У мяне ўвогуле з лютага склалася гэткае ўражанне, што Вальфовіч мае лепшыя сувязі з Масквой, з расейскай стаўкай, чым Лукашэнка, – кажа Каміль Клысіньскі. – Гэта вельмі прарасейскі генерал, які ўжо дазваляў сабе выказванні апошнія месяцы больш прарасейскія, чым Лукашэнка, якія ішлі далей, чым Лукашэнка казаў. Я б нават не здзівіўся, каб Вальфовіч прыносіў бы Лукашэнку нейкія прапановы ад расейскіх генералаў. А для Лукашэнкі караць Вальфовіча ў цяперашніх рэаліях – гэта самагубства».

Самагубства, бо цяпер ён сам закладнік рэжыму і вымушаны рабіць тое, што абяцаў Маскве ўсе гэтыя гады.

«Можна сказаць, што ён дагуляўся ў гэтак званую інтэграцыю, – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Ягонае жаданне любым чынам, любым коштам захаваць сваю ўладу прывяло да такой фатальнай залежнасці ад Крамля, калі цяпер ён з гэтай каляіны не можа выскачыць. І ён разумее, што акрамя непрыемнасцяў гэтае хаўрусніцтва вайсковае з Расеяй нічога не прынясе. Добра было ў ранейшыя часы трубіць, што «я лягу пад танкі NATO», калі ніякай ваеннай пагрозы ў рэгіёне не было. А цяпер, калі ідзе сапраўдная вайна, то адкруціцца вельмі цяжка. Але Лукашэнка будзе ўсяк старацца і даводзіць Пуціну, што патрэбна трымаць войскі на заходніх межах, каб перадухіліць вось гэты натаўскі ўдар. Я думаю, што ягоны супраціў адпраўкі беларускай арміі ва Украіну будзе яшчэ мацнейшы».

Бо ўсё, што хвалюе Лукашэнку – гэта ўласная бяспека ды, вядома, стабільнасць ягонага трона. У дакуменце аб небяспецы ён адзначае гэта асобным пунктам.

«Усё больш і больш атрымліваю інфармацыю, што тыя «беглыя» і іхныя сваякі тут заляглі ціхенька, адляжаліся, сёння разгортваюць бізнес і наўпрост кажуць пра тое, што вось «мы тут грошыкаў назапасім, а потым мы тут зладзім бучу». А ва Украіне ўжо ствараюцца нейкія не тое палкі, не тое батальёны», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Не тое палкі, не тое батальёны» – гэта добраахвотніцкія фармаванні, створаныя беларусамі для абароны Украіны ў вайне і зрынання рэжыму Лукашэнкі. Найбольш вядомы з іх – полк Кастуся Каліноўскага.

«У выпадку, калі яны пяройдуць украінскую мяжу, мы просім украінскае кіраўніцтва, каб нас паставілі першымі іх сустракаць», – распавядае намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім (Ігар) Кабанчук.

На думку Аляксандра Класкоўскага, асаблівай пагрозы для Лукашэнкі гэткія фармаванні пакуль што не ўяўляюць. Але ж раздражняюць моцна.

«Лукашэнка дэманструе высокую трывожнасць. Нават неадэкватна высокую, я б сказаў. Таму што, кладучы руку на сэрца, не такія ўжо шматлікія на сёння добраахвотніцкія гэтыя фармаванні беларусаў ва Украіне. Па-другое, гэта падраздзяленні ўзброеных сілаў Украіны. Не факт, што Кіеў калі-небудзь наважыцца даць ім каманду пераходзіць беларускую мяжу. Таму што Кіеў, мы бачым, вядзе сваю такую складаную гульню з Лукашэнкам, і нават сёння не хоча цвяліць беларускага правіцеля, таму што Украіне хапае з галавой цяперашняга супрацьстаяння з Расеяй», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Куды страшнейшы для Лукашэнкі мабілізацыйны план «Перамога», які абвесціў «ByPol». Бо калі добраахвотнікі са зброяй яшчэ па той бок мяжы, то прыхільнікам «Перамогі» можа апынуцца любы мінак. Усяго толькі трэба мець тэлефон, чат-бот ды інструкцыі.

«Мы, натуральна, не ведаем, у якой колькасці яны могуць выступаць і выступаюць. Таму што план вельмі патэнцыйны. Ён нерэальны. У сэнсе, што ён яшчэ не дзее, ён рыхтуецца. Але Лукашэнка, натуральна, разумее, што не можа да канца разлічваць і не можа быць упэўнены ў лаяльнасці ўсіх супрацоўнікаў – напрыклад, дзяржапарату. 2020 год паказаў, што прынамсі грамадзянская вертыкаль: МЗС, іншыя эканамічныя ведамствы – там было шмат прыхільнікаў пазіцыі і людзей, якія сумняваліся ў сістэме. Частка з іх сышла, частка засталася. Гэта падарвала давер. Лукашэнка таксама разумее, што «ByPol», галоўны арганізатар плану «Перамога», атрымлівае шмат інфармацыі ад дзейных супрацоўнікаў сілавога сектару з Беларусі», – кажа Каміль Клысіньскі.

Лукашэнка не адчувае сябе ў бяспецы. Ані ўнутры краіны, ані побач з гэтак званым старэйшым братам, які развязаў вайну ва Украіне. Абавязкі, прадугледжаныя дамовамі Саюзнай дзяржавы, папросту не дадуць застацца ўбаку. У гэтым Вальфовіч, які нядаўна сустракаўся з Лукашэнкам, заверыў свайго расейскага калегу Мікалая Патрушава:

«Беларусі не патрэбная мабілізацыя, яна і так ужо мабілізаваная», – заявіў Аляксандр Вальфовіч.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў