Аблавы і хапуны. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 22 верасня

«Белсат» 22 верасня працягвае фіксаваць факты рэпрэсіяў рэжымам Лукашэнкі жыхароў Беларусі.

Затрыманыя жыхаркі Ваўкавыску Людміла Шрубок, Наталля Краўчак і Лілія Юруць. Дзвюх жанчын затрымалі пасля вяртання з Польшчы. Шрубок і Юруць раней затрымлівалі на антываеннай акцыі пратэсту 27 лютага.

У Лідзе затрымалі настаўніцу гімназіі і мясцовага жыхара Руслана Васільева. Жанчыну – за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», мужчыну – за «заклікі супраціўляцца супрацоўнікам міліцыі ў 2020 годзе і за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Васільеву прызначылі 10 содняў арышту.

У Менску затрымалі пастара царквы хрысціянаў веры евангельскай «Ян Прадвеснік» Антонія Бокуна. Затрыманне адбылося ў будынку царквы.

У Менску затрымалі пастара Бокуна

З’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Менску дырэктара праекту «Нязведаная вузкакалейка» Арцёма Слізкага, які займаўся арганізацыяй турыстычных паездак па вузкакалейках.

Паведамляецца пра затрыманне менчука Аляксея Кавальчука. 32-гадовы супрацоўнік кампаніі Artezio удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя» каментары.

У Гомлі затрыманы інжынер-праграміст Мікіта Карпенка. За каментар яго абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу ў распальванні варожасці.

ГУБАЗіК затрымаў менчука Уладзіслава Бялова. 25-гадовы хлопец нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», «прытрымліваўся правых поглядаў» і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Яму прызначылі 15 содняў арышту.

Сілавікі прыйшлі ў офіс сеткі крамаў «Востраў чысціні»

У Менску прайшоў ператрус у офісе сеткі крамаў «Востраў чысціні». Праводзіў яго, імаверна, Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Сэнс прэтэнзіяў і колькасць затрыманых пакуль невядомыя. Партнёры кампаніі не маглі датэлефанавацца да галоўнага офісу ўжо некалькі дзён.

На менскі рынак «Новы Лебядзіны» (Табары) ранкам 22 верасня прыязджаў АМАП. У пакупнікоў і работнікаў рынку правяралі дакументы і затрымлівалі тых, у каго не было беларускага пашпарта: «узбекаў, расейцаў, таджыкаў». Агулам затрымалі 70 мужчынаў і 20 жанчын. Прычыны затрыманняў невядомыя.

Каля 90 затрыманых. У Менску на рынку адбылася аблава на «несваіх» людзей

Вынесеныя прысуды

На 3,5 гады пазбаўлення волі і 4,2 тыс. рублёў штрафу асуджаны 37-гадовы палітвязень з Мазыра Яўген Віславух. Судзілі яго ў Гомельскім абласным судзе за каментары адносна забойства сілавікамі Андрэя Зельцара. Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў.

У судзе Маскоўскага раёну Менску да паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 48-гадовага шматдзетнага бацьку Паўла Ларына. За каментары ў тэлеграме яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі (артыкулы 369 і 368 Крымінальнага кодэксу). Прысуд вынесла суддзя Таццяна Пірожнікава.

Стала вядома, што 26 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі Сяргея Краўчука. Суддзя Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым у абразе Лукашэнкі і агучыла вырак: тры гады «хатняй хіміі». Згодна з абвінавачаннем, Краўчук вусна абразіў яго ў сябе ўдома і ў службовай машыне міліцыянтаў.

Другі працэс у адміністратыўнай справе над праваабаронцай Настай Лойка, якую затрымалі на судзе над анархістамі 6 верасня, прайшоў у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Яе паўторна пакаралі 15-дзённым арыштам. Працэс адбываўся праз Skype. Паседжанне вяла суддзя Юлія Блізнюк, а сведкам быў міліцыянт Талкачоў, які нібыта бачыў «абуральныя паводзіны» дзяўчыны.

Праваабаронцу Насту Лойку зноў пакаралі 15-дзённым арыштам

Суды ідуць

Дзяржабвінавачванне запрасіла 2,5 года калоніі агульнага рэжыму для палітвязня Аляксандра Велясніцкага. Былога вайскоўца пачалі судзіць у «справе Зельцара» 31 жніўня за каментар у сацсетцы: «Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою». Прысуд павінен быць вынесены 26 верасня. На судзе мужчына распавёў, што пры затрыманні яму пагражалі прастрэліць ногі.

Прысуд журналістцы Ксеніі Луцкінай будзе абвешчаны 28 верасня ў 15 гадзін. Пракурор просіць для яе восем год зняволення.

У Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы 41-гадовай Таццяны Колас, якую абвінавачваюць у тым, што нібыта яна перадала асабістыя звесткі тэлеграм-каналу «Черная Книга Беларуси». Судовы працэс вядзе суддзя Алена Шылько.

Ціск на палітвязняў

Палітвязень Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА. Рэгулярныя спагнанні палітыку выпісваюць за адмову прыбіраць прагулачны дворык.

Хвораму на анкалогію палітвязню Паўлу Кучынскаму, якога асудзілі за нібыта абразы Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, суддзі, а таксама пагрозы гвалту да міліцыянта змянілі прысуд у выніку апеляцыі. 7 чэрвеня яго асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а цяпер скарацілі тэрмін на тры месяцы, але дадалі штраф у 3 840 рублёў.

«Няправільныя» медыі і арганізацыі

Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналаў «Задержания, суды в Лиде», «Народны аўтаінспектар Info», «ХОЙники», «Гомельский чат конструктивных изменений», «Гомель 97%», «ПР-Т ПОБЕДЫ ГОМЕЛЬ | Локальный чат» прызнаная «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Таксама такое прызнанне атрымалі кніга Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси XІX – XXI вв», інтэрнэт-крыніца «Belarus union», яе сацыяльныя сеткі, Youtube-канал «Хойники для жизни», Viber-чат «1RegBY», Tik-tok-канал «vladimirovich_live», тэлеграм-чаты «Žyžal», «Media-Polesye.bу» і «Задержания, суды в Лиде ЧАТ».

Віцебскія ўлады ліквідавалі грамадскую арганізацыю «Самакіраванне і грамадства». Арганізацыя праіснавала больш за 11 гадоў і дапамагала мясцовым уладам развіваць мясцовае ўпраўленне і самакіраванне ўсімі. Яе кіраўніком быў палітык і грамадскі дзеяч Хрыстафор Жаляпаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны