Як Штаты могуць дапамагчы ў змаганні з Лукашэнкам? Выступы беларусаў у Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША


Слуханні аб змаганні за справядлівасць і свабоду ў Беларусі 21 верасня прайшлі ў Камісіі бяспекі і супрацы ў Еўропе (Хельсінкскай камісіі) Кангрэсу Злучаных Штатаў. Гэтую камісію стварылі ў 1975 годзе, каб кантраляваць выкананне Хельсінкскіх пагадненняў у галіне правоў чалавека.

Поўны запіс слуханняў даступны на Youtube.

На пачатку слуханняў старшыня Камісіі, сенатар-дэмакрат Бэн Кардын зрабіў агляд падзеяў апошняга года ў Беларусі: відавочная фальсіфікацыя выбараў, арышты і катаванні пратэстоўцаў, захоп самалёта «Ryanair», санкцыі ЗША і Еўразвязу. Сенатар-рэспубліканец Роджэр Ўікер на тых слуханнях назваў Святлану Ціханоўскую легітымным пераможцам выбараў-2020, а пра Аляксандра Лукашэнку сказаў: ён турбуецца толькі пра захаванне ўласнага становішча і зробіць усё, каб застацца ва ўладзе.

Беларускіх экспертаў сабралі, сказаў Кардын, каб даведацца, як Штаты могуць дапамагчы Беларусі. На слуханнях ад Беларусі выступілі прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі, актывістка штабу Віктара Бабарыкі і сястра палітычнай зняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч і медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў. Пасля іхных справаздачаў амерыканскія сенатары дадаткова распыталі выступоўцаў пра сітуацыю ў краіне і магчымыя шляхі падтрымання беларусаў.

Hавiны
«Дэмакратычны свет жывы ў мірных дэманстрантах у Беларусі». Прэзідэнты кажуць пра Беларусь на Генасамблеі ААН
2021.09.21 19:23

Адключыць «Радыё тысячы пагоркаў»

Першы выступіў Серж Харытонаў. Ён расказаў, як iSANS аналізаваў дзейнасць дзяржаўных СМІ ў Беларусі, якіх ён назваў «чэмпіёнамі свету ў закліках да гвалту». Ён адзначыў, што тыя СМІ насамрэч не дзяржаўныя ў звычайным сэнсе, а кантраляваныя наўпрост і ўскосна Аляксандрам Лукашэнкам. Незалежныя медыі, сказаў ён, фактычна забароненыя і «крыміналізаваныя» ў Беларусі. Дзяржаўныя ж медыі Беларусі цяпер «сінхранізаваліся» з расейскімі, прапагандуюць «русский мир».

Медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў. Слуханні аб змаганні за справядлівасць і свабоду ў Беларусі ў Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША. 31 верасня 2021 года. Скрыншот: Helsinki Commission / Youtube

Харытонаў падкрэсліў сістэматычную мову варожасці ў дзяржаўных СМІ Беларусі, заклікі да гвалту супраць мірных пратэстоўцаў, выкарыстанне відэа з палітычнымі закладнікамі і ахвярамі катаванняў – на думку экспертаў iSANS, гэта вельмі нагадвае «Радыё і тэлевізію тысячы пагоркаў» у Руандзе падчас генацыду 1994 года або прапаганду ваеннага часу ў Югаславіі.

Hавiны
Што агульнага ў габрэяў саракавых гадоў мінулага стагоддзя і беларусаў цяперашняга
2021.08.15 13:42

Ён таксама даў пісьмовыя паказанні і рэкамендацыі iSANS для мінімізацыі ўплыву дзяржаўных медыяў Беларусі і іхных «дарадцаў» з Расеі. Харытонаў перадаў прапановы:

  • блакаваць акаўнты дзяржаўных прапагандыстаў у сацыяльных сетках і Youtube;
  • пачаць міжнародны пераслед супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, якія заклікалі да гвалту супраць цывільных асобаў пасля выбараў-2020;
  • прыняць шэраг абмежаванняў адносна крамлёўскай сеткі прапаганды і медыяходынгу «RT» у прыватнасці «за падтрыманне ўзброенага захопу ўлады ў Беларусі».

Не прапусціць найлепшага моманту для перамоваў, пакуль эфект санкцыяў не стаў звыклым

Таццяна Хоміч расказала, што больш за 670 чалавек у Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, што на сярэдзіну лета ў сувязі з пратэстамі ўлады Беларусі завялі 4690 крымінальных справаў.

Актывістка штабу Віктара Бабарыкі і сястра палітычнай зняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. Слуханні аб змаганні за справядлівасць і свабоду ў Беларусі ў Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША. 31 верасня 2021 года. Скрыншот: Helsinki Commission / Youtube

Яна згадала гісторыю выкрадання сваёй сястры, пагрозы Калеснікавай у зняволенні, прысуды ёй, Віктару Бабарыку і Максіму Знаку, а таксама галадоўкі палітвязняў, спробы суіцыду і смерць за кратамі Вітольда Ашурка. Сотні чалавек, казала яна, трымаюць у беларускіх турмах ва ўмовах катаванняў, а колькасць палітвязняў толькі расце.

Рэжым Лукашэнкі, казала Хоміч, прыстасоўваецца да санкцыйнага ціску – калі санкцыі зробяцца нормай, перамоўныя пазіцыі Захаду аслабнуць. Да таго ж, з цягам часу іншыя падзеі адцягнуць увагу сусветнай супольнасці, цікаўнасць да Беларусі страціцца.

Hавiны
Калі санкцыі падзейнічаюць? Якімі будуць новыя? Спыталі эканаміста і палітолага
2021.09.22 08:30

Таму Хоміч заклікала пастаянна назіраць за сітуацыяй у Беларусі, перыядычна правяраць гатовасць уладаў Беларусі да перамоваў і зменаў, а ў зручны момант – да канструктыўных перамоваў з удзелам прадстаўнікоў ЗША і Еўразвязу дзеля спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітвязняў.

Ціснуць на партнёраў Лукашэнкі, у тым ліку ў Расеі і на Блізкім Усходзе

Пасля Хоміч на слуханнях выступіў колішні памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, былы прэзідэнт «Freedom House» Дэйвід Крэмэр. Ён звярнуў увагу на выкарыстанне Лукашэнкам мігрантаў як зброі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама назваў беларускую сітуацыю выпрабаваннем для Захаду і дэмакратычнага свету. Крэмэр заклікаў ніколі не прызнаваць Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі.

Крэмэр адзначыў, што адказ Захаду на дзеянні Лукашэнкі быў сканцэнтраваны на санцыях і заклікаў больш пераследаваць «гаманцоў Лукашэнкі» – у тым ліку расейцаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Уладзіміра Пуціна, казаў ён, трэба папярэдзіць, што падтрыманне Лукашэнкі будзе яму дорага каштаваць.

Hавiны
«Foreign Policy»: Расея разам з Беларуссю выкарыстоўвае мігрантаў як зброю
2021.09.21 10:46

Крэмэр прапанаваў інфармаваць партнёраў ЗША на Блізкім Усходзе і ў Персідскай затоцы аб тым, што «або яны робяць бізнес з намі, або падтрымліваюць беларускага дыктатара, але не і тое і тое адначасова».

Таксама Крэмэр прапанаваў падтрымліваць ахвяраў міграцыйнага крызісу: і краіны, якія прымаюць мігрантаў, і саміх мігрантаў. Таксама ён заклікаў быць гатовымі дапамагчы беларусам, калі Лукашэнка пазбавіцца ўлады, а да таго падтрымліваць няўрадавыя беларускія арганізацыі кшталту «Вясны», Беларускага Хельсінкскага камітэту і Свабоднага тэатру.

Рашэнне Міжнароднага валютнага фонду вылучыць для ўладаў Беларусі эквівалент амаль 1 мільярда долараў на барацьбу з наступствамі пандэміі Крэмэр назваў «ганебным» і заклікаў заблакаваць выкарыстанне гэтых сродкаў.

Hавiны
МВФ запускае «віртуальную місію» для вывучэння сітуацыі ў Беларусі
2021.09.11 13:34

Выкарыстоўваць універсальную юрысдыкцыю

Юрыст Сяргей Зікрацкі паінфармаваў пра абмежаванні правоў і свабодаў у Беларусі з траўня 2020 года, пра сітуацыю прававога дэфолту, крымінальны пераслед за выказванне думкі і катаванні пратэстоўцаў, пазбаўленне беларусаў права на справядлівы суд, палітычную дыскрымінацыю спартоўцаў, медыкаў і педагогаў.

Прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі. Слуханні аб змаганні за справядлівасць і свабоду ў Беларусі ў Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША. 31 верасня 2021 года. Скрыншот: Helsinki Commission / Youtube

Ён заклікаў міжнародную супольнасць да чатырох захадаў:

  • не прызнаваць легітымнасці Лукашэнкі, які відавочна прайграў выбары, не запрашаць на любыя афіцыйныя мерапрыемствы прадстаўнікоў рэжыму, камунікаваць з імі толькі дзеля пачатку патэнцыйнага дыялогу аб правах чалавека;
  • выкарыстоўваць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, у тым ліку прадугледжаныя шэрагам канвенцыяў скаргі на краіны – як то артыкулам 30 Канвенцыі супраць катаванняў і артыкулам 41 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах;
  • расследаваць злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі;
  • працягваць ціснуць на ўлады Беларусі праз прафсаюзы, асацыяцыі медыкаў, журналістаў, юрыстаў.
Артыкулы
«Мы павінны лямантаваць». Чаму Лукашэнку яшчэ не прызналі тэрарыстам, і як у гэтым можа дапамагчы Нюрнбэрг
2021.09.13 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў