«Мы не саступім». Што прэзідэнт Польшчы сказаў пра Беларусь на Генасамблеі ААН


Падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падняў тэму палітвязняў у Беларусі і праблему міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН.
Фота: prezydent.pl

Тэкст выступу Анджэя Дуды на Генасамблеі ААН апублікавалі пад ноч 21 верасня на сайце прэзідэнта Польшчы.

Салідарнасць у барацьбе з пандэміяй і салідарнасць у барацьбе за дэмакратыю

Дуда ў пачатку выступу зрабіў акцэнт на слове «салідарнасць», якое «мы ў Польшчы ведаем з калыскі»: ён нагадаў, што гэтым словам назвалі польскі незалежны прафсаюз, які ў 1980-х выступіў супраць камуністычнай улады і натхніў на барацьбу за дэмакратыю рабочых у іншых краінах.

Прэзідэнт Польшчы пытаў, ці быў свет салідарным належным чынам у час пандэміі каронавірусу і ці дастаткова «багатая Поўнач» зрабіла для краінаў Поўдня, каб дапамагчы змагацца з хваробамі і даць доступ да вакцынаў. Ён раскрытыкаваў недастатковыя высілкі.

Hавiны
«Дэмакратычны свет жывы ў мірных дэманстрантах у Беларусі». Прэзідэнты кажуць пра Беларусь на Генасамблеі ААН
2021.09.21 19:23

Дуда перайшоў ад салідарнасці ў барацьбе з пандэміяй да салідарнасці з нацыямі, якія змагаюцца за свае правы і дэмакратыю, бо, маўляў, «склалася ўражанне, што COVID-19 даў нам лёгка забыць пра шматлікія няшчасці, якія працягваюцца ў розных частках нашай планеты, часта вельмі блізка да нашых дамоў». Ён нагадаў пра беды Сірыі, Лівіі, Эфіопіі, Емену, араба-ізраільскі канфлікт, вайну на ўсходзе Украіны і будаўніцтва расейскага газаправоду «Паўночны паток-2».

«COVID-19 таксама хавае ад многіх людзей тое, што адбываецца ў суседняй з Польшчай Беларусі, дзе са жніўня 2020 года сотні тысяч людзей выходзілі штодзень на мірныя пратэсты, дамагаючыся толькі аднаго: павагі да вынікаў выбараў, – казаў Дуда з трыбуны Генасамблеі ААН. – Замест гэтага яны сутыкнуліся з міліцэйскімі дручкамі, слезацечным газам, а нярэдка з кулямі з боку рэжыму, які бараніў сябе ад уласнага народу».

Што кепскага зрабілі беларускія палітвязні?

Анджэй Дуда нагадаў пра больш як 650 палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах – назваў іх патрыётамі, якія хацелі толькі мець магчымасць выбраць свайго лідара.

Анджэй Дуда падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН.
Фота: prezydent.pl

Прэзідэнт Польшчы згадаў пра прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку (10 і 11 гадоў зняволення), пра зняволенне лідараў польскай меншасці Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

Артыкулы
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адрэагаваў на прысуд Калеснікавай і Знаку
2021.09.06 22:10

Дуда запатрабаваў не толькі вызвалення беларускіх палітвязняў, але і большай салідарнасці ад міжнароднай супольнасці з жыхарамі Беларусі, «якія проста хочуць сумленнай дзяржавы, сумленнай дэмакратыі».

«Што такога кепскага зрабілі гэтыя людзі? Нічога, – заявіў Дуда. – Яны хацелі таго ж права на выбар улады, якім карысталіся французы, палякі, амерыканцы, карэйцы, аўстралійцы, або жыхары Аргентыны, або ЗША. Яны хацелі свабодных выбараў, за якія выступаюць многія з нас, прэзідэнтаў вольнага свету, і важнасць якіх так выразна падкрэсліла Генеральная Асамблея ААН у серыі гістарычных рэзалюцый «Падвышэнне эфектыўнасці прынцыпу перыядычных і сапраўдных выбараў».

У Польшчы знайшлі прытулак 150 тысяч беларусаў, а беларускі рэжым бароніцца ад дэмакратычных краінаў

Дуда звярнуў увагу на тое, што кажа ўсё гэта як лідар краіны, дзе 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу, у тым ліку тысячы ўдзельнікаў пратэстаў. Ён нагадаў, як казаў беларусам (па-беларуску), што Польшча іх вітае і будзе іх домам, калі ім гэта будзе неабходна.

Артыкулы
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда – беларусам: пачувайцеся тут як дома
2021.08.31 14:03

«Аднак салідарнасць таксама мае сваю цану, – зазначыў Дуда. – Бо рэжымы абараняюцца не толькі ад уласных грамадзянаў, але і ад дэмакратычных дзяржаваў».

Адказам аўтарытарнага рэжыму Беларусі, сказаў ён, стала «беспрэцэдэнтная гібрыдная атака на мяжы з Польшчай, Латвіяй і Літвой»: ужо шмат тыдняў рэжым Аляксандра Лукашэнкі «прывозіць у сваю краіну дзясяткі тысячаў адчайных жыхароў Блізкага Усходу, якіх прымушае пераходзіць нашыя межы пад міліцэйскімі дручкамі і спрабуе выклікаць штучны гуманітарны крызіс».

Да прапановаў гуманітарнай дапамогі ўцекачам беларускі рэжым «глухі», заявіў Дуда, а да саміх мігрантаў беларускі рэжым «ставіцца як да пешак у палітычнай гульні», зневажае іхныя правы. Але Дуда паабяцаў, што не саступіць у гэтым крызісе, бо «не згодны з інструментальным абыходжаннем з мігрантамі».

АД/АА, belsat.eu

Стужка навінаў