Палітвязень Максім Знак напісаў за кратамі «Зэкамерон» і яшчэ дзве кнігі


Палітвязень Максім Знак, які адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення ў калоніі «Віцьба-3» пад Віцебскам, напісаў тры кнігі, адна з якіх называецца «Зэкамерон». Пра гэта выданню «Настоящее время» расказаў бацька палітвязня Аляксандр Знак. Ён паведаміў, што лісты ягоны сын атрымлівае толькі ад бацькоў.

«Калі яму пісалі тысячы людзей, то разумееце, якую падтрымку і энергію ён адчуваў! Вынікам гэтай падтрымкі сталі тры напісаныя кнігі. Адна «Зэкамерон» – я лічу, што з часам многія зразумеюць, што гэта добрая літаратура.

Другая, пра юрыстаў, яшчэ нідзе не надрукаваная, яе трэба рэдагаваць і аддаваць у друк. І трэцяя – фантастычная аповесць, але яе ён толькі прыслаў», – расказаў бацька палітзняволенага юрыста Максіма Знака.

Паводле Аляксандра Знака, Максім працягвае насіць у калоніі жоўтую бірку «палітычнага», але званкоў яму не забаранілі, таму тэлефануе чатыры разы на месяц.

«Тэлефануе ён па чарзе: жонцы, мне, сястры, сыну – раз на месяц хтосьці з нас дзесяць хвілінаў можа з ім пагаварыць», – распавёў Аляксандр Знак.

Зарабіў за месяц 46 капеек

Бацька палітвязня расказаў, што ва ўмовах узмоцненага рэжыму яму дазваляюць атрымаць адну пасылку на чатыры месяцы, і не больш за 50 кг.

«Умоваў захоўвання там, вядома няма, – кажа Аляксандр Знак. – Ёсць адна лядоўня на 30 чалавек, але можаце сабе ўявіць, колькі ў ёй месца на кожнага чалавека. Таму мы стараемся перадаваць сухафрукты, арэхі, нейкую сухую каўбасу, якая не патрабуе адмысловых умоваў захоўвання. Каб парадаваць, самі солім чырвоную рыбу, адпраўляем сыру кавалачак, які можа ўлезці ў гэты халадзільнік, цукерак нейкіх.

Хоць у апошні час я з ім дамовіўся, што ён ужо не маленькае дзіця, абыдзецца без цукерак. Лепш сала кавалачак з’есць», – кажа бацька Максіма Знака.

Ён расказаў, што зняволеным у калонію можна адпраўляць грошы: тым, хто на ўзмоцненым рэжыме, дазваляюць перавесці 160 рублёў, ці 63,5 долара. Але пасля таго, як Максіма ўнеслі ў спіс «датычных да тэрарызму», з пераводам грошай узніклі праблемы.

Аляксандр Знак распавёў, што за апошні месяц сын зарабіў на зоне ўсяго 46 капеек.

Максіма Знака і Марыю Калеснікаву судзілі 6 верасня 2021 года. Былыя ўдзельнікі выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сябры прэзідыуму Каардынацыйнай рады былі прызнаныя вінаватымі ў змове з мэтай захопы ўлады, закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або кіраванні ім. Прысуд агучыў суддзя Сяргей Епіхаў: Марыі Калеснікавай – 11 гадоў зняволення, Максіму Знаку – 10 гадоў.

зона.бел
«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы
2022.07.31 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў