На першым энергаблоку БелАЭС завяршыўся рамонт. Ён цягнуўся амаль 4 месяцы

Міністэрства энергетыкі аб’явіла аб завяршэнні рамонту першага энергаблоку БелАЭС. Яго спынілі на рамонт 25 красавіка і планавалі ўключыць у сетку ў ліпені. Аднак рамонт цягнуўся на 39 дзён даўжэй за запланаваны.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь. Фота: ВК / Белсат

«У рамках планавых работ, якія адбыліся на энергаблоку, выкананы рамонт асноўнага абсталявання рэактарнай устаноўкі, турбагенератара, галоўных цыркуляцыйных помпаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, ажыццёўлена першая перагрузка адпрацаванага ядзернага паліва. Заменена 48 са 163-х цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам. Праведзена дыягностыка каля 3 тысяч тэхналагічных сістэм і адзінак абсталявання.

У ведамстве адзначылі, што цяпер на БелАЭС выконваюцца перадпускавыя аперацыі з наступным наборам магутнасці рэактарнай устаноўкі і ўключэннем блока ў сетку.

Цяпер другі энергаблок Беларускай атамнай станцыі праходзіць стадыю пусканаладачных працаў. Запуск плануецца ўжо сёлета, паведамляў у траўні намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

СЭРН плануе скасаваць пагадненне пра супрацу з Беларуссю і Расеяй

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны