Адказнасць за смерць Дар'і Дугінай узяла на сябе расейская «Нацыянальная рэспубліканская армія»


Падрыў аўтамабіля з Дар’яй Дугінай на Мажайскай шашы ў Падмаскоўі быў партызанскай акцыяй супраціву крамлёўскаму рэжыму. Пра гэта заявіў у праграме «Утро февраля» расейскі апазіцыянер Ілля Панамароў, які цяпер на тэрыторыі Украіны. Панамароў паведамляе, што адказнасць за тое, што адбылося, узяла на сябе «Нацыянальная рэспубліканская армія» (НРА).

У маніфесце НРА, які агучыў Ілля Панамароў, гаворыцца, што ўдзельнікі руху – расейскія актывісты, вайскоўцы, палітыкі, «цяпер байцы і партызаны». Арганізацыя абвесціла Уладзіміра Пуціна «ўзурпатарам улады і ваенным злачынцам, які зламаў Канстытуцыю, развязаў братазабойчую вайну паміж славянскімі народамі і адправіў расейскіх жаўнераў на бессэнсоўную смерць».

Чыноўнікі расейскага ўраду і рэгіянальных адміністрацыяў, сілавікі абвяшчаюцца «памагатымі ўзурпатара».

«Мы ладзім акцыі толькі супраць асобаў гэтай улады. Мы не будзем атакаваць цывільных абʼектаў і мірных грамадзянаў. Нашая мэта – спыніць знішчэнне Расеі і яе суседзяў, спыніць дзейнасць купкі крамлёўскіх дзялкоў, якія прысмакталіся да багаццяў нашага народу і чыняць злачынствы ўнутры краіны і за яе межамі. Свет – не вораг Расеі, а Расея – не вораг чалавецтву, і мы дакажам гэта справай», – заяўляюць чальцы «Нацыянальнай рэспубліканскай арміі».

НРА заклікае вайскоўцаў расейскай арміі перастаць страляць у «нашых братоў з іншых краінаў».

Ілля Панамароў сказаў, што ў апошнія месяцы НРА правяла ў Расеі «многія іншыя партызанскія акцыі прамога дзеяння», аднак не ўдакладніў, пра акурат якія вядзецца гаворка.

Панамароў заявіў пазней, што ад прадстаўнікоў НРА першае паведамленне прыйшло 20 жніўня. У наступным паведамлялася пра смерць Аляксандра Дугіна і ягонай дачкі. Крыху пазней высветлілася, што сам Дугін не пацярпеў, але людзі, якія ладзілі акцыю, сцвярджаюць, што ў аўтамабілі былі два чалавекі. Расейскія ўлады дагэтуль не прызналі смерць чалавека, які быў у салоне аўтамабіля з Дугінай.

20 жніўня аўтамабіль дачкі расейскага філосафа і палітолага Аляксандра Дугіна выбухнуў падчас руху на Мажайскай шашы ў Падмаскоўі каля паселішча Бальшыя Вязёмы. Дарʼя Дугіна загінула. 30-гадовая жанчына займалася журналістыкай, філасофіяй і паліталогіяй і ў ліпені 2022 года была ўключаная ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

Hавiны
У Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль дачкі расейскага філосафа, «мазгоў Пуціна» Дугіна. Дзяўчына загінула
2022.08.21 09:42

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў