Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі


За 2020 год беларусы запісалі не менш як паўтысячы песень пратэсту. Хтосьці з музыкаў пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю цягам 2020-21 гадоў, хтосьці з’ехаў ад пераследу ці пасля палітычнага пакарання. Усім ім няпроста, але творцы кажуць не толькі пра страх, але і пра надзею ды ўнутраную свабоду.

Піт Паўлаў на дваровым канцэрце ў Менску. 3 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Падчас палітычнага крызісу 2020-21 гадоў з Беларусі з’ехалі шмат якія музыкі: гурты «Naviband» і «Разбітае сэрца пацана», лідары панк-гуртоў «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў і «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі, лідар металістаў «Gods Tower» Лэслі Найф (яго ў Беларусі асудзілі на «хімію» за «абразу чыноўніка») і многія іншыя. Але шмат хто застаўся на радзіме, нягледзячы на адчуванне небяспекі. Ім як можа дапамагае Беларуская рада культуры.

«Белсат» працягвае пытаць беларусаў, як жыць будзем. Цяпер размаўляем з музыкамі.

Сумнае і цяжкае лета

Музыка аднаго з маладых рок-калектываў на ўмовах ананімнасці расказвае «Белсату»: ніхто з гурта не плануе з’язджаць, хоць некаторыя маюць прысуды паводле «народнага» артыкулу за «несанкцыянаваную акцыю». Гэты гурт запісаў у 2020 годзе некалькі песень, якія можна аднесці да пратэставых. І цяпер спадзяецца на лепшае ды піша новыя песні.

«Гэтае лета – адно з самых сумных у жыцці і асабістым, і прафесійным. Не адбылося ніводнага канцэрту, у перспектыве таксама не відаць офлайн-сустрэчаў ні ў клубах, ні на фэстах», – расказвае творца і дадае, што праз скасаванне канцэртаў сёння падтрыманне вельмі патрэбнае ці не кожнаму беларускаму гурту.

Супольная песня некалькіх беларускіх музыкаў, не звязаная з гэтым гуртом

Як падтрымаць? Можна не толькі наўпрост (напрыклад, праз сэрвіс «Bandcamp») пераводзіць грошы ўпадабанаму выканаўцу і не толькі набываць сувеніры з лагатыпам, але і проста слухаць музыку на легальных стрымінгавых платформах (напрыклад, «Spotify»), можна дзяліцца музыкай у сацыяльных сетках. А можна і проста ўключаць яе на працы ці ў машыне: а раптам хтосьці яшчэ не звяртаў увагу на тое, што ў краіны ёсць свае музыкі?

«Уратаваць нас сёння можа толькі ўвага кожнага», – адзначае творца.

Цяпер цяжка, але ўсё недарэмна

Спявак Піт Паўлаў – лідар гурта «N.R.M.» і заснавальнік некалькіх уласных праектаў – застаецца ў Беларусі, хоць разумее, што любое ягонае слова можа стацца нагодаю для арышту, «кожнае слова можа быць апошнім». Скажаш, што граеш канцэрты, – могуць арыштаваць. Скажаш, што граць немагчыма, – могуць арыштаваць.

Паўлаў кажа, што жыве звычайным жыццём і мае планы на будучыню. Рэпрэсіі – звыклы стан рэчаў, бо «N.R.M.» быў ці не першым забароненым гуртом. Ды цяпер любому музычнаму гурту складана: канцэртаў няма, праблемна рэпетаваць, здымаць кліпы. Ён кажа, што будзе рады не толькі фінансавай, а проста фізічнай дапамозе.

З’ехаць? Паўлаў кажа, што думаў пра гэта: ён і так усё жыццё ў дарозе, любіць бываць у Польшчы, любіць Стакгольм, доўгі час жыў у Берліне… Але там ніхто асабліва не чакае, трэба будзе навязаць сябе краіне, бо «проста за прыгожую бараду» ўтрымліваць не стануць.

«Тут я на сваім месцы, а там буду выконваць нейкую ролю, – кажа Паўлаў пра пераезд за мяжу. – Натуральна, ёсць у галаве нейкія прыклады, што можна граць канцэрты за мяжою для беларусаў і тых, хто цікавіцца беларускім пытаннем, а такіх людзей цяпер дзясяткі тысячаў. Але больш за ўсё я люблю граць канцэрты тут, а туды – заязджаць і вяртацца. Гэта не прынцыповая пазіцыя, гэта такі збег абставінаў. Але калі ў вас ёсць прапанова нейкая – прыедзем і зайграем».

У народнай памяці з часу звышпапулярнасці «N.R.M.» захаваліся «Тры чарапахі» ды іншыя песні. Памятаюць і «Простыя словы» з «Народнага альбому». Гэтыя песні спявалі на сотнях дваровых канцэртаў, а больш новыя песні Паўлава ведаюць ужо далёка не ўсе слухачы.

«Усё папярэдняе жыццё было прыступкаю да таго, што адбываецца цяпер, – разважае музыка. – Усё ідзе не долу, а ўгару. Цікавасць нарастае, увага больш пільная, людзі пачынаюць лавіць сэнс тэкстаў. Асабліва на дваровых канцэртах слухалі тэксты маіх песень «Прамень», «Мроя мая», песень з праекту «Зброя. Золата. Кабеты». Нарэшце рассмакавалі гэтыя словы. У мяне было ўражанне лёгкай эйфарыі ад гэтага ўсяго».

На думку Піта Паўлава, у рэжыму Лукашэнкі ўжо «смяротная траўма», ніякіх шанцаў выкараскацца няма. Але песень, якія заклікалі б на барацьбу з рэжымам, ён не пісаў, хоць і спяваў пра Валадарку ды рабіў відэаўрокі, як граць гіты пратэсту. Маўляў, ніколі і не пісаў песень-заклікаў – толькі песні, інспіраваныя падзеямі вакол.

Цяпер Паўлаў ужо падрыхтаваў новыя песні, яны на стадыі звядзення і мантажу. Кажа, нават калі яго затрымаюць, гэта толькі паскорыць выхад трэкаў.

Беларускім музыкам у Беларусі бракуе салідарнасці

Лідар фолк-мэтал гурта «Зніч» Алесь Таболіч на выбарах 2020 года быў патэнцыйным кандыдатам нумар 13, ладзіў пікеты, выказваўся супраць гвалту і падтрымаў беларускую культуру. Цяпер адзначае: пасля затрымання і крымінальнай справы супраць гурта «Irdorath» ніхто ні ў якай бяспецы быць не можа. Згадвае і прысуд музыку Лэслі Найфу за «абразу чыноўніка», і зняволенне мастака Алеся Пушкіна. У небяспецы ўсе беларусы: няясна, за што якія крымінальныя справы «шыюць» на людзей.

Алесь Таболіч падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. 2 чэрвеня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Страшна за будучыню, бо не зразумела, што адбываецца, якія ёсць спісы, хто можа і хто не можа выступаць», – кажа Таболіч.

Пры тым ёсць і дазволеныя гурты, і людзі, якія ладзяць больш фэстаў, чым раней: у ліку такіх Аляксандр Рак, які праводзіць «Наш Грунвальд» ды іншыя імпрэзы. А «пад санкцыі», адзначае Алесь Таболіч, трапіла нават і шмат папсы, і некалькі знакамітых на ўвесь свет фолк- ды этна-гуртоў. Ці ўдасца «Знічу» зладзіць юбілейны канцэрт, ён не ведае: ёсць адчуванне, што ўся альтэрнатыўная і ўся беларускамоўная музыка цяпер пад пытаннем.

«Вельмі вялікая ўвага надаецца таму, што па-за межамі Беларусі: якія фэсты там робяцца, якія гурты выступаюць, хто з’ехаў. А пра тых, хто застаецца ў Беларусі, хто піша песні, нічога не кажуць, – наракае музыка. – Кажуць пра салідарнасць з Беларуссю, але калі шчыра, для беларусаў гэтай салідарнасці няма».

Хоць ад навінаў у Беларусі «сівым хутка станеш», з’язджаць Таболіч не збіраецца, бо, пакуль застаецца ў Беларусі, адчувае сябе беларусам. Былі і замежныя канцэрты ды цэлыя туры, і хочацца зноў паказаць сваю творчасць за мяжой, але да апошняга «хочацца верыць, што нешта будзе змяняцца ў нашай краіне». Да таго ж, на думку Алеся, беларусы ўжо забываюць, што «маюць нейкую сваю частку культуры». На пытанне, што ведаюць з беларускай музыкі, шмат хто зноў паціскае плячыма.

Артыкулы
Кліп на песню «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім
2021.08.23 14:58

«Я б хацеў застацца»

Берасцейскі дуэт «Laudans» нядаўна запісаў песню пад назвай «Я б хацеў застацца», прысвяціў яе ўсім, хто любіць Беларусь, чыё сэрца пусціла тут свой парастак. Музыкі Андрэй Лугін і Алена Палачанская цяпер у Беларусі ды пачуваюцца адносна бяспечна. Падставаў перажываць не было, але цяпер «кожны чалавек, ідучы дадому, азіраецца ў бакі, ці не чакаюць яго».

«Любыя падзеі ўплываюць на творчасць, але ў нашым выпадку гэта не негатыўна: мы выказваем у песнях тое, пра што думаем і пра што перажываем, – кажа Андрэй. – Пішуцца песні, робім канцэрты, за апошні час сыгралі некалькі адносна спакойных і добрых імпрэзаў на тэрыторыі касцёлу».

Палітычныя падзеі і палітыкі не робяць адбітку на творчасці, тлумачыць музыка: гурт намагаецца камунікаваць з беларусамі і «ўсімі шчырымі людзьмі» – яны і робяць адбітак.

Глабальных планаў дуэт цяпер не робіць: з’явілася перажыванне – паўстала песня – запісалі і выдалі. Хацелі б выехаць за мяжу і даць некалькі канцэртаў, але не з’язджаць надоўга. Андрэй кажа, што глядзіць у будучыню з аптымізмам: верыць, «што вось-вось». Хоць і перажывае за тых, каму цяжэй, хто за кратамі ці ў каго за кратамі блізкія людзі.

«Але ёсць музыкі, якія з’язджаюць за мяжу. Бачым па іх, што творца – самы звычайны чалавек, які можа ўзяцца за іншую працу, калі давядзецца. Мы таксама не адчуваем, што калі раптам скончыцца музыка, мы не будзем ні на што здольныя. Вядома, здольныя», – разважае Андрэй.

Калі заставацца ў Беларусі – выступаць магчыма, але трэба правесці рысу для сябе

Палова рэгі-дуэту «Place To Be» з’ехала, бо «ў нашай краіне цяпер, нават калі ты думаеш не так, як камусьці хочацца, ты ўжо не ў бяспецы». Пагатоў у небяспецы тыя, хто выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю і «называў белае белым, чорнае – чорным».

Але і за мяжою цяжка думаць пра творчасць, калі стаіць пытанне, як знайсці працу і што будзеш есці заўтра. Ды такія пытанні неўзабаве могуць паўстаць і ў Беларусі.

«Наагул з’язджаць цэлым творчым калектывам лягчэй, – разважае ўдзельнік дуэту. – Музыкі – звычайныя людзі, сам факт падтрымання адно аднаго мае значэнне. Аднаму цяжэй, кім бы ты ні быў. Бо трэба пачынаць нанова. Я ведаю цэлы шэраг праектаў, у якіх хтосьці з’ехаў, хтосьці застаўся. І гэта значыць, што ўсе гэтыя праекты або на паўзе, або завяршылі сваю дзейнасць. Гэта велізарная страта для беларускай музыкі!»

Творца кажа, што ў Беларусі застаецца магчымасць выступаць і пісаць песні, але песнямі пратэсту лепей не дзяліцца тым, хто застаецца на радзіме. Напалову таемны канцэрт зладзіць цяжка, бо нават выступ у бары ўжо «ў вобласці бачнасці і дасяжнасці». А інтэрнэт-канцэрты не маюць такой каштоўнасці ды энергетыкі. Выступаць на дзяржаўных фэстах ён не стаў бы, бо гэта пасіўная актыўнасць. Кожнаму даводзіцца вызначаць нейкую рысу, за якую лепей не заходзіць, каб адчуваць сябе камфортна.

Калі пераязджаць, то куды лепей?

Спявачка Руся ў нулявых была вакалісткаю рок-гурту «Indiga», брала ўдзел у фолкавым праекце «Akana-NHS». У 2011 годзе стварыла праект «Šuma», у якім сучасная электронная музыка накладаецца на фальклорныя і абрадавыя спевы. Увосень 2020-га яна з’ехала ва Украіну, бо адчувала небяспеку на радзіме, а ў суседняй краіне бачыла блізкія культуру і менталітэт. Сабралася за 24 гадзіны, з’ехала з маці і малою дачкою.

Руся кажа, што зарабляе не музыкаю: працуе вакальнаю тэрапеўткай і займаецца мабільнаю праграмаю «Vocal Image» – прыватным трэнерам у кішэні. Праз гэта з працаю пасля пераезду не так цяжка, яна працуе онлайн. Але пераезд усё роўна шмат каштаваў.

«Што было цяжка, дык гэта змірыцца з тым, што ўсё напрацаванае раней абнулілася з пераездам: «Šuma», культурніцкія праекты, даследаванні ў этнаграфіі, – расказвае яна. – Цяпер тут, у Кіеве, я ўсё пачынаю наноў, з чыстага аркуша. Гэта крыху балюча».

Руся плануе жыццё на месяц – два наперад: «няма такой опцыі» – рабіць доўгія планы. Але спадзяецца, што вярнуцца дамоў можна будзе цягам бліжэйшага года ці двух, «калі гэта ўсё скончыцца». Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, яна вяртацца не гатовая.

Ці Украіна – найлепшае месца для пераезду музыкаў? Руся разважае. Ва Украіне прасцей асімілявацца, але гэта добрае месца для тых, хто мае моцны характар і гатовы «ўставаць і фігачыць», прыкладаць намаганні дзеля выніку: «тут не так памяркоўна, як у Беларусі». У Еўропе прасцей тым, хто з’язджае адзін. Але ў іншых еўрапейскіх краінах можа быць лепей наладжаная сістэма шоу-бізнесу: у Польшчы, Нямеччыне ці Чэхіі прасцей знайсці працу ў музыцы.

Песні «Šuma» – па-беларуску, але музыка такая, што спрацоўвае і на слухачах, якія не ведаюць беларускай мовы. Чаму б тады не кінуць прывязку да Беларусі і цалкам пераарыентавацца на заходнюю аўдыторыю?

Руся крыўдзіцца: разынка творчага чалавека менавіта ў роднай культуры, а фінансавая частка музыкі яе мала непакоіць, яна кайфуе ад таго, што робіць і як распавядае пра беларускую культуру. «Быць беларусам робіцца модна», перакананая яна. Да таго ж, ёй пішуць беларусы, якія з’ехалі, што музыка «Šuma» ім як «масточак да дому».

У Польшчы ўжо ёсць Рэзідэнцыя арт-тэрапіі

Лідар этна-гурта «Vuraj», заснавальнік Спеўных сходаў і доўгага шэрагу культурніцкіх праектаў Сяржук Доўгушаў яшчэ з 2015 года ездзіў то ў Польшчу, то ў Злучаныя Штаты, а цяпер ладзіць у Польшчы Рэзідэнцыю арт-тэрапіі для беларускіх творцаў. Пераезд для яго – звыклая сітуацыя і магчымасць займацца папулярызацыяй беларускай культуры ў нястрэсавых умовах.

Рэзідэнцыя ўзнікла 3 жніўня 2021 года. Гэта не проста будынак, дзе можна адпачыць, а праект-летнік, які дае эмацыйную і фізічную падтрымку беларускім творцам. Там працуюць і тэрапеўты, і рэжысёры. Нядаўна ў рэзідэнцыі стварылі «Эмацыйную оперу па-за гульнёй»: за тыдзень заняткаў людзі разам пражывалі свае эмоцыі, пісалі, малявалі – неўзабаве прэзентуюць вынік.

Сярод музыкаў, якія з’ехалі, Доўгушаў бачыць чаканне моманту, калі можна будзе вярнуцца на радзіму. Тых, хто хоча застацца за мяжою назаўсёды, ён не ведае. Пакуль жа сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, павышаецца канцэнтрацыя негатыву, але Сяржук перакананы: гэта не можа трываць доўга, пасля жахлівай ночы абавязкова будзе ранак.

АА belsat.eu

Стужка навінаў