«Не дапамог украінскай рэвалюцыі – дапамагу беларускай»: малады ўкраінскі мастак малюе Беларусь


Украінскі мастак вучыць беларускую мову і робіць плакаты, прысвечаныя беларускай рэвалюцыі. «Белсат» паразмаўляў з маладзёнам і даведаўся, чаму яго так натхняе беларушчына.

Мастак, які называе сябе Майк БУР (беларус, украінец, расеец), не выдае свайго сапраўднага імя: саромеецца і кажа, што не хоча рабіць сабе рэкламы. Пра тое, што ён малюе плакаты, не ведае нават сям’я.

Майку 19 гадоў, вучыцца на хіміка-тэхнолага харчовай і касметычнай прамысловасці. Кажа, што атрымаць працу ў гэтым кірунку марыў усё жыццё. Аля цяпер з’явілася яшчэ адна мара – стаць дызайнерам.

– Мяне проста зацягнула ў гэты новы свет мастацтва – графічнага дызайну і беларускай культуры. Я нібы падарожнічаю па сваёй уласнай душы і адкрываю кантыненты, пра існаванне якіх нават не здагадваўся. А яшчэ заўсёды цікавей падарожнічаць з сябрамі – вядомымі беларускімі мастакамі, якія таксама не пабаяліся выступіць супраць злачыннай улады дыктатара, узброеныя пэндзлямі, алоўкамі, стылусамі, папераю, планшэтамі.

У Instagram-акаўнце Майка можна ўбачыць шмат працаў, прысвечаных і Беларусі. Але ж чаму малады ўкраінец так захапіўся беларушчынаю?

– Калі ў Беларусі былі выбары прэзідэнта, я паставіўся да гэтага скептычна, маўляў, Лукашэнка пераможа чарговы раз. Але калі тысячы беларусаў выйшлі на мітынгі, мяне гэта здзівіла. На момант украінскага Еўрамайдану мне было 11 гадоў. Я перажываў за гэтыя падзеі, але з мяне наўрад ці быў бы толк. І вось, убачыўшы, што адбываецца ў Беларусі, я падумаў: не ўдалося дапамагчы ўкраінскай рэвалюцыі – дапамагу беларускай. І стаў маляваць плакаты.

Наведаць Беларусь Майку пакуль не пашчасціла, але вельмі хоча з’ездзіць у нашую краіну пасля перамогі беларускага народу. Маладзён моцна перажывае за тое, што адбываецца ў Беларусі, і ўвесь час сочыць за развіццём падзеяў. Кажа, нават адчувае ў сабе беларускае карэнне.

– Калі пасадзіць лісточак у зямлю, ён можа даць карані і неўзабаве стаць паўнавартасным дрэвам. Нешта падобнае здарылася і са мной. Я трапіў на рэвалюцыйны грунт, і ў мяне з’явіліся беларускія карані. За час беларускай рэвалюцыі мяне вельмі цешыла ўласна тое, што яна так доўга працягвацца! Я шчыра дзіўлюся стойкасці і сіле духу неймавернага беларускага народу. Але былі і кепскія ды шакавальныя моманты. Як на мяне, АМАП забіваў беларусаў больш цынічна, чым у свой час «Беркут» – украінцаў.

Хлопец распавёў, што натхняецца працамі Уладзіміра Цэслера і марыць прывезці ў Беларусь уласную выставу. Але сціпла заўважае, што да гэтага яму яшчэ працаваць і працаваць:

– Ёсць працы, на якія я марную 5–10 хвілінаў. А ёсць такія, што займаюць каля месяца. Мая любімая праца – «Беларускі кавун». Нядаўна я купіў кавун, бо які жнівень без яго. Калі стаў разразаць, з яго выпала насенне з дзвюма драпінамі ў выглядзе вачэй! Мне стала неяк не па сабе. І адразу ўспомніліся амапаўцы – ува ўсім чорным. Так і зʼявілася карціна.

За час размовы з Майкам выявілася, што хлопец цудоўна валодае беларускаю моваю. Вывучыў сам з дапамогаю «Google Translate»: спачатку перакладаў кожнае слова, а потым стаў паволі запамінаць іх.

– Беларускую мову я вывучыў вельмі скора – яна падобная да ўкраінскай. Складанасцяў не было. Тым, хто вучыць беларускую мову, я б параіў чытаць паболей беларускамоўных паблікаў, як «Белсат», Symbal.by, або спрабаваць гутарыць з сябрамі на беларускай.

Майк папрасіў перадаць некалькі словаў нашым чытачам:

– Беларусы, за апошні час вы змаглі давесці не толькі большасці свету, а і самім сабе, што вы не шрубкі ў машыне дыктатара, а сапраўдная нацыя, якая стаіць на адным узроўні з астатнімі. Кожны з вас змяніўся за гэты няпросты год. Я амаль вывучыў беларускую мову і даволі нядрэнна магу на ёй размаўляць! Хачу зрабіць націск на тым, што перамога рэвалюцыі – гэта не самае галоўнае. Трэба таксама перасцерагчы вяртанне прадыктатарскіх сілаў ды інтэрвенцыю пуцінскай Расеі. Менавіта гэта дапаможа замацаваць дэмакратыю ў Беларусі. Я не стану казаць, што вы неймаверныя. Вы гэта і так ведаеце.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў