Былога падпалкоўніка міліцыі, які адсядзеў 32 содні, зноў затрымалі


Былы падпалкоўнік міліцыі з Іўя Гродзенскай вобласці Пётр Будзько.
Фота: «Народная Воля»

Пятра Будзько зноў затрымалі. Імаверна цяпер ён знаходзіцца ў гарадзенскім КДБ.

Яго затрымалі 20 жніўня ў Іўі. Пятра Буцько пазбавілі звання праз палітычныя погляды не зважаючы на тое, што спадар адслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў, паведамляе «Народная Воля».

Пасля затрымання, якое адбылося наўпрост на месцы працы, у Пятра Будзько сілавікі зладзілі вобшукі на працы, дома і на лецішчы.

У снежні 2020 года Пётр Браніслававіч адседзеў 32 сутак па артыкуле 23.34 КаАП. На адным з судоў ён заявіў, што калі ў краіне нічога не зменіцца, то працягне выходзіць на акцыі.

Год таму пасля выбараў спадар быў у Менску і на свае вочы пабачыў, што рабілі сілавікі з тымі, хто выйшаў на пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання:

«Пераканаўся тады, што мае калегі бессаромна парушаюць Закон, – распавядае былы міліцыянер. – Людзі выказвалі свае законныя патрабаванні, а іх за гэта білі, цягнулі ў аўтазакі».

Пятра Браніслававіча так кранулі падзеі ў сталіцы, што ён пачаў браць удзел у сваім горадзе, Іўі.

«Пасля падзей у Менску зразумеў, што ў краіне не стала Закона. Апанавала крыўда за дзяржаву. Пачаў выходзіць разам з гараджанамі на плошчу ў Іўі, патрабаваў ад улад і дэпутата аднаўлення законнасці, спынення гвалту, прыцягнення вінаватых да адказнасці», – распавядаў Пётр Браніслававіч.

Спадар Пётр кажа, што зараз у гарадку вонкава даволі спакойна, акцыі быццам сцішыліся, але людзі не хочуць мірыцца з тым, што адбылося.

Не дрэмле і міліцыя, па словах Будзько, сочаць за ім і яго аднадумцамі:

«Мы нават калі ўдвух дзе-небудзь у парку сустракаемся, то ўжо бягуць і здымаюць нас на відэа. Ці то баяцца, ці проста напалохаць хочуць».

Былы міліцыянт шкадуе, што аддаў 20 гадоў службе, аднак не збіраецца з’яджаць з краіны ці мяняць сваіх перакананняў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў