У МЗС Беларусі пацвердзілі гібель беларуса ў Кракаве


Цела 29-гадовага беларуса знайшлі ў ноч на 22 ліпеня ў цэнтры Кракава. Імаверна, яго збілі да смерці, паведамляюць польскія медыі. Міністэрства замежных справаў Беларусі пацвердзіла гібель беларуса.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Polskapress

«Так, мы можам пацвердзіць гэтую інфармацыю. Нашае пасольства ў Польшчы займаецца сітуацыяй, мае кантакт з польскімі кампетэнтнымі органамі. Ад польскай паліцыі ў працоўным парадку ўжо атрыманае пацверджанне наконт таго, што здарылася. Зразумела, пасольства гатовае ў межах сваёй кампетэнцыі аказваць сям’і загінулага ўсю неабходную консульска-прававую дапамогу», – заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, перадае БелТА.

Польская паліцыя затрымала на падставе факту гібелі беларуса 59-гадовага жыхара Кракава. Кадры відэаназірання сведчаць, што менавіта ён можа мець непасрэднае дачыненне да трагічнай падзеі. На запісе відаць, як група мужчынаў стаіць на скрыжаванні вуліцаў Святога Яна і Святога Томаса ў цэнтры Кракава. Сярод іх 59-гадовы жыхар Кракава і 29-гадовы беларус. На запісе можна пабачыць, як мужчына б’е ў твар беларуса, які затым падае. Пакуль невядома, што стала прычынай канфлікту.

Мужчыну затрымалі за межамі Кракава, калі ён уваходзіў у адну з крамаў. «Мы не выключаем, што мужчына ўжо спрабаваў зʼехаць», – заяўляюць мясцовыя ўлады.

Аналітыка
Навошта беларусы ладзяць культурніцкія імпрэзы за мяжой, і што кажуць тыя, хто на іх не ходзіць?
2022.07.22 08:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў