Што рабіць, калі палітвязні пачнуць масава выходзіць на волю? Спыталі псіхолага


Кожная навіна пра тое, што чарговы палітвязень выйшаў з-за кратаў, – вялікая радасць. Станам на 21 ліпеня, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у зняволенні застаюцца 1252 асобы, асуджаныя з палітычных матываў. Шмат хто ўжо адбыў свае тэрміны, але наперадзе – вялікая колькасць людзей, якія вернуцца ў грамадства з траўмаванай псіхікай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Toa Heftiba / unsplash.com

Мы пагутарылі з псіхалагіняй Наталляй Скібскай пра тое, як жыць побач з былымі палітзняволенымі і як ім вяртацца ў соцыум, у якім працягваюць існаваць іхныя каты.

Найперш варта адзначыць, што траўму людзі перажываюць па-рознаму. Тыя здзекі, што людзям выпадае цярпець ад цяперашняга рэжыму, відавочна, адаб’юцца на іхным стане. Адныя гавораць пра свой досвед, а іншыя баяцца нават згадваць пра яго.

«Траўма патрабуе прапрацоўвання – гэта такі падсвядомы працэс. Чалавек можа гаварыць пра тое, што з ім адбывалася, менавіта для таго, каб асэнсаваць свой досвед», – падкрэслівае экспертка.

Працэс расповеду вельмі далікатны для таго, хто гаворыць пра сваю траўму.

«Калі чалавек наважваецца сваю гісторыю «распакаваць», яму і самому страшна зноў у гэта занурацца, і страшна, якая будзе рэакцыя на ягоны аповед. Любая рэакцыя можа быць таксама траўматычнай. Бо калі людзі чуюць нейкія жорсткія рэчы, яны таксама пужаюцца, не ўмеюць слухаць і прымаць вялікую колькасць чужых і сваіх эмоцыяў. Калі былы палітвязень будзе распавядаць пра перажытае, эмпатычны слухач будзе ўспрымаць гісторыю і з ракурсу «такое магло адбыцца і са мной». Становіцца вельмі страшна. Таму тут вельмі істотная праца са спецыялістам, мы ўмеем гэта рабіць і вяртаць эмоцыі так, каб чалавек мог з гэтым даць рады. І ён можа вытрымаць гэтыя размовы. Бо гэты працэс, як гнайнік, ён мусіць выйсці цалкам, каб чалавеку стала лягчэй», – тлумачыць псіхалагіня.

«Мы сябе заўсёды баронім. Так працуе нашая біялогія»

Яна адзначае, што непадрыхтаваны слухач у такім выпадку будзе падсвядома намагацца спыніць плынь жахлівага аповеду, каб уратаваць уласную псіхіку:

«Мы сябе заўсёды баронім. Так працуе нашая біялогія. Чалавек можа слухаць, цярпець, а потым пачне аддаляцца, не падымаць слухаўкі, не прыходзіць на спатканні. Не праз тое, што нехта дрэнны, проста гэта вельмі цяжка, пачуццё бяссілля. Гэта даволі частая сітуацыя, але аддаляюцца людзі для таго, каб захаваць сябе», – кажа Наталля.

Калі вы адчуваеце, што шчырасць вашага суразмоўцы спусташае вас, што вы не можаце даць рады з ягоным болем і сваімі эмоцыямі, можна сказаць чалавеку пра гэта ў прымальнай форме.

«Ёсць такія сказы, якія можна прамаўляць, накшталт: «Я чую твой боль. Я б табе вельмі хацеў ці хацела дапамагчы, але для мяне твая гісторыя невыносная. Я не той чалавек, хто можа табе дапамагчы». Не рубам казаць: «Ідзі ты да псіхолага, пагавары». Не. І не ігнараваць, не станавіцца ў эгацэнтрычную пазіцыю. Бо чалавек нібыта выйшаў на волю, але пакуты ўнутры яго працягваюцца», – адзначае Скібская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jack Sharp / unsplash.com

Іншая рэч – калі чалавек пра свае пакуты маўчыць. У такім выпадку траўма нікуды не знікае, але камунікацыя будуецца іначай.

«Гэта немагчыма прапрацаваць самастойна. Такі досвед мусіць быць агучаны і асэнсаваны. Пісаць дзённікі – адзін са слушных варыянтаў, але такі досвед вымагае сведкаў і гледачоў. Чалавек можа маўчаць, бо яму самому балюча, і таму, што не хоча рабіць балюча тым, каго любіць. Ці чалавек не адчувае блізкасці і даверу. Але гэтыя працэсы ўсё адно будуць ісці ўнутры. Нават калі ізаляваць іх і старацца не кранаць. Усё адно, калі на вуліцы пабачыш міліцыянта, – можа стаць блага», – тлумачыць Скібская.

Яна раіць звярнуць увагу і на побытавыя моманты, каб вяртаць былога вязня да штодзённага жыцця і вяртаць яму суб’ектнасць нават у дробных рэчах:

«Не ў сэнсе забаўляць яго ці яе, вазіць у падарожжы ці штосьці гэткае. Чалавек доўгі час жыў, калі ўсё трэба было рабіць па ўказцы, нават есці не паводле свайго рэжыму, а паводле распланаванага ва ўстанове. Трэба дапамагчы чалавеку прыйсці да ўласнага жыцця, каб ён вярнуў гэтае «я хачу», «я раблю», «я магу», бо там гэтага няма. Нават такая простая рэч – пытаць: «Што ты хочаш на сняданак: кашу ці яечню?» Гэта істотная дробязь, але чалавек вяртае аўтарства свайго жыцця».

Развязанан пытанне з працай таксама вельмі прыспешыць вяртанне да нармальнага жыцця. Да гэтага варта імкнуцца нават з увагі на тое, што пэўныя навыкі губляюцца за час зняволення.

Дараваць сваім катам – зусім не абавязкова

«Можа, чалавек захоча займацца чымся іншым – варта яго падтрымаць, каб ён знайшоў свой новы шлях ці вярнуўся да таго, якім ён ішоў», – раіць нашая суразмоўца.

Таксама яна адзначае, што былым вязням варта даваць быць на самоце.

Нягледзячы на тое, што чалавек можа прапрацоўваць сваю траўму са спецыялістам і мець пэўныя дасягненні ў гэтым, дараваць сваім катам – зусім не абавязкова.

«У нас ёсць такі момант, што вельмі неўратызуе. Я кажу пра прыхільнікаў пераменаў. З аднаго боку, мы такія агрэсіўныя, злосныя, пакрыўджаныя, а з другога боку – такія гуманныя, маўляў, за ўсё добрае, за ўсё светлае, усіх трэба палюбіць і дараваць. А вось не трэба спяшацца. Гэта працэс. І ідэя, што крыўда робіць горш таму, хто пакрыўджаны, гэта ўсё лухта. Яна вельмі пагаршае стан ахвяры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jana Shnipelson / unsplash.com

Калі ў цябе не папрасілі прабачэння – няма чаго дараваць. Да таго ж, чалавек мае права не дараваць.

Можна сказаць: я цябе пачуў, але я не дарую, мы не будзем сябрамі, і пры сустрэчы я перайду на іншы бок вуліцы. Людзі мусяць несці адказнасць за тое, што яны робяць, нават калі яны робяць гэта пад уплывам нейкіх чыннікаў. І віну таксама трэба прымаць. Калі вы не гатовыя і не жадаеце – не даруйце. Гэта не тое, што можна з чалавека нейкім чынам выцягнуць», – падкрэслівае псіхалагіня.

Яна перакананая, што абсалютна нармальна хадзіць катам і былым вязням у розныя булачныя, калі так будзе зручней траўмаванаму, а не намагацца дараваць любым коштам.

Скібская звяртае ўвагу, што ёсць асобнае пытанне нашчадкаў тых, хто ўдзельнічаў у катаваннях. З аднаго боку, такія людзі часцяком самі цярпяць.

«Немагчыма на працы быць катам, а па-за ёю – добрым. Таму дзеці ў семʼях тых, хто ўдзельнічае ў безуладдзі, з вялікай верагоднасцю таксама ахвяры», – тлумачыць Наталля.

З іншага боку, назіраецца пэўны ўзровень прымальнасці гвалту ў нашчадкаў тых, хто гвалт ажыццяўляў. Праз тое, што архівы КДБ у нас так і не адкрылі, але пра такую тэндэнцыю можна гаварыць з псіхалагічнага гледзішча, бо дзеці катаў ёсць, так бы мовіць, крыніцай гвалту – альбо ў ролі ахвяры, альбо ў ролі чалавека, для якога дапушчальны павышаны ўзровень сілавога ўздзеяння ці бяспраўя.

Гісторыі
«50–100 мл пітной вады на дзень». Былыя зняволеныя валанцёры расказалі пра катаванні ў расейскай калоніі
2022.07.22 10:30

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў