Прычыны крызісу беларускай апазіцыі і шляхі яго пераадолення

З аднаго боку крызіс – гэта натуральны працэс, які закранае ўсе супольнасці людзей, у тым ліку і бізнес, і палітыку. З іншага боку, павінны існаваць механізмы па іх пераадоленні, а таксама мінімізацыі магчымай шкоды. Асабліва гэта тычыцца тых структур і арганізацый, якія бяруць на сябе адказнасць за будучыню краіны.

Усе беларускія апазіцыйныя партыі, арганізацыі, структуры прайшлі праз унутраныя скандалы, канфлікты і расколы. У пэўным плане, гэта магло быць вынікам дзейнасці спецслужбаў, але тыя працэсы абумоўліваліся, перш за ўсё, спецыфікай палітычнай культуры грамадства, культурай узаемаадносін, асабістых слабасцяў, пераваг і панавання эгаістычных інтарэсаў. У такім асяроддзі знешняе ўмяшанне толькі паскарае працэс знішчэння апазіцыйных структур.

Вытокі крызісу

Праблема цяперашняга крызісу ляжыць як у роўніцы чаканняў людзей, так і ў спосабах арганізацыі дзейнасці новых апазіцыйных структур пасля 2020 года, якія сутыкнуліся з тымі ж негатыўнымі (разбуральнымі) з’явамі, што і так званая старая апазіцыя: эксклюзіўнасць, закрытасць, абмежаваная адказнасць, палітычны фаварытызм. Чым далей ад выбараў, тым больш выразна прасочваюцца гэтыя тэндэнцыі.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка размаўляюць з журналістамі у Беларускім доме ў Варшаве. 5 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Ключавое адрозненне сённяшняга крызісу ў тым, што ранейшыя палітычныя структуры ніколі не валодалі такім патэнцыялам, даверам і рэсурсамі, якія атрымала новая хваля апазіцыі, і якімі, на жаль, так і не змагла эфектыўна распарадзіцца. Адпаведна расчараванне грамадства ад унутранай няздольнасці апазіцыі будзе мець больш разбуральны эфект.

Варта адзначыць, што прырода супярэчнасцяў бярэ пачатак у характары і матывацыі тэхнічнага аб’яднання, якое адбылося ў 2020 годзе. Гэта аб’яднанне будавалася не на агульных каштоўнасцях, прынцыпах, ідэалогіі, лідарстве, а на ўпэўненасці ў тым, што праблема Лукашэнкі ў найбліжэйшай будучыні будзе вырашана. Варта прыкласці намаганне, схаваць амбіцыі (на час сысці ў цень) і дачакацца змены ўлады.

Адпаведна, роля Ціханоўскай (такім жа было і яе ўласнае ўяўленне аб сабе) зводзілася не да сістэмнай барацьбы, а да часовай ролі «лідэра апазіцыі», якой можна кіраваць і выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах. Неабходна проста быць у патрэбным вагоне (бліжэй да Святланы Ціханоўскай), калі цягнік прыбудзе на патрэбную станцыю.

Такі падыход і матывацыя працавалі ў кароткатэрміновай перспектыве (6 месяцаў), аб’ядноўвалі палітычна і ідэалагічна несумяшчальных людзей, з улікам досыць высокай мабілізацыі грамадства ўнутры краіны і ўяўнай няўстойлівасці рэжыму Лукашэнкі. У гэтых абставінах не было неабходнасці думаць пра гады сістэмнага супрацьстаяння, рыхтаваць структуры, канцэнтраваць рэсурсы (людскія і фінансавыя), працаваць над ідэалагічнай платформай і думаць аб устойлівым узаемадзеянні і развіцці. Уся дзейнасць зводзілася да інфармацыйнай працы, палітычнага блогерства, якое павінна было ўмацоўваць ілюзіі хуткай перамогі над рэжымам Лукашэнкі.

Праца штабу Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 24-25 лютага 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Абалонка адзінства на пэўным этапе змацоўвалася трагедыямі, якія разгортваліся ў Беларусі, але з часам адбылося прызвычаенне, і трагедыя стала штодзённасцю. Людзі сталі вяртацца да звыклых практыкаў, а многім удзельнікам падзей 2020 года давялося адмовіцца ад камфортнага жыцця ў Беларусі. Варта таксама ўлічваць, што матывацыяй людзей, якія ўключыліся ў палітычную барацьбу, была зусім не новая будучыня Беларусі, а ўласныя эгаістычныя інтарэсы. Пад уздзеяннем часу палітычныя заганы, ідэалагічная несумяшчальнасць, якая стрымлівалася чаканнем хуткай перамогі, проста вырваліся вонкі.

Калі галоўная мэта становіцца недасяжнай (змена ўлады), людзі імкнуцца ўладкаваць уласнае жыццё і кампенсаваць выдаткі на барацьбу. Беларусы, якія ўключыліся ў змаганне, проста не былі гатовыя да стратаў.

У гэтым выпадку працуюць усе тыя ж законы Маслоў, калі функцыянаваць працяглы час ва ўмовах пастаяннай псіхалагічнай і маральнай мабілізацыі, без відавочных палітычных вынікаў і з далёкімі перспектывамі дасягнення пастаўленых мэтаў – немагчыма. Вайна ва Украіне наогул адсунула перспектывы палітычных зменаў у Беларусі на нявызначаны тэрмін, палітычная ўвага і рэсурсы Захаду (у тым ліку і фінансавыя) цалкам пераарыентаваныя на Украіну. Практычны сэнс у фінансаванні беларускіх апазіцыйных структур адпадае, калі стаіць пытанне гуманітарнай і ваеннай падтрымкі для Кіева. Адпаведна гэта яшчэ больш ускладняе пытанне выжывання апазіцыі.

У гэтых абставінах пачынаецца натуральная, чалавечая барацьба за рэсурсы, за доступ і за захаванне манаполіі распараджацца гэтымі рэсурсамі. У адсутнасці банальных базавых маральна-палітычных прынцыпаў, адказнасці і культуры гэта вядзе да карупцыі, канфліктаў, узаемных абвінавачванняў. Як вынік – раскол, разбурэнне пазітыўнага ладу альтэрнатывы і яе банкруцтва.

Хачу сказаць, што ў знешняй, грантавай падтрымцы, у атрыманні данатаў няма нічога дрэннага, пытанне ва ўменні адказна (максімальна празрыста) і эфектыўна гэтым карыстацца, як любым іншым палітычным ці фінансавым інструментам, як той жа дзяржаўнай уладай.

Прэсавая канферэнцыя дэмакратычных сілаў Беларусі па «рэферэндуму». Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У апазіцыйных структурах павінны працаваць тыя ж механізмы кантролю і аўдыту, што ў любой арганізацыі і дзяржаве, толькі так можна пазбегнуць унутранага структурнага разлажэння і зрыву, асабліва калі гаворка ідзе пра гады супрацьстаяння.

Таксама трэба разумець, што маральна-псіхалагічны запыт да апазіцыі з боку грамадства вельмі высокі. Апазіцыя, ва ўмовах дыктатуры ўспрымаецца як супольнасць лепшых людзей. У прадстаўленні вонкавага назіральніка сябры апазіцыйнага руху павінны маральна і інтэлектуальна адрознівацца ад тых, з кім яны змагаюцца, г. зн., ад прадстаўнікоў улады. Маральнае аблічча апазіцыі – ключавы рэсурс ва ўмовах супрацьстаяння з рэжымам. Яны павінны быць лепш як у пытаннях грошай і ўлады, так і элементарных аспектах адносін паміж сабою.

Калі апазіцыйныя структуры абвінавачваюць аўтарытарную ўладу ў хлусні, невуцтве, карупцыі, хамстве, яны пастаўленыя перад неабходнасцю выкараняць, а не хаваць, гэтыя з’явы. Як у дэмакратычнай дзяржаве, палітык-дзеяч, які заўважаны ў кампраметуючай актыўнасці абавязаны пакінуць сваю пасаду, альбо павінен быць адхілены. У апазіцыі гэты механізм ніколі не працаваў, што раскладала яе знутры.

Кіраванне

Апазіцыйныя структуры і, перш за ўсё, Офіс Ціханоўскай павінны былі перагледзець характар сваёй дзейнасці ў новых умовах, як і ўзаемаадносіны (узаемадапамогу) паміж рознымі структурамі, так і з грамадствам у цэлым. Гаворка таксама ідзе аб ідэалагічнай і структурнай перабудове.

Але гэтага не было зроблена, што яшчэ больш абвастрыла супярэчнасці і цяжкія адносіны. І тут вельмі важным быў удумлівы, усебаковы ўдзел Святланы Ціханоўскай у гэтай дзейнасці. З сімвала «аб’яднання», з «каралевы ангельскай» яна павінна была стаць «прэм’еркай Тэтчэр», актыўна ўключыцца ў кіраванне структурамі, а не аддаваць іх на водкуп атачэнню.

Праца штабу Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 24-25 лютага 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Першапачаткова многія арганізацыйныя, стратэгічныя пытанні, праца асобных структур і іх узаемадзеяння вырашаліся не пры непасрэдным удзеле і ўцягнутасці Ціханоўскай, а тэхнічным персаналам Офіса. Гэта прыводзіла да супярэчнасцяў, непаразумення, парушэння дамоўленасцяў, унутранага напружання, канфліктаў (эфект ліста ката Матроскіна), і ў выніку – разбурэння ўяўнага адзінства. Без кардынальнага перагляду характару ўзаемаадносін у апазіцыйным асяроддзі, без фарміравання яснай ідэалагічнай платформы і пратадзяржаўных структур на аснове шырокага ўключэння ў абмеркаванне, далейшы заняпад дэмакратычнай альтэрнатывы, яе драбненне непазбежна.

Аўтарытарызм у крыві

Дзеля справядлівасці неабходна зазначыць, што за ўсе гэтыя гады не ўзнікла і не было рэалізавана паспяховага нацыянальнага палітычнага праекта, які можна было б паказаць як мініятурны праект пазітыўнай будучыні Беларусі. У той ці іншай ступені ў беларускія апазіцыйныя / альтэрнатыўныя праекты пераносілася культура ўзаемаадносін і кіравання ўласцівая той мадэлі, якая сёння існуе ў Беларусі.

Іншымі словамі, на альтэрнатыўным палітычным узроўні мы не назіраем паспяховага развіцця дэмакратычных адносін, але ўкараненне ўсё тых жа аўтарытарных, непразрыстых метадаў дзейнасці. Атрымліваецца, што беларусы не ўмеюць функцыянаваць ва ўмовах дэмакратычнай культуры. Але тады ўзнікае справядлівае пытанне, ці магчыма пабудова дэмакратычнага грамадства, калі дэмакратыя чужая тым, хто за яе змагаецца.

Аналітыка
«Будзем маўчаць – атрымаем новага Лукашэнку». Былыя байцы-каліноўцы – пра метады камандавання ў палку
2022.07.21 15:04

Павел Усаў для belsat.eu / Герон

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў