У Кангрэсе ЗША з’явілася міжпартыйная група «Сябры Беларусі»

Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 21 ліпеня 2021 года. Фота: Харитонов. / Telegram

У амбасадзе Літвы ў ЗША 21 ліпеня прайшла сустрэча міжпартыйнай групы Кангрэсу ЗША (Палаты прадстаўнікоў) «Сябры Беларусі». Пра гэта паведамляе ў сваім тэлеграм-канале журналіст Серж Харытонаў.

Падчас прэс-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай кангрэсмены адзначылі, што менавіта яна, а не Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца рэальным пераможцам прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Прыярытэт міжпартыйнай групы Кангрэсу – прасоўванне фінансавай і іншай дапамогі Беларусі і лабіяванне новых санкцыяў у дачыненні да ўладаў Беларусі, а таксама абʼяднанне заходніх краін для абароны суверэнітэту краіны.

Адна з выступоўцаў, кангрэсвумен Марсі Кэптур, правяла паралель паміж крушэннем Берлінскай сцяны і цяперашняй сітуацыяй у Беларусі: у абодвух выпадках прагрэс і жаданне людзей быць свабоднымі немагчыма спыніць.

«Я прыехала ў ЗША толькі з адным жаданнем – каб мая любімая Беларусь стала свабоднай. І я ўпэўненая, што гэта адбудзецца. Я хачу, каб вы памяталі, што, калі вы глядзіце мне ў вочы – вы глядзіце ў вочы кожнага палітвязня, кожнага актывіста, валанцёра, спартоўца або дзеяча культуры, якія кожны дзень знаходзяць у сабе смеласць змагацца за дэмакратыю ў Беларусі», – заявіла падчас прэс-канферэнцыя Святлана Ціханоўская.

Як паведамілі ў прэс-службе Святланы Ціханоўская, кокус стаў групай амерыканскіх прадстаўнікоў Кангрэсу, якія будуць працаваць выключна па тэме Беларусі. Гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі ЗША аказвае такую падтрымку беларусам.

На адкрыцці кокусу ў Літоўскай амбасадзе ў ЗША ў якасці беларускага сімвала быў вывешаны бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг.

Каманда Ціханоўскай, прадстаўнікі ЗША і Еўразвязу ўпершыню за адным сталом абмеркавалі тэму Беларусі

Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская ўжо правяла сустрэчы з Дзяржсакратаром Тоні Блінкенам, прадстаўнікамі Дзярждэпартаменту і Белага Дому, сенатарамі і кангрэсменамі, акрэдытаванымі ў Вашынгтоне амбасадарамі Еўрапейскага Звязу.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны