Святлана Ціханоўская сустрэлася з Мэдлен Олбрайт


У часе сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Мэдлен Олбрайт бакі абмеркавалі падзеі ў Беларусі, неабходнасць падтрымліваць незалежныя медыі і працягваць шлях да свабоднай Беларусі.

«Запрашэнне сустрэцца было ад Мэдлен Олбрайт», – паведамляе ТГ-канал Святланы Ціханоўскай. Ціханоўская падзякавала палітыку за падтрыманне і абазнанасць у беларускай сітуацыі: «Я заўсёды кажу, што я не прафесійны палітык, але мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі. І цяпер Мэдлен – адна з іх. Я ўдзячная ёй за гэтую цёплую сустрэчу», – сказала Ціханоўская.

Падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Мадлен Олбрайт.
Фота: Белсат

У сваю чаргу Мэдлен Олбрайт выказала спадзяванне, што бягучы крызіс узмацніць беларусаў.

«Я вельмі цешуся, што магу падтрымаць Святлану Ціханоўскую. Яна сапраўдная гераіня, улічваючы тое, што яна зрабіла ў Беларусі і для беларусаў. Важна казаць паўсюль, каб дапамагчы людзям, якія вымушаныя ўцякаць з краіны. Мы размаўлялі са Святланай праз «Zoom» раней. І я вельмі цешуся, што маю шанец пагаварыць з ёй асабіста. І па-сапраўднаму зразумець тут, у ЗША, што яна думае, і атрымаць шэраг адказаў. Я вельмі задаволеная магчымасцю пабачыцца з ёй», – заявіла Мэдлен Олбрайт у каментары «Белсату».

Мэдлен Олбрайт увайшла ў гісторыю як першая жанчына на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША. Яна працавала сталай прадстаўніцай ЗША пры ААН, дарадцай прэзідэнта Біла Клінтана, кіравала праграмаю «Жанчыны ў замежнай палітыцы».

Візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША пачаўся 18 ліпеня. У яе праходзяць сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартаменце і Белым доме.

Белсат Zoom
Чаму Байдэн не сустрэўся з Ціханоўскай?
2021.07.21 23:37

AA belsat.eu

Стужка навінаў