Спартоўца Кудзіна маглі таемна вывезці з Расеі ў Беларусь


Баксёр Аляксей Кудзін.
Фота: fightnews.info

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, спартоўца Аляксея Кудзіна 21 ліпеня маглі даставіць у Менск. Да такой высновы прыйшлі ў камітэце «Грамадзянскае садзейнічанне», які займаўся юрыдычнай дапамогай спартоўцу.

У камітэце паведамілі, што Аляксея Кудзіна, імаверна, вывезлі з СІЗА ў расейскім Зеленаградзе, пасля таго, як у яго скончыўся тэрмін утрымання пад вартай, і на самалёце даставілі ў Менск. Сябры беларускай дыяспары ў Маскве, спявачка Анжэліка Агурбаш, адвакат Кудзіна і ягоная жонка Таццяна былі каля СІЗА ў Зеленаградзе да позняй ночы, паведамляе радыё «Свабода».

«У 19.40 з СІЗА выехаў мікрааўтобус з мігалкамі, у ім былі супрацоўнікі ФСВП (Федэральнай службы выканання пакаранняў РФ. – рэд. Belsat.eu). Мы мяркуем, што ў мікрааўтобусе быў Аляксей. Мы не здолелі бы дагнаць мікрааўтобус, які едзе не па правілах і па вылучанай паласе. Сябры беларускай дыяспары даведаліся, што Аляксей быў на рэйсе «Масква-Менск», які вылятаў з Шарамецьева ў 23.50. У 1.08 самалёт быў у Менску», – распавялі Свабодзе ў камітэце «Грамадзянскае садзейнічанне».

Жонка Аляксея Кудзіна Таццяна плануе пісаць заяву ў паліцыю пра тое, што ў яе знік муж.

Тое, што спартоўца маглі вывезці з СІЗА ў Падмаскоўі, выданню «Трыбуна» паведаміла і адвакатка Камітэту «Грамадзянскае садзейнічанне» і абаронца спартоўца Марыя Красова.

Hавiны
Маскоўскі суд пакінуў у сіле рашэнне аб экстрадыцыі беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна
2021.07.21 19:25

Нагадаем, што 21 ліпеня Апеляцыйны суд не адмяніў пастанову аб выдачы байца ММА Аляксея Кудзіна ў Беларусь, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суду па правах чалавека.

Аляксея Кудзіна затрымалі ў Расеі 21 студзеня. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». У Беларусі спартоўцу пагражае да 7 гадоў зняволення.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў