«Не спыняцца і не апускаць рук!» Распавядаем пра Ігара Ільяша – затрыманага журналіста «Белсату»


У Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі на прысуд карэспандэнткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Суддзі пакінулі прысуд без зменаў. На фота: Ігар Ільяш, муж Кацярны Андрэевай. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Ліпеньская зачыстка грамадзянскай супольнасці закранула і журналістаў «Белсату». Сярод нашых калегаў, якія апынуліся за кратамі, аказаўся і карэспандэнт, палітычны аглядальнік Ігар Ільяш, жонка якога Кацярына Андрэева застаецца за кратамі з лістапада 2020 года.

«Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей»

Ігара Ільяша затрымалі 16 ліпеня, у ягонай кватэры прайшоў ператрус. Ягоныя акаўнты ў сацыяльных сетках былі выдаленыя, а аналітычны тэлеграм-канал – захоплены сілавікамі. Самога яго спачатку адвезлі ў Следчы камітэт, а пасля змясцілі ў ІЧУ. 19 ліпеня стала вядома, што журналіст застанецца за кратамі яшчэ прынамсі да 26 ліпеня.

Артыкулы
Журналісты «Белсату» Ганна Галёта і Ігар Ільяш не выйшлі на волю праз 72 гадзіны пасля затрымання
2021.07.19 15:01

У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома. 20 ліпеня праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша і іншых затрыманых журналістаў ды аналітыкаў палітвязнямі.

Журналіст Ігар Ільяш. Менск, Беларусь. 10 снежня 2020 года.
Фота: ДД / Белсат

Як распавялі сваякі журналіста, Ігар бадзёры, не зломлены, спакойны і сабраны. Ён сядзіць з палітычнымі, матрацаў і бялізны няма. Ігар перадаў, што лістоў можна не дасылаць, усё роўна не дойдуць. Ён таксама прасіў перадаць калегам:

«Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей. Не спыняцца і не апускаць рук!»

Артыкулы
Сваякі: Ігар Ільяш спакойны і сабраны
2021.07.20 18:04

Хто такі Ігар Ільяш

Ігару Ільяшу 33 гады. Свой чарговы дзень народзінаў ён сустрэў ужо за кратамі – 18 ліпеня. Ігар скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паводле спецыяльнасці «філасофія». З 2008 года працаваў карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок». У 2014 годзе перайшоў працаваць у радыё «Свабода», а з 2017 года з’яўляецца карэспандэнтам «Белсату».

Ігар Ільяш вядомы сваімі расследаваннямі: пра беларускіх сілавікоў, гаманцы рэжыму, зачысткі ў дзяржаўных установах ды іншымі. Адной з галоўных тэмаў, над якімі ён працаваў разам са сваёй жонкай, таксама карэспандэнткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай, быў удзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны на баку прарасейскіх сепаратыстаў і пра іх апеку з боку беларускіх сілавікоў. У лютым 2021 года, каля Каця ўжо была асуджаная за стрым з плошчы Пераменаў, які вяла 15 лістапада 2020 года, выйшла іх супольная праца – кніга «Беларускі Данбас».

Hавiны
«Падручнік, што паказвае стаўленне беларусаў да вайны на Данбасе». У Менску прэзентавалі кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша
2021.02.20 14:29

Праца над кнігай у Кацярыны і Ігара заняла некалькі гадоў. Яна паказвае людзей, што ваявалі на Данбасе як з аднаго, так і другога боку, а таксама раскрывае шэраг спадарожных пытанняў, якімі тэма абрасла за гады працы над ёй. Гэта, напрыклад, асабістае стаўленне беларускіх спецслужбоўцаў да ўдзельнікаў канфлікту, нелегальны гандаль беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку дзяржаўных, з фірмамі, што паводле СБУ фінансуюць тэрарызм ва Украіне, лёс беларусаў, што ваявалі ў групе Вагнэра, ды іншыя.

Неўзабаве пасля выхаду кніга была прызнаная беларускімі ўладамі экстрэмісцкай, а за яе ўвоз у краіну людзей пачалі прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці.

«Belsat TV» з Нацыянальным звязам журналістаў Украіны прэзентаваў кнігу Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Кіеў, Украіна. 8 красавіка 2021 года.
Фота: МС / Белсат

Ігар застаўся ў Беларусі, нягледзячы на прысуд жонкцы і ўласны арышт на 15 содняў у лістападзе мінулага года нібыта за ўдзел у пікетаванні. Таксама ён вёў уласны аналітычны тэлеграм-канал, у якім аналізаваў актуальныя падзеі ў Беларусі. Цяпер гэты канал захоплены сілавікамі.

«Што наогул рабіць у сітуацыі, калі нашыя калегі за кратамі? Для сябе я адказ на гэтае пытанне знайшоў: мы павінны, сціснуўшы зубы, выконваць свае прафесійныя абавязкі тут і цяпер. І не проста выконваць свае прафесійныя абавязкі – мы павінны працаваць у 2, 5, 10 разоў лепш, чым працавалі раней. Яны абвясцілі нам вайну, бо жудасна баяцца праўды, баяцца фактаў. Значыць, наш адказ павінен быць адзін: яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў», – пісаў Ігар пасля вынясення прысуду Кацярыне.

Hавiны
«Яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў». Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш звярнуўся да беларускіх журналістаў
2021.02.18 13:32

«Самаахвярнасць людзей стварае праблему рэжыму»

Дзядуля Кацярыны Андрэевай – журналіст Сяргей Ваганаў – у каментары belsat.eu адзначыў, што асабіста не ведаў Ігара, пакуль той «не з’явіўся ў нашай хаце з кветкамі для Каці». Але яшчэ да таго ён сачыў за аналітыкай і артыкуламі Ільяша, і збольшага яму яны падабаліся. Паводле яго, Ігар вельмі настойлівы і ўпарты журналіст, адзін з найлепшых аналітыкаў у Беларусі, «маральна вытрыманы чалавек».

Кацярына Андреева і Ігар Ільяш.
Фота: ІА / Белсат

Сяргей Ваганаў адзначыў, што разам з бацькамі ўгаворваў Ігара і Кацю з’ехаць з Беларусі дзеля бяспекі, але тыя нават не хацелі размаўляць пра гэта, «адчуваўся ўнутраны супраціў». Раілі Ігару з’ехаць і пасля таго, як Каця ўжо была за кратамі.

«Не ведаю, ці правільна ён зрабіў, ці не. Але ён прыняў такое рашэнне. Што тут зробіш? Але ж калі так здарылася, то я лічу, што самаахвярнасць людзей, якія трапілі за краты, якія застаюцца тут пад рызыкай, ствараюць для рэжыму больш важкую праблему. Нездарма ж рэжым прапаноўвае пісаць просьбы аб памілаванні», – падкрэсліў Сяргей Ваганаў.

Цяпер Ігар за кратамі. За што канкрэтна – невядома. Пры гэтым былі знішчаныя ягоныя прыватныя старонкі ў сацсетках і аналітычны тэлеграм-канал.

Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш.
Фота: ДД / belsat.eu

«Гэта поўнае ігнараванне правоў чалавека. Ён яшчэ не асуджаны, ёсць прэзумпцыя невінаватасці. Але ж чаму пазачынялі такім чынам ягоныя асабістыя каналы?» – задаецца пытаннем Сяргей Ваганаў.

Цяпер за кратамі ў Беларусі 4 журналісты «Белсату»: Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Ігар Ільяш, Ганна Галёта.

Ніжэй вы можаце азнаёміцца з некаторымі расследаваннямі Ігара Ільяша:

Hавiны
Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі
2021.05.14 11:02
Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06
Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50
Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 15:49
Hавiны
Колькі беларусаў прайшлі праз вайну на Данбасе? Расследаванне «Белсату»
2018.02.27 09:05
Hавiны
Памёр у ноч пратэстаў, сваякі даведаліся праз 19 дзён. Што вядома пра смерць Аляксандра Будніцкага
2020.09.03 20:24

МГ belsat.eu

Стужка навінаў