Не «Менск Светам» адзіным. Дзе яшчэ можна знайсці кватэры з цэннікам «па тысячы»?

«Па тысячы» (долараў, вядома) – псіхалагічная мяжа. Столькі каштаваў квадратны метр у тыпавым жытле ў Менску падчас апошняга дна 2016–2017-га. Цэны з мінулага года зніжаюцца, першымі гэтай планкі да пачатку 2021 года дасягнулі кошты ў хрушчоўках ў Заводскім раёне. Цяпер у Менску на продаж выстаўленыя больш за 1800 кватэраў у дыяпазоне $ 850–1050 за квадратны метр. Што гэта за жытло і дзе яно месціцца?

Лідзіруе «Менск Свет»

З усіх прапановаў каля 1500 – у комплексе «Менск Свет». Самыя танныя метры – ад $ 850 – у 25-павярховіках, якія абяцаюць здаць у 2023 годзе, у кватэрах плошчай ад 70 квадратных метраў. Каля $ 930–950 – кошт ва ўжо здадзеных кватэрах вялікага метражу, $970–1050 – у маламетражных кватэрах у дамах з тэрмінам здачы ў 2021 годзе. Напрыклад, 30-метровая студыя каштуе каля $ 30 тысяч, будучая 40-метровая аднапакаёўка – $ 42 тысячы. Уласна, выніковая цана кватэры і выводзіць жылы комплекс у лідары продажаў.

Меркаванні
«Чалавейнік, каменныя джунглі». Хто купляе кватэры ў ЖК «Менск Свет?»
2021.06.10 13:05

Лідары другаснага рынку: Фрунзенскі, Маскоўскі і Заводскі раёны

Прапановы на другасным рынку ў коштавым дыяпазоне $ 850–1050 саступаюць у колькасці – усяго блізу 300 кватэраў на ўвесь Менск. Размеркаваныя яны не занадта раўнамерна – і лідаруе, як ні дзіўна, не Заводскі раён сталіцы, а Фрунзенскі, за ім – Маскоўскі, у Заводскага – трэцяе месца.

Але два дзесяткі прапановаў «па тысячы» ёсць нават у Цэнтральным раёне сталіцы – у двух-, трох- і чатырохпакаёвых хрушчоўках ў ваколіцах бульвару Шаўчэнкі, Чарвякова, Гая, Кахоўскай. У дамах пасля капрамонту ў тым ліку. І не заўсёды гэта «забітыя бабушатнікі» – сустракаюцца апартаменты, у якіх дакладна не трэба мяняць падлогі і вокнаў.

{%CAPTION%}

Цікава, што некалькі кватэраў выстаўленыя «па тысячы» ў цаглянай шасціпавярхоўцы на Кахоўскай 60. Гэта рэканструяваны ў 2005 годзе дом, яго надбудавалі і пашырылі: 55-метровая двушка – каля $ 55 тысяч, 74-метровая трохпакаёўка – $ 72 тысячы.

Маскоўскі раён вывелі ў лідары прапановаў «па тысячы» два дзесяткі творчых майстэрняў на верхніх паверхах у новых дамах жыллёвага комплексу «Мегаполіс». Там можна жыць і працаваць, можна здаваць у арэнду. На жаль, гэта не паўнавартаснае жытло, гэта памяшканні з маленькімі вокнамі. Частка з іх – з аздабленнем. Дарэчы, па $ 950–1000 за квадратны метр у «Мегаполісе» прадаюць і звычайныя кватэры, плошчай 85–100 квадратаў.

{%CAPTION%}

«Па тысячы» ў Маскоўскім раёне (на Чачота, у Малінаўцы) прапаноўваюць і дзясятак прасторных (ад 85 квадратных метраў) трох-чатырохпакаёвых кватэраў у дамах, пабудаваных 10–15 гадоў таму. Звычайна гэта кватэры са сціплым адштукаваннем, але ў іх можна адразу засяліцца. У савецкіх панэльках раёну сустракаюцца 63-метровыя кватэры «чэшскага праекту» па $ 64 тысячы.

Бліжэй да цэнтру, ля метро «Грушаўка», таксама можна знайсці нешта з выстаўленага «па тысячы». Напрыклад, экс-камуналка, а цяпер пяціпакаёвая кватэра ў доме, схаваным ад праспекту Дзяржынскага новабудоўляй, прапануецца за $ 88 тысяч. 93 квадратныя метры выглядаюць жылымі, хоць і патрабуюць абнаўлення.

Ёсць у продажы некалькі трохпакаёвак ў хрушчоўках на вуліцы Розы Люксембург, плошчай 62–63 квадратных метры. Праўда, гэтыя кватэры па $ 62–63 тысячы патрабуюць укладанняў у рамонт.

У Фрунзенскім раёне ў масе сваёй прапановы «па тысячы» – таксама ў трохпакаёвых і чатырохпакаёвых кватэрах. Напрыклад, у Сухарава на вуліцы Панчанкі вялікую (75 квадратных метраў) кватэру з сацыяльным рамонтам (падобна, суседнія дамы будавалася для тых, хто ў патрэбе, адсюль жоўтая фарба на сценах у купальні і лінолеўм на падлозе) прапаноўваюць за $ 72 тысячы. Побач акуратную 67-метровую кватэру з тым жа «сацыяльным» адштукаваннем прапаноўваюць за $ 69 тысяч. У мікрараёне Дамброўка можна адшукаць 80-метровую акуратную двушку ў доме 2013 года пабудовы за $ 76 тысяч.

{%CAPTION%}

Самыя недарагія двушкі (паводле агульнага кошту кватэры) – у старым спальным масіве каля праспекту Пушкіна. На Адоеўскага класічную жылую двушку плошчай 45–46 квадратных метраў можна купіць за $ 46 тысяч. Праўда, гэта будзе пяты паверх пяціпавярховіку, за другі–чацвёрты паверх да цаны дадаецца яшчэ пару тысяч долараў. Такія ж прапановы ёсць на Альшэўскага, Кальварыйскай, Бірузова – чытай, бліжэй да цэнтру.

І ўсё ж Заводскі раён, як заўсёды, самы танны. Двухпакаёвую 50–52-метровую кватэру, не дызайнерскую, але прыдатную для жыцця, дзе-небудзь у дзевяціпавярхоўцы на Алтайскай, Байкальскай, праспекце Ракасоўскага можна набыдзь за $ 50–52 тысячы. Праўда, аднапакаёвыя «па тысячы» і тут рэдкасць, усе прапановы патрабуюць татальнага рамонту.

{%CAPTION%}

У Заводскім жа раёне – самыя танныя сталінкі. І на Партызанскім праспекце, і ля метро «Аўтазаводская». Тут цана калі не па тысячы, то блізкая да $ 1100 за квадратны метр. Да $ 1100 ёсць некалькі прапановаў двухпакаёвых-сталінак у Партызанскім раёне, у ваколіцах Даўгабродскай.

{%CAPTION%}

Плюсы і мінусы: «Менск Свет» супраць другаснага жытла

Плюсы кватэраў у новабудоўлях «Менск Свет» відавочныя: вялікія вокны, магчымасць зрабіць сваё планаванне, аўра навізны, сучасныя пад’езды, суседзі з такім жа ўзроўнем даходаў. І – кошт кватэры. Ну, дзе яшчэ можна купіць за $ 35 тысяч 35-метровую аднапакаёвую? Або 56-метровую «еўратраячку» за $ 52 тысячы? Хай і ключы ад яе аддадуць толькі ў 2023-м, калі не затрымаюць тэрмінаў здачы. Або новенькую 74-метровую за $ 70 тысяч?

З мінусаў: складана адгадаць, які від будзе з вокнаў, калі яны глядзяць не на шматпалосныя вуліцы. Нават калі вы закончыце рамонт раней за ўсіх, суседзі будуць яго працягваць некалькі гадоў. Двары шчыльна застаўленыя машынамі, як і ўсе асфальтаваныя пятачкі вакол. Занадта шмат людзей – шчыльнасць засялення комплексу «Менск Свет» вышэйшая за нарматыўную ў паўтара разу, а калі параўноўваць са старымі раёнамі – у 2–3 разы. З інфраструктурай таксама сумна – дамы будуюць хутчэй, чым сады, школы і транспартавыя сеткі. І хутчэй пабудуюць дамы, чым зробяць у мікрараёне парк, які ёсць у праекце. Так што маладым бацькам з вазочкамі прыйдзецца гуляць уздоўж дарог.

{%CAPTION%}

А яшчэ давайце палічым. У «Менск Свеце» здаюцца кватэры-паўфабрыкаты. Няма сценаў нават у санвузле, няма тынкоўкі, разводу вады, каналізацыі і электрыкі. Няма нават падваконняў. У сярэднім давядзенне кожнага квадратнага метра паўфабрыката да той ступені, калі можна прыступаць да адштукавання, абыйдзецца ў $ 200 за квадратны метр. І вось ужо 35-метровая аднапакаёўка не каштуе тысячу за квадратны метр, а $ 1200. А 56-метровая – $ 63 тысячы, амаль $ 1130 за квадратны метр. 74-метровая будзе ўжо каштаваць $ 84,8 тысячы, па $ 1145 за квадрат. Чарнавое адштукаванне зойме ад 2 да 6 месяцаў. Столькі ж – чыставое. І яно таксама каштуе грошай – як мінімум $ 10 тысяч (і да бясконцасці) на матэрыялы, працу, мэблю і сантэхніку.

Меркаванні
15 праблем хрушчоўкі: на што звярнуць увагу пры куплі
2021.07.01 14:24

Мінусы другаснага жытла відавочныя: не заўсёды зручнае планаванне, якое практычна немагчыма змяніць, старыя пад’езды, разнамасная публіка ў асяроддзі.

Плюсы старых раёнаў вядомыя: развітая інфраструктура, нізкая шчыльнасць насельніцтва, зялёныя двары і ў большасці раёнаў – паркі і скверы, прагулачныя зоны ў пешай даступнасці. А яшчэ другасная кватэра – вашая ад моманту падпісання дагавору.

Меркаванні
Ці варта купляць кватэру ў старым жыллёвым фондзе?
2021.06.03 12:15

Для бэвэшнай кватэры разлікі простыя. Калі другаснае жытло не бачыла рамонту з часу будаўніцтва, «абадраць» яго можна за кошт працоўных гадзін студэнтаў-падсобнікаў. А ўкладанні ў рамонт залежаць ад яго стану. Калі трэба мяняць усё – ад вокнаў да сценаў, падлогі і трубаў, прыйдзецца, як у паўфабрыкаце, дадаваць да цаны каля $ 200 долараў на квадратны метр. А потым яшчэ энную суму на чыставое адштукаванне. Такія ўкладанні апраўданыя, калі вы выбралі кватэру з ідэальнай лакацыяй.

Касметычны рамонт абыходзіцца па цане/часе ў тую ж суму, якую вы б выдаткавалі ў новабудоўлі, або танней, калі, напрыклад, не трэба мяняць плітку і сантэхніку, купляць новыя дзверы і мяняць падлогу. Калі ж у набытай кватэры рамонт вас збольшага задавальняе, у яе можна адразу засяліцца. І пераклеіць шпалеры, замяніць кухонны гарнітур тады, калі на гэта з’явяцца свабодныя сродкі. Апошні варыянт з пункту гледжання выдаткаў (часу, нерваў у тым ліку) – самы выгадны. Праўда, кватэраў «па тысячы» з добрым рамонтам пакуль мала. Але трэнд на зніжэнне захоўваецца, а значыць, выбар з кожным месяцам будзе ўсё большы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў