«Мы бачылі тое ж самае падчас вялікага міграцыйнага крызісу». Рэпартаж з літоўска-беларускай мяжы


Мігранты ў лагеры уцекачоў у Літве. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

На літоўска-беларускай мяжы штодня затрымліваюць грамадзянаў краінаў Блізкага Усходу, якія спрабуюць нелегальна патрапіць у Еўразвяз. «Белсат» наведаў лагер мігрантаў і паразмаўляў з людзьмі, якія спрабуюць утрымаць пад кантролем міграцыйны крызіс на літоўска-беларускім памежжы.

Сляды на пяску

Сцежкі, якія ідуць праз лес уздоўж літоўска-беларускай мяжы, вузкія. Пазадарожнік ахоўнікаў «Frontex» ледзь змяшчаецца на іх. У дадатак іх звужае паласа, прысыпаная пяском. Яна займае палову сцежкі з боку Беларусі і час ад часу старанна выраўноўваецца літоўскімі памежнікамі. Сляды, якія засталіся ў пяску, – сігнал, што нехта спрабаваў мінуць мяжу.

Адразу за паласой выраўнаванай зямлі, у лясных гушчарах, час ад часу зʼяўляюцца памежныя слупы: літоўскія – і насупраць іх беларускія. Пераход лініі, якая праходзіць паміж імі, а потым пясчанай паласы – гэта мэта і мара сотняў нелегальных мігрантаў.

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Яны прабіраюцца праз густы і надзіва дзікі лес на беларуска-літоўскай мяжы. Для пераадолення пясчанай паласы яны маюць розныя метады: кладуць маты альбо будуюць імправізаваныя масты з дошак, каб не заставалася слядоў. Для памежнікаў гэта падказка, якім шляхам мігранты спрабуюць прабрацца. Лясныя сцежкі ўздоўж мяжы пастаянна патрулююцца. Па іх ездзяць літоўскія памежнікі, а таксама ахоўнікі «Frontex» (Еўрапейскае агенцтва бяспекі межаў).

Супрацоўнік«Frontex» на літоўска-беларускай мяжы. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Часам патруляванне доўжыцца некалькі гадзінаў. Ахоўнікі «Frontex» спыняюць машыны ў лесе і праходзяць праз кусты, каб знайсці сляды: бутэлькі з-пад малака, абгорткі і ўпакоўкі ад ежы. З беларускімі надпісамі. Гэта прыкмета таго, што тут была група мігрантаў.

Ускраіна Еўропы

Сёлета не менш за 2 338 чалавек (паводле афіцыйных літоўскіх звестак ад 22 ліпеня) спрабавалі незаконна пераправіцца з Беларусі ў Літву. Гэта ў 20 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Летась быў затрыманы толькі 81 мігрант. У сярэднім апошнім часам штодня затрымліваюць каля сотні чалавек, а часам і больш.

У пачатку ліпеня Літва звярнулася па дапамогу да «Frontex». Еўрапейскае агенцтва пачало аперацыю RABIT, г. зн. хуткае ўмяшанне на мяжы. Афіцыйна аперацыя пачынаецца 29 ліпеня і, як чакаецца, працягнецца да пачатку кастрычніка – калі толькі Вільня не папросіць працягу. У Літву ўжо прыбылі 26 афіцэраў і супрацоўнікаў «Frontex», а ўсяго іх павінна прыехаць 60. Гэта і ахоўнікі, якія працуюць з «Frontex» паводле кантрактаў (яны ў характэрнай сіняй форме агенцтва), і дэлегаваныя ахоўнікі з розных краінаў, якія служаць у форме айчынных фармаванняў. Кожны дзень іх прыязджае ўсё больш.

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Новыя патрульныя машыны «Volvo» і «Land Rover» набытыя ў польскіх дылераў, таму працуюць на польскіх рэгістрацыйных нумарах. У Літве ўжо 14 такіх аўтамабіляў. Неўзабаве прыбудуць два верталёты, абсталяваныя адмысловымі прыладамі для назірання. Адзін верталёт прыйдзе з Латвіі, другі – з Польшчы, а потым яго заменіць нямецкі верталёт.

Літоўцы таксама атрымаюць дапамогу ў найбольш актуальным пытанні: высвятленне асобы і паходжання мігрантаў. «Frontex» мае дапамагчы ў правядзенні праверачных расследаванняў. Дзякуючы гэтаму можна будзе вярнуць мігрантаў у краіны паходжання.

«Калі мы не пачнем рабіць гэтага ў найбліжэйшы час, праблема будзе нарастаць. Яна ўжо існуе, бо мы не былі гатовыя да такой колькасці мігрантаў, – тлумачыць адзін з літоўскіх памежнікаў. І папярэджвае: – Мігранты будуць скардзіцца, што мы дрэнна да іх ставімся; мабыць, у Беларусі ім нараспавядалі глупстваў, быццам мы іх чакаем тут з распасцёртымі абдымкамі».

Літоўцы ведаюць, што іхная краіна не ёсць мэтай мігрантаў. Большасць з іх хоча пераправіцца праз Польшчу ў Заходнюю Еўропу. Літоўска-беларуская мяжа – першая ахоўная мяжа Еўропы. Літоўскія жыхары памежжа гэта, бадай, таксама ведаюць. У Друскінінкаі ды іншых месцах каля мяжы панікі няма. Літоўцы часам вітаюць машыны «Frontex». Работнікі агенцтва кажуць, што так было і ў Грэцыі.

Мігранты ў лагеры уцекачоў у Літве. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Літоўскія памежнікі праводзяць размовы з жыхарамі памежжа. Яны прызнаюць, што значную частку мігрантаў затрымліваюць дзякуючы тэлефонным званкам жыхароў мястэчак на мяжы, занепакоеных зʼяўленнем незнаёмых людзей.

Калі ападзе лісце

На памежным пункце ў Капчаміесцісе (Капцёва), размешчаным недалёка ад месца збегу межаў паміж Беларуссю, Літвой і Польшчай, літоўцы пабудавалі імправізаваны лагер для мігрантаў. На агароджанай тэрыторыі стаіць некалькі вайсковых намётаў. Там часова ўтрымліваюцца некалькі дзясяткаў, можа быць, больш за сотню чалавек з краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі. Новыя дастаўляюцца штодня. Падобны лагер быў створаны на памежным пункце ў Друскінінкаі. Гэта часовае рашэнне.

«Мы бачылі тое ж самае падчас вялікага міграцыйнага крызісу на Балканах ці ў Грэцыі, – кажа Габор, венгерскі памежнік. – Тая ж рашучасць дабрацца да Еўропы».

Сэтжат кажа, што прыехаў з Іраку, цяпер ён у лагеры ўцекачоў у Літве. Пяць дзён ён быў у Беларусі. На твары сумны смайл – памяць аб сябры, які памёр. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Большасць афіцэраў маюць досвед працы на поўдні Еўропы. Яны прызнаюць, што ў Літве маштаб меншы. Розніца таксама палягае ў тым, што мігранты, якія паступаюць з Беларусі, адносна добра падрыхтаваныя і забяспечаныя. Паводле ацэнак ахоўнікаў, іх падарожжа, пачынаючы з Багдаду ці Стамбулу, каштуе некалькі тысяч долараў на чалавека. Гэта кошт білету – у Менск яны прылятаюць самалётамі. Потым кароткае перабыванне ў Беларусі. Пра гэты час яны нічога не хочуць казаць.

«Кажуць, іх нехта забраў, нехта падвёз да мяжы і паказаў, куды ісці ў Літву. Хто? Цяпер мы гэта высвятляем, але можна здагадацца. Надзвычай непрыемна, што хтосьці зарабляе на іх. Мы ў першую чаргу мусім ахоўваць мяжу, але я лічу, што нашая праца мае сэнс, бо для мяне самае галоўнае – дапамагчы людзям, – кажа Міхаэль, супрацоўнік федэральнай паліцыі Нямеччыны і «Frontex». – Тыя, хто насамрэч ўцякае з разбураных вайной краінаў, мусяць атрымаць дапамогу. Але калі нехта арганізоўвае міграцыйны турызм, гэта трэба спыніць», – дадае ён.

Са слоў Саджэта, ён прыехаў з Іраку, цяпер ён у лагеры ўцекачоў у Літве. Ён кажа, што на паперы ён піша літоўскія словы. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Міхаэль лічыць, што цяперашні міграцыйны крызіс адрозніваецца ад крызісу 2015 года.

«Тады ў Турцыі было велізарнае мноства мігрантаў, і Турцыя была краінай, якая мяжуе з ЕЗ. Цяпер Беларусь стала такой пагрозай для Літвы ды іншых краінаў ЕЗ. На шчасце, аднак, яе магчымасці значна меншыя», – кажа нямецкі паліцыянт.

На ягоную думку, плынь мігрантаў увосень аслабне. Ападзе лісце, лес дасць менш сховішча, пахаладае.

Літоўцы, у сваю чаргу, пачалі дзейнічаць у розных кірунках. З аднаго боку, яны ўмацоўваюць мяжу і з дапамогай «Frontex» хочуць не толькі ўшчыльніць яе, але і паказаць людзям, якіх нехта заахвоціў здзейсніць рызыкоўнае падарожжа па наднёманскіх лясах, што гэта не мае сэнсу. З іншага боку, яны вядуць перамовы на Блізкім Усходзе. Некалькі дзён таму міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс быў у Багдадзе і пераканаў мясцовыя ўлады рабіць захады дзеля спынення дзейнасці пасрэднікаў, якія заклікаюць іракцаў ехаць у Літву. Урад Вільні прызнае, што размаўляць з ўладамі Беларусі проста немагчыма.

Літоўскі памежнік. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

«Шчыра кажучы, яшчэ два гады таму, да выбараў у жніўні мінулага года і санкцыяў, мы не мелі кантактаў і супрацы з беларускімі памежнымі службамі, – кажа адзін з літоўскіх ахоўнікаў і дадае: – Раней былі некаторыя кантакты на найвышэйшым узроўні, але цяпер толькі часам у лесе мы бачым адзін аднаго праз бінокль падчас патрулявання».

Калючы дрот

У ваколіцах Друскінінкаю, на Нёмне, мяжа трохі іншая, чым у лясах каля Капцёва. Яна праходзіць пераважна па лугах, парослых густой, але невысокай расліннасцю. Менавіта ў гэтым забалочаным месцы, перасечаным невялікімі рэкамі, літоўцы пачалі будаваць «сцяну». Пакуль што гэта расцягнутыя спіралі з калючага дроту. На іх вісяць шыльды з надпісамі на англійскай і літоўскай мовах, якія перасцерагаюць ад спробаў мінання мяжы.

«І ўсё адно былі тыя, хто спрабаваў, напрыклад, кідаючы коўдры на драты», – кажуць ахоўнікі.

Супрацоўнікі Frontex на памежным пункце Райгардас. Райгардас, Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Літоўцы хочуць паставіць барʼеры на большай частцы мяжы, а ў будучыні пабудаваць агароджу. На беларуска-літоўскай мяжы пачынаецца буйная лагістычная аперацыя. У выніку мяжа стане адной з самых шчыльных у Еўропе. Мэта палягае ў тым, каб пазбавіць беларускі рэжым небяспечнай зброі: магчымасці дэстабілізацыі суседа шляхам перанакіравання на яго плыні нелегальнай міграцыі.

На шчасце, Літва не адна, але еўрапейскае падтрыманне ўжо выклікала занепакоенасць у Менску. Гэта заахвоціла ўлады Беларусі выкарыстаць тыповую дыверсійную аперацыю і перакласці віну за крызіс на сваіх ахвяраў. У панядзелак, 19 ліпеня, калі дырэктар «Frontex» Фабрыс Лежэры быў у Літве, беларуская памежная служба паведаміла пра захоп групы з 14 мігрантаў.

Мігранты ў лагеры уцекачоў у Літве. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Нібыта выпадкова за папярэднія 24 гадзіны літоўцы і ахоўнікі «Frontex» спынілі роўна чатырнаццаць (рэкордна малая колькасць за апошнія тыдні) мігрантаў, якія прыбылі з Беларусі. Аднак улады Беларусі заявілі, што 14 мігрантаў накіроўваліся… з Літвы ў Беларусь. Яны нібыта ўцяклі з Літвы, бо там жорстка абыходзіліся з імі, збівалі і нават стралялі па іх. Беларускія дзяржаўныя СМІ ўжо пачалі абвінавачваць Літву ў кепскім стаўленні да мігрантаў і параўноўваць літоўцаў з нацыстамі. Аднак Менск не патлумачыў, адкуль іракцы перад гэтым узяліся ў Літве.

Літоўскія памежнікі кажуць, што па-чалавечы спачуваюць людзям, якія выдаткоўваюць апошнія грошы на небяспечнае падарожжа па наднёманскіх лясах. Аднак яны не сумняюцца, што гэта неабвешчаная вайна Лукашэнкі. І ў гэтай вайне мігранты з Блізкага Усходу і Афрыкі – толькі гарматнае мяса і боепрыпасы для прапаганды беларускага рэжыму.

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Міхал Кацэвіч belsat.eu

Стужка навінаў