Лукашэнка прапанаваў Эміратам быць пасярэднікамі ў перамовах Менску з Захадам


Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка ў поўнай версіі інтэрв’ю каналу «Sky News Arabia», якую паказалі на «Беларусь 1» увечары 21 ліпеня, пракаментаваў магчымасць пасярэдніцтва ў перамовах паміж афіцыйным Менскам і Захадам.

Лукашэнка сказаў, што пасярэдніцтва не любіць, аддае перавагу размове без яго, каб не было скажэнняў.

«Але калі, паважаны Імада (супрацоўнік «Sky News Arabia» Імада аль-Атраш. – рэд. Belsat.eu.), твая краіна будзе пасярэднікам у гэтым дыялогу, я не адмоўлюся, бо гэта аб’ектыўныя людзі, сумленныя і прыстойныя. Таму калі еўрапейцы прымаюць вашу прапанову да дыялогу і пасярэдніцтва, то Эміраты маглі б стаць такім пасярэднікам. Я – за», – сказаў Лукашэнка.

20 ліпеня ў эфіры СТВ міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей распавёў, што «нават у гэтых умовах, калі супраць Беларусі фактычна развязана гандлёва-эканамічная вайна, ды і палітычная, аж да тэрарыстычных пагроз, мы лічым, што захоўваецца канал для дыялогу і ёсць магчымасць для дыялогу».

«І мы не збіраемся спальваць за сабой масты», – падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Пра магчымасць дыялогу з Захадам заявіў 21 ліпеня і дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былая давераная асоба Лукашэнкі Алег Гайдукевіч.

Таксама апошнім часам зноў з’явіліся сведчанні таго, што беларускім палітвязням прапануюць падпісаць прашэнні аб памілаванні.

Артыкулы
Палітвязням прыходзяць лісты ад Васкрасенскага з заклікам пісаць прашэнні аб памілаванні
2021.07.17 14:36

МГ belsat.eu

Стужка навінаў