Ксёндз Вячаслаў Барок: «Беларусь стала краінай, апанаванай злой воляй»


Імя святара Вячаслава Барка вядомае шмат каму з беларусаў. І не толькі вернікам Каталіцкага Касцёлу. Ксёндз Вячаслаў адным з першых сярод духоўных асобаў стаў актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак і стварыў свой персанальны YouTube-канал. Цікавасць і павагу да асобы кс. Вячаслава выклікае як змест відэа, якія ён размяшчае, так і ягоная выразная грамадзянская пазіцыя. Святар вымушаны быў пакінуць Беларусь. belsat.eu пагутарыў са святаром ужо пасля яго выезду з Беларусі.

Ксёндз Вячаслаў Барок.
Фота: viachaslau_barok / instagram

– Распавядзіце крыху пра сябе. Адкуль вы паходзіце? Як прыйшлі да святарства?

– Па паходжанні я беларус, нарадзіўся ў паўночна-заходняй Беларусі ў Мёрскім раёне. У Мёрах прайшлі мае дзяцінства і юнацтва. Бацькі не толькі выгадавалі, але, што галоўнае, паклапаціліся і аб духоўным выхаванні. Змалку наведваў касцёл, дзе і адбывалася маё духоўнае сталенне. Адразу пасля школы паступіў у Гарадзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. На той момант мне было 17 гадоў, скончыў у 23 гады. Правучыўшыся 3 гады ў Гарадзенскай семінарыі, быў накіраваны ў Варшаўскую акадэмію багаслоўя, дзе атрымаў ступень магістра-багаслова. 13 траўня 2000 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Уся мая святарская дзейнасць, ад самага пачатку, звязаная з Віцебшчынай. Першыя гады займаўся стварэннем рэлігійных суполак і рэгістрацыяй парафій адразу ў 4 месцах паўночна-ўсходняй часткі Беларусі. Як вядома, гэта тая частка нашае Беларусі, дзе, умоўна кажучы, засталася выпаленая зямля, усялякае рэлігійнае жыццё і дзейнасць за савецкія часы былі знішчаныя. Касцёлаў не засталося, таму прыходзілася вырашаць мноства пытанняў: як аб’яднаць людзей, дзе і як маліцца і шмат чаго іншага. Пяць гадоў служыў у Віцебску, дзе на пасадзе эканома віцебскай дыяцэзіі займаўся таксама рэканструкцыяй рэлігійна-культурнага цэнтру. З 2020 года стаў служыць у расонскай парафіі, святаром якое застаюся і па сёння. За гэты час быў збудаваны новы касцёл.

– У вас на YouTube-канале ўжо даволі вялікая колькасць падпісантаў, лічба прыбліжаецца да 10 тысячаў. Некаторыя відэа набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў. Чаму вырашылі «сысці» у YouTube?

Ксёндз Вячаслаў Барок.
Фота: viachaslau_barok / instagram

– Першы мой «сыход» у віртуальную сферу быў звязаны з Facebook’ам. Але праз пэўны час пабачыў, што FB мае свае абмежаванні. Прыслухаўся да парадаў сяброў і стварыў свой YouTube-канал. Паколькі сваю місію як святара я бачу ў прапаведаванні Слова Божага, то, уважаючы на малую колькасць рэальных вернікаў ва ўсходняй частцы Віцебскай дыяцэзіі, вырашыў такім чынам пашырыць сваю аўдыторыю. Мая парафія ў сацыяльных сетках, як вынікае з прыдбанага вопыту, сталася не менш рэальнай, чымсьці парафія расонская. Дзякуючы Провіду Божаму, на сёння галоўная мая парафія менавіта тут, у сацыяльнай прасторы. Мой YouTube-канал за апошні тыдзень прагледзелі больш 80 тысячаў чалавек, а 20 тысячаў чалавек з’яўляюцца маімі, так бы мовіць, сталымі слухачамі. Унікальнасць гэтай віртуальнай парафіі праяўляецца яшчэ і ў тым, што да яе належаць не толькі каталікі, але і праваслаўныя, пратэстанты, і, як гэта ні дзіўна, нават атэісты.

«Хачу падкрэсліць: я – не ўцёк, я – не схаваўся»

– Як вы рыхтуеце тое, з чым звяртаецеся да сваіх гледачоў?

– Калі адказваць коратка, то гэта выглядае так: у нядзелю выходзіць чарговае відэа, а пачынаю яго рыхтаваць ад панядзелка. Улічваючы, што мяне слухаюць не толькі сябры і аднадумцы, але і апаненты, я даволі строга падыходжу да таго, што будзе прамаўляцца. Я не баюся казаць аб тым, што думаю, але імкнуся, каб мяне зразумелі. Задача палягае ў тым, каб не толькі выказацца, але і быць пачутым.

– Вы вырашылі часова пакінуць Беларусь. Як і калі прымалася рашэнне аб ад’ездзе з краіны?

– Я не збіраўся ў найбліжэйшы час пакідаць тэрыторыю Беларусі. Але ўжо 5 ліпеня быў вымушаны зʼехаць з краіны. У мяне афіцыйная працоўная камандзіроўка. Дазвол на яе я атрымаў ад нашага дыяцэзіяльнага біскупа. Зразумела, што для такой пазапланавай камандзіроўкі павінна была быць сурʼёзная прычына. У нядзелю, у межах адміністратыўнага працэсу, які распачаў расонскі РАУС, прыйшлі супрацоўнікі з пастановай пракурора правесці агляд (ці ператрус) касцельных пабудоваў. Гэта парафіяльны дом, дзе я прапісаны і дзе здымаю свае відэа, а таксама сам касцёл. Але і ў гэтым я таксама бачу Божы Провід, праз няправільна запісаны ў пастанове адрас яны так і не змаглі выканаць прадпісанне. Я добра разумеў, што іх галоўнай мэтай была канфіскацыя тэхнікі, каб арганізаваць сацыяльную ізаляцыю святара. Не можам зачыніць ці фізічна абясшкодзіць, але мы можам забяспечыць «сацыяльную смерць» – мяркую, так разважалі тыя, хто аддаваў загады адносна мяне. Я не меў права дазволіць сабе такога кшталту «псіхічнага камфорту і адпачынку», таму прыняў рашэнне зʼехаць у Польшчу. Хачу падкрэсліць: я – не ўцёк, я – не схаваўся, я наўпрост скарыстаўся сваім правамі і ў любы момант магу вярнуцца ў Беларусь.

Ксёндз Вячаслаў Барок з беларусамі Варшавы.
Фота: Евгений Дудкин / Facebook

– Як вы ацэньваеце тых мясцовых прадстаўнікоў улады, якія выконваюць загады зверху. Ці надзея ёсць, што яны ў будучым могуць працаваць і служыць на карысць народу?

– Кожны чалавек мае права рабіць памылкі, але таксама мае права гэтыя памылкі выпраўляць. Якія памылкі робяць сёння слугі правасуддзя? Іхная галоўная памылка і зло ў тым, што яны выконваюць злачынныя загады. Калі суддзя прымае рашэнне па званку, а не кіруецца фактамі і аргументамі (заканадаўствам), гэты чалавек служыць не дабру і не закону. Такое нельга апраўдаць выкананнем загаду, бо загад выходзіць за рамкі прававога поля. І тут патрэбна пакаянне. Чалавек у пэўнай сітуацыі становіцца закладнікам зла, і без пакаяння немагчыма вырвацца з гэтай няволі. Беларусь стала краінай, апанаванай злой воляй, але ж я не перастаю губляць надзеі на духоўнае аздараўленне праз прызнанне і прыняцце памылак.

«Я выходзіў маліцца і на вуліцы і на плошчы ды не лічу сябе парушальнікам закону»

– Вы актыўны ўдзельнік і рэальных акцыяў пратэсту. Вашая місія, як святара і прапаведніка, прамаўляць да паствы. Чаму тады вы не толькі навучаеце ды прапаведуеце, але і дзейнічаеце?

– Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і мая актыўная грамадзянская пазіцыя вызначаецца менавіта гэтай акалічнасцю. А як святар і вернік я ўдзельнічаю ў змаганні дабра і зла. І заўсёды станаўлюся на бок дабра. Грамадзянін-каталік не мае права выконваць законы, якія супярэчаць сумленню. Сапраўды, я выходзіў маліцца і на вуліцы і на плошчы ды не лічу сябе парушальнікам закону, бо гэта маё права, што вынікае з канстытуцыі. Закон жа парушаюць тыя, хто робіць немагчымым рэалізоўваць канстытуцыйныя правы.

Ксёндз Вячаслаў Барок (у цэнтры).
Фота: Тина Палынская / Facebook

– Што павінен зрабіць Касцёл, каб выкараніць злое?

– Перадусім Касцёл мае даваць маральную ацэнку, казаць ясна, дзе зло, а дзе дабро, і прапаведаваць сацыяльнае вучэнне. Апошняе дакладна сфармуляванае. Салідарнасць, агульнае дабро і субсідыярнасць – галоўныя прынцыпы гэтага вучэння, якое грунтуецца на галоўных каштоўнасцях грамадскага жыцця: праўдзе, справядлівасці, свабодзе і любві. Праз пастырскую дзейнасць праяўляецца любоў на практыцы. Уся іншая дзейнасць Касцёлу, прапаведніка і верніка, без практычнай любові, без «любові палітычнай», пра якую выказваўся Папа Францішак, ёсць усяго толькі блефам і самападманам. Канечне, калі кажу пра палітыку, то не маю на ўвазе барацьбу за ўладу, але клопат пра агульнае дабро. А ў ім кожны хрысціянін мае абавязак прымаць удзел.

У Беларусі з розных прычынаў хрысціянскія цэрквы недастаткова прапаведуюць сацыяльнае вучэнне. Таму нярэдка ў вернікаў няма элементарнага разумення, і палітыка атаясамліваецца з сакраментальным злом. А гэта не так.

– Як ставілася і ставіцца кіраўніцтва Касцёлу да вашай актыўнай святарскае і грамадзянскае пазіцыі? Ці ёсць прынцыповыя разыходжанні ў бачанні цяперашняй сітуацыі паміж вамі і касцельным іерархамі?

– Іерархі, якія служаць Богу і Касцёлу, заўжды радуюцца, калі той ці іншы святар знаходзіць дадатковыя магчымасці выйсці па-за сцены касцёлу, каб шырэй прапаведаваць Божае Слова. Паколькі задача любога біскупа наглядаць, каб казанні святара не выходзілі за межы вучэння Касцёлу, то адсутнасць крытычных заўваг у мой бок паказвае на тое, што я прапаведую згодна з навучаннем Касцёлу. Кожны святар мае права на сваю грамадзянскую пазіцыю, але важна, каб яна супадала з сацыяльным вучэннем Касцёлу. Асабіста для мяне апошняе мае істотнае значэнне, як і тое, каб грамадзянская пазіцыя не супярэчыла духу Евангелля. У снежні, калі адбылося маё затрыманне і калі я адбываў суткі, то біскуп Юрый Касабуцкі і публічнымі словамі, і малітоўна выказаў мне падтрымку. Як і мой непасрэдны кіраўнік біскуп Алег Буткевіч. Была афіцыйная заява з нагоды майго затрымання. Чаму няма цяпер нейкай афіцыйнай заявы на другую хвалю пераследу мяне як святара, я не гатовы адказаць. Адчуваю еднасць і вялікую малітоўную падтрымку з боку маіх цяперашніх і ранейшых парафіянаў. Гэта самая вялікая падтрымка, якую яны могуць аказаць у гэтай сітуацыі.

Ксёндз Вячаслаў Барок.
Фота: viachaslau_barok / instagram

– Можаце распавесці пра планы на бліжэйшую будучыню? Чаго чакаць вашым актыўным слухачам ад блогера Вячаслава Барка?

– Пастараюся быць верным сваім жа ідэалам. Планую і надалей звяртацца да сваіх слухачоў праз магчымасці YouTube-каналу. Канечне, ад мяне залежыць не так шмат, бо ўсім кіруе Пан Бог. Але тое, што залежыць асабіста ад мяне, тое не зменіцца. Мая рыторыка і пазіцыя не памяняюцца. Бо іншае сталася б сведчаннем, што я не быў свабодны на радзіме. Мэта майго жыцця і прапаведавання – перамагчы зло. Не чыноўніка, не канкрэтнага чалавека, а выкараніць зло. У сваіх казаннях, як і раней, буду думаць і дакладна, уважліва падбіраць словы для таго, каб мяне не толькі пачулі, але і зразумелі. Асабліва тыя, хто не з намі, хто творыць зло, хто памыляецца. Гэта спроба даць ім магчымасць пакаяцца тут, пакуль яны яшчэ на гэтай зямлі.

Стэфан Глушакоў belsat.eu

Стужка навінаў