Калі ў Беларусі ўвядуць ваеннае становішча, ці заўважаць гэта беларусы?


Шмат захадаў, апісаных у законах «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы», ужо прымалі ў сувязі з пратэстамі 2020–2021 гадоў. Але афіцыйна ніякага становішча пакуль не ўводзілі.

Марш герояў
Марш герояў у Менску. Байцы без апазнавальных знакаў нападаюць на пратэстоўцаў. 13 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Месяц таму Аляксандр Лукашэнка казаў, што дапускае ўвядзенне ваеннага становішча ў адказ на санкцыі Еўразвязу. Цяпер чыноўнікі заяўляюць, што такога «ніхто не кажа».

17 ліпеня быў апублікаваны закон, які дазволіў уводзіць надзвычайнае становішча ў сувязі з «масавымі беспарадкамі». Гэта дае права прыпыняць выхад СМІ, задзеяць следчых, ДФР і МНС для «спыненні беспарадкаў», а вайскоўцаў – для «аховы грамадскай бяспекі». Той закон таксама ўносіць змены ў законы «Аб ваенным становішчы» і «Аб узброеных сілах».

Абноўлена
Лукашэнка падпісаў дэкрэт на выпадак сваёй смерці
2021.05.09 09:56

Ды што гэта мяняе, калі вайскоўцаў, ДФР і МНС ужо выкарыстоўвалі ў палітычных мэтах, а шэраг папулярных СМІ, як TUT.by і «Наша ніва», ужо закрылі? «Белсат» распытаў ваеннага аглядальніка Ягора Лебядка.

Не ўведзенае, але выкарыстанае становішча

Ягор Лебядок перакананы, што цяпер, улетку 2021 года, становішча настолькі ж «неафіцыйна надзвычайнае», якім было пры канцы лета і на пачатку восені 2020 года:

Ягор Лебядок.
Фота: belvpo.com

«Адрозненне толькі ў тым, што тады былі людзі на вуліцах, і гэта было бачна лепш. А так захаваліся тыя ж захады, што былі тады, – тлумачыць аглядальнік. – Проста няма такіх праяваў відавочных, таму менш бачна. Але захады, прапісаныя ў законах аб надзвычайным і ваенным становішчы, выкарыстоўваліся тады і выкарыстоўваюцца цяпер.

Дзесьці наўпрост, як у выпадках з інтэрнэтам і СМІ, а дзесьці ўскосна, так бы мовіць. Крыху менш, мабыць, закранула эканоміку, але было і рэгуляванне цэнаў на лекі, і ў дзяржзакупах абарончых прадпрыемстваў «павыкідалі» шмат усяго, каб не было бачна, што яны закупляюць».

«Белсат» пачытаў законы аб надзвычайным і ваенным становішчы, а таксама нядаўнія праўкі ў іх. На выяве мы пазначылі зялёным тыя пункты, якія выконваліся наўпрост, жоўтым – тыя, якія выконвалі не даслоўна, а рабілі нешта падобнае, чырвоным – тое, чаго пакуль не рабілі або рабілі ў нязначных маштабах. Графіка паказвае суадносіны надзвычайных захадаў, якія ўлады яшчэ не практыкавалі да ўжо паўсядзённых практык.

Вытрымкі з законаў «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы» – якія захады ўжывалі ў Беларусі. Маштаб надзвычайных захадаў, якія ўжываліся адносна тых, якія ўлады яшчэ не выкарыстоўвалі. Выява: БелсатСапраўды, многія захады выкарыстоўваліся наўпрост. Узмацнілі «ахову парадку», захоўваецца фактычная забарона на рэалізацыю пэўных тавараў (напрыклад, тавараў з нацыянальнай сімволікай, а на пэўны час – і піратэхнікі), фактычная забарона забастовак і мітынгаў (акрамя праўладных і прарасейскіх), фактычнае абмежаванне дзейнасці палітычных партыяў, спыненне выхаду недзяржаўных медыяў і блакаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, абмежаванне працы фондаў салідарнасці і многіх дабрачынных (нават не палітычных) арганізацыяў, абмежаванне руху транспарту на час пратэстаў, праверка дакументаў і агляды на вуліцах, незаконныя затрыманні, засакрэчванне асобных аспектаў дзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў, прыцягненне вайскоўцаў і гэтак далей.

Аднак не ўсе захады выкарыстоўваліся наўпрост. Напрыклад, вайскоўцаў недзе выкарыстоўвалі афіцыйна (як на стэле «Менск – горад-герой», дзе вайскоўцы затрымлівалі ў тым ліку журналістаў), але пераважна супраць пратэстоўцаў кідалі ўзброеных байцоў у вайсковай форме без апазнавальных знакаў і ў масках – былі тое рэгулярныя або ўнутраныя войскі, ці незаконныя ўзброеныя фармаванні, ці наогул замежнікі, невядома. Таму застаецца пытаннем, ці абмяжоўвалі вайскоўцы рух транспарту (як прапісана ў законе «Аб ваенным становішчы») і нападалі на кіроўцаў ды ці даглядалі людзей, якія аказаліся ў няправільным месцы ў няправільны час.

Таксама афіцыйна не ўводзілі каменданцкай гадзіны, але сілавікі і байцы без апазнавальных знакаў маглі затрымліваць людзей, якія аказаліся ў месцах, дзе чакаліся пратэсты. Абмежаванняў на перасоўванне па Беларусі не ўводзілі, але выезд з Беларусі закрылі «ў сувязі з пандэміяй». Асаблівы парадак продажу тавараў пакуль выявіўся толькі ў рэгуляванні цэнаў. Грамадзянаў не прыцягвалі прымусова да работаў абарончага характару, але зганялі на праўладныя мітынгі і канцэрты. Уласнасць грамадзянаў канфіскуюць, але не «дзеля патрэбаў абароны», а проста ў межах ператрусаў (нават у «сведкаў» – не толькі падазраваных). Зброю ў грамадзянаў вымалі, але так рабілі і раней у час важных для ўладаў мерапрыемстваў. І гэтак далей.

Чаму б не ўвесці якое-небудзь становішча афіцыйна?

Лебядок мяркуе, што ўсё кіраванне Лукашэнкі было і ёсць дыктатам, у якім выкарыстоўваюцца захады надзвычайнага і ваеннага становішча, проста раней тое было менш відавочным. А надзвычайнае ці ваеннае становішча ў развітых краінах, кажа ён, гэта «правільны дыктат» дзеля захавання дзяржавы ў экстраардынарных умовах. Ды ў беларускіх уладаў мэта – захаванне ўлады аднаго чалавека.

Афіцыйна ў Беларусі не ўвядуць ні надзвычайнага, ні ваеннага становішча, перакананы Лебядок – хіба калі Лукашэнка «будзе адчуваць, што ўсё, канец». Бо калі ўвядуць, і «ябацькам» і ўсім апалітычным грамадзянам стане відавочна, што адбываецца ў краіне «нешта не тое».

«А да таго часу ён будзе выкарыстоўваць усе гэтыя захады дзеля захавання сваёй улады, – кажа Лебядок пра Лукашэнку. – І знешне будзе выглядаць, што ўсё чынна-шляхетна, што нічога не адбываецца».

Што будзе, калі ваеннае становішча ўсё ж увядуць

Калі ўсё ж нешта ўвядуць, то або лакальнае надзвычайнае становішча (у сталіцы, а таксама, магчыма, у Горадні ці Берасці), або ваеннае – па ўсёй краіне. І гэта будзе зусім іншы прававы рэжым, тлумачыць аналітык. Многія новыя захады будуць бачныя ўсім: і ў функцыянаванні эканомікі, і ў транспарце і ў прапускным рэжыме.

«Гэта не тое, што два-тры дамы ў Новай Баравой будуць «шарсціць» кожны дзень, а гэта будзе ўжо прынамсі па Менску, – уяўляе аналітык. – Узмацненне нейкіх аб’ектаў, як то «Водаканалу», людзі будуць бачыць: вось ваенных наперлі. Кантрольна-прапускныя пункты могуць быць. Арганізацыі, звязаныя з харчаваннем, напрыклад, будуць на дырэктыўным становішчы. Калі ваеннае становішча, асаблівыя захады могуць ужывацца да замежнікаў. Тут цэлы шэраг таго, што пакуль прынамсі фармальна не бачна».

Hавiны
Не спадабаецца нават прыхільнікам Лукашэнкі. Эксперты распавялі пра наступствы вайсковага становішча для эканомікі
2021.06.26 07:30

Закон «Аб надзвычайным становішчы» дазваляе таксама прыпыняць працу асобных дзяржаўных органаў і ўстановаў, прыпыняць працу нават крытычна важных аб’ектаў, эвакуяваць гісторыка-культурныя і матэрыяльныя каштоўнасці, і гэтак далей.

Закон «Аб ваенным становішчы» дазваляе ўводзіць «асаблівы рэжым працы» прадпрыемстваў і пераарыентоўваць іх на вытворчасць неабходных дзяржаве тавараў, часова адсяляць людзей у «бяспечныя» раёны, забараняць выбіраць месца жыхарства, дазабяспечваць вайскоўцаў з «мясцовых рэсурсаў», забараняць аматарскія радыёстанцыі, прыцягваць вайскоўцаў да абмежавання свабоды перасоўвання і да вядзення ваеннай цэнзуры, і гэтак далей.

АА belsat.eu

Стужка навінаў