Беларускі ПЭН-цэнтр сабраліся ліквідаваць


Пра прычыны патрабавання аб ліквідацыі ПЭН-цэнтр абяцае расказаць пазней.

Ілюстрацыйнае фота. Кніга сябра ПЭН-цэнтру Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». XXVІII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. 20 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Вярхоўны суд Беларусі пачаў грамадзянскую справу паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі беларускага ПЭН-цэнтру. Ліст пра гэта атрымалі ў арганізацыі сёння, 22 ліпеня. Прычына пазову аб ліквідацыі не пазначаная ў той частцы ліста, што апублікаваў ПЭН, але цэнтр абяцае расказаць пра прычыну пазней.

Аднак у лісце прадстаўнікоў ПЭН-цэнтру запрашалі на апытанне перад судовым разбіральніцтвам на 10 раніцы 20 ліпеня – за два дні да таго, як ПЭН атрымаў ліст.

У ПЭН-цэнтры праводзілі ператрус падчас хвалі «зачысткі» на мінулым тыдні. Ператрус праходзіў па юрыдычным адрасе, дзе фізічна нікога не было, бо офіс з прычыны пандэміі працуе дыстанцыйна.

У час той «зачысткі» Міністэрства юстыцыі таксама сабралася ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў, патрабавала спыніць дзейнасць руху «За свабоду».

Hавiны
«Ад удзелу ў злачынстве да акту тэрарызму». У ПЭН-цэнтр таксама прыходзілі сілавікі
2021.07.15 13:58

ПЭН-цэнтр – заснаванае ў 1989 годзе аб’яднанне прафесійных літаратараў (назва паходзіць ад трыа «паэты, эсэісты і навелісты»), якое ладзіць доўгі шэраг літаратурных прэміяў і фестываляў, рэзідэнцыю маладога літаратара ў Вільні, перакладніцкую майстэрню і школу крэатыўнага пісьма. Уваходзіць у Міжнародны ПЭН-клуб. Старшыня – Святлана Алексіевіч.

Сярод чальцоў – Уладзімір Арлоў, Наталля Бабіна, Альгерд Бахарэвіч, Алесь Бяляцкі, Лявон Вольскі, Адам Глобус, Сяргей Дубавец, Максім Жбанкоў, Андрэй Курэйчык, Марыя Мартысевіч, Віктар Марціновіч, Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута, Андрэй Хадановіч і многія іншыя літаратары і людзі розных прафесіяў, звязаныя з літаратурай.

АА belsat.eu

Стужка навінаў