Ад Касцюшкі да Ціханоўскай: 250 гадоў гісторыі беларуска-амерыканскіх кантактаў


Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні правяла сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, а таксама з намеснікам дзяржсакратара Віктор’яй Нулэнд, з дарадцам прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйкам Саліванам, таксама яна наведала Сенат ЗША і сустрэлася з сенатарамі.

Святлана Ціханоўская сустракаецца з прадстаўнікамі Сенату ЗША. Крыніца https://twitter.com/SenateForeign

Такім чынам, узровень візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША вельмі высокі, блізкі да ўзроўню кіраўніка дзяржавы – апошнім з беларускіх палітыкаў з дзяржсакратаром ЗША сустракаўся Аляксандр Лукашэнка.

Аднак гісторыя сувязяў нашых земляў і ЗША пачалася аж у XVIII стагоддзі. Як жа нашыя палітыкі наладжвалі сувязі з Вашынгтонам апошнія 250 гадоў?

Сяброўства пад кулямі

Першым нашым земляком, які сустрэўся з прэзідэнтам ЗША, быў Тадэвуш Касцюшка. Ужо ў пачатку Вайны за незалежнасць ЗША ён адправіўся ў Амерыку як добраахвотнік, дзе служыў як вайсковы інжынер і атрымаў славу прафесіянала ў сваёй справе, даслужыўшыся да рангу брыгаднага генерала.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне. Крыніца: АgnosticPreachersKid

Касцюшка неаднаразова сустракаўся з будучым першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Вашынгтонам, прэзідэнтам ЗША Томасам Джэфэрсанам і шмат якімі іншымі амерыканскімі палітыкамі, намагаючыся атрымаць дыпламатычную падтрымку для змагання за незалежнасць земляў Рэчы Паспалітай ужо пасля таго, як яны былі падзеленыя паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй.

Памяць пра Касцюшку і прысутнасць у ЗША першай невялікай польска-беларуска-літоўскай дыяспары забяспечвалі амерыканскія сімпатыі да нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1830 і 1863 гадоў.

Эпоха сусветных войнаў і халоднага супрацьстаяння

Падзенне Расейскай імперыі ў канцы Першай сусветнай вайны дало магчымасць беларусам як самастойнай сіле выступаць на міжнароднай арэне. Паўстала ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі – былі сфармаваныя ўрад БНР і ягоныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы.

У 1920 годзе адна з галоўных газетаў ЗША, «The New York Times», у 1920 годзе апублікавала некалькі матэрыялаў пра паход арміі Станіслава Булак-Балаховіча. Яны былі не без памылак, але сведчылі пра пэўную ўвагу заходняй грамадскасці да пытання незалежнасці Беларусі.

Паведамленне «The New York Times» пра магчымасць стварэння беларускай дзяржавы са сталіцай у Менску. Крыніца radabnr.org

У 1921 годзе сіламі Рады БНР было створанае Беларускае прэс-бюро ў Нью-Ёрку, мэтай якога быў распаўсюд інфармацыі ў амерыканскім грамадстве і сярод выхадцаў з Беларусі ў ЗША, арганізацыя падзеяў і імпрэзаў.

Аднак сапраўдны розгалас пытанне беларускай незалежнасці атрымала пасля Другой сусветнай вайны, калі на Захадзе рэзка вырасла колькасць палітычна актыўных і нацыянальна свядомых беларусаў. З гэтага часу ў кантэксце паступовага абвастрэння адносінаў паміж СССР і ЗША беларусы заваёўваюць увагу амерыканскага істэблішменту.

Вінцэнт Жук-Грышкевіч у вайсковай форме ў Рыме ў 1945 годзе. Крыніца: wikipedia.org

У 1954 годзе пачала працаваць беларуская рэдакцыя радыё «Вызваленне» – будучага радыё «Свабода», якая фінансуецца Кангрэсам ЗША. Першым кіраўніком рэдакцыі стаў беларускі патрыёт, вязень савецкіх канцлагераў і ветэран збройнай барацьбы супраць нацызму Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

З канца 1950-х гадоў сталі нормаю парламенцкія прамовы сенатараў і кангрэсменаў у абарону права беларускага народу на самастойнае дзяржаўнае існаванне. Арганізоўваліся гэтыя выступы такімі аб’яднаннямі, як Беларуска-амерыканскае задзіночанне і Беларускі кангрэсавы камітэт.

Таксама беларусы сталі ўдзельнічаць у малітвах, з якіх пачынаюцца паседжанні ў Сенаце і Кангрэсе, каб заявіць пра сваё існаванне і свае памкненні. Упершыню малітва за Беларусь і беларускі народ гучала ў Кангрэсе з вуснаў праваслаўнага святара Мікалая Лапіцкага 25 сакавіка 1955 года.

Ад кангрэсменаў да прэзідэнтаў

Беларускія палітыкі ў эміграцыі паспяхова супрацоўнічалі ў інтарэсах Беларусі як з Рэспубліканскай, гэтак і з Дэмакратычнай партыямі – у межах Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага рэспубліканскага клубу, Беларускага дэмакратычнага камітэту.

У гонар 50-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР у Палаце прадстаўнікоў адразу некалькі кангрэсменаў выступілі са словамі падтрымкі Беларусі. Сярод іх быў будучы віцэ-прэзідэнт ЗША і будучы выканальнік абавязкаў прэзідэнта ЗША з 1974 да 1977 года Джэралд Р. Форд:

Прэзідэнт Ніксан у Менску, 1974 год. Крыніца: interfax.by

«Не шмат хто з амерыканцаў ведае пра Беларусь, але смелае памкненне беларусаў да незалежнасці і свабоды павінна натхняць нас усіх. Цяпер ва Усходняй Еўропе існуе Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, але яна падкантрольная камуністычнаму ўраду ў Маскве. Гэтая таталітарная сістэма не ўвасабляе волі беларускага народу».

Такія выступы беларускія арганізацыі намагаліся арганізоўваць кожны год.

У 1972 годзе на Каляды прадстаўнік беларускай эміграцыі Вітаўт Кіпель сустрэўся з прэзідэнтам Рычардам Ніксанам і абмеркаваў з ім беларускае нацыянальнае пытанне, заклікаючы кіраўніка ЗША наведаць Беларусь падчас візіту ў СССР. У 1974 годзе Ніксан стаў першым прэзідэнтам ЗША, які пабываў у Беларусі.

Вера Рамук у беларускім народным строі разам з прэзідэнтам Рэйганам. Крыніца: http://www.radabnr.org/

Беларуска Вера Рамук, сябра Рады БНР, сустракалася з Роналдам Рэйганам у 1980-я гады, прапануючы ідэю адкрыцця амерыканскай амбасады ў БССР, калі фармальна савецкая прапаганда выдае БССР за самастойную дзяржаву. Такім чынам беларускія нацыяналісты за мяжой усім сэрцам жадалі ўмацаваць у беларусах пачуццё ўласнай годнасці і прагу да незалежнасці.

Рэйган стаў першым амерыканскім прэзідэнтам, які павіншаваў беларусаў з 25 сакавіка.

Новая эпоха – і частковае вяртанне старой

Вецер пераменаў, выкліканы заўважным аслабленнем СССР, спарадзіў яшчэ большае пашырэнне кантактаў паміж беларусамі і ЗША. ЗША сталі другой пасля Украіны дзяржавай, якая прызнала 25 снежня 1991 года незалежнасць Беларусі. 31 студзеня 1992 года ў Менску адчынілася амерыканская амбасада. У 1993 годзе беларуская амбасада адчынілася ў Вашынгтоне.

Беларускія вайскоўцы пад бел-чырвона-белым сцягам падчас сустрэчы Станіслава Шушкевіча і Біла Клінтана ў Менску.
Фота: Сяргей Брушко

У 1993 годзе старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. У 1993 годзе Беларусь наведаў дзяржсакратар ЗША Ўорэн Крыстафэр, у 1994 годзе – прэзідэнт Клінтан.

Аднак вельмі хутка з прычыны рэпрэсіўнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі двухбаковыя адносіны пачалі псавацца, што прывяло да рэзкага змяншэння кантактаў на найвышэйшым узроўні. Фактычна кіраўнікі дзвюх краінаў бачыліся толькі падчас сустрэчаў у міжнародных арганізацыях.

У лютым 2020 года Лукашэнка ўпершыню за шмат гадоў сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША, аднак і гэтае часовае пацяпленне пераўтварылася ў сцюжу пасля жніўня 2020 года.

Аднак, як сведчыць досвед 1950–1980-х гадоў, беларускім патрыётам за мяжой не прывыкаць браць на сябе адказнасць за свой народ на міжнароднай сцэне.

Белсат Zoom
Чаму Байдэн не сустрэўся з Ціханоўскай?
2021.07.21 23:37

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў