Затрыманне навукоўцаў і этапаванне Ігара Лосіка. Рэпрэсіі ў Беларусі за 22 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі палітычных рэпрэсіяў супраць беларускага народу, пра якія стала вядома праваабаронцам 22 чэрвеня.

Дар’я Лосік паказвае мужава фота. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Палітзняволенага Ігара Лосіка этапавалі ў наваполацкую калонію. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Дар’я Лосік. Палітвязень у няволі ўжо амаль два гады. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму ў «справе Ціханоўскага».

Пацярпелы на судзе ў «справе Аўтуховіча» ацаніў свае маральныя пакуты на 15 000 рублёў. Гэта міліцыянт Ваўкавыскага РАУС, які раней быў сведкам на 40 палітычных працэсах. На пачатку кастрычніка 2020 года ўзарвалі ягоны аўтамабіль, а таксама падпалілі недабудаваны дом. Ён заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай і маёмаснай шкоды, да ўсіх 12 фігурантаў справы: маёмасная шкода, паводле ацэнкі экспертаў і праведзеных экспертызаў, у суме склала больш як 44,4 тысячы рублёў, маральныя страты ацэненыя на 15 тысяч рублёў.

У Жлобіне ўдзельніку акцыяў пратэсту ў 2020 годзе прысудзілі 3 гады калоніі строгага рэжыму. Віталя Багамазава абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргеевіч.

Сілавікі затрымалі старэйшага выкладчыка Інстытуту бізнесу БДУ Максіма Мароза. На апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале відэа Мароз кажа, што яго затрымалі «падчас расследавання справаў экстрэмізму», а таксама, што «баіцца страціць сваю працу».

Таксама сілавікі затрымалі лабарантку біялагічнага факультэту БДУ Алену Андрэеўну. На «пакаяльным» відэа яна «прызнаецца», што адміністравала дваровы чат. Паводле сцвярджэння праўладнага тэлеграм-каналу, яе хочуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці.

Артыкулы
23 чэрвеня агучаць вырак філосафу і журналісту Уладзіміру Мацкевічу
2022.06.22 15:45

Палітвязня Паўла Пяскова асудзілі да яшчэ аднаго года зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Першапачаткова Паўла асудзілі за патасоўку з амапаўцамі на 3 гады і 3 месяцы калоніі. Гэта быў першы палітычна матываваны прысуд за падзеі 2020 года.

За абразу прадстаўнікоў улады затрымалі машыніста Беларускай чыгункі. 37-гадовы жыхар Менску Сяргей Латушкін у «пакаянным» відэа «прызнаецца» ў тым, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ў каментарах абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Супраць яго распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).

За каментары ў тэлеграм-каналах затрымалі 36-гадовую жыхарку Менску Кацярыну Балабановіч. Як сцвярджаюць сілавікі, жанчына была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы, дзе ў каментарах нібыта абражала прадстаўнікоў улады. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).

У судзе Чыгуначнага раёну Гомля вынесены прысуд мясцоваму жыхару Канстанціну Дудараву. Суддзя Сяргей Мальцаў прызнаў яго вінаватым паводле арт. 367 КК («Паклёп у адносінах да Лукашэнкі») і агучыў вырак: 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Hавiны
Катаванні жанчын. Сілавікі маюць больш варыянтаў для ціску
2022.06.22 14:25

Вынесены прысуд палітвязню Аляксандру Пятрашку. Яго асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці ці варажнечы) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) за каментар.

У Лідзе быў затрыманы 35-гадовы байкер Іван Кашко. Яму інкрымінуюць распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сімволікі, абразы Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, здзек з дзяржаўнага сцяга, заклікі да гвалту ў дачыненні міліцыянтаў, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў