Пацярпелы міліцыянт у «справе Аўтуховіча» ацаніў свае маральныя пакуты на 15 тысяч рублёў


У судовым працэсе ў «справе Аўтуховіча» 22 чэрвеня дапытвалі двух пацярпелых. Адзін з іх – супрацоўнік ваўкавыскай міліцыі, які ацаніў на судзе свае маральныя пакуты на 15 тысячаў рублёў, паведамляе «Вясна».

Праваабаронцы адзначаюць, што пацярпелы міліцыянт Ваўкавыскага РАУС праходзіў у якасці сведкі на 40 «палітычных» працэсах. На пачатку кастрычніка 2020 года ўзарвалі ягоны аўтамабіль і падпалілі недабудаваны дом.

На працэсе супрацоўнік МУС заявіў, што яму паступалі пагрозы наконт здароўя і жыцця. З ягоных словаў, як пачаўся суд, пагрозы пачалі паступаць і ягоным бацькам. Пацярпелы заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай і маёмаснай шкоды да ўсіх 12 фігурантаў справы.

Маёмасная шкода, паводле ацэнкі экспертаў і праведзеных экспертызаў, склала 44 408 руб. 37 кап. Маральная шкода ацэненая на 15 000 руб.

Абноўлена
Мікалай Аўтуховіч на судзе не прызнаў сваёй віны
2022.06.09 13:05

Меркаваны выканаўца падпалу Павел Сава цалкам прызнаў нанесеную шкоду. Астатнія, у тым ліку Мікалай Аўтуховіч, прызнаваць яе адмовіліся.

Другі пацярпелы – жыхар Ваўкавыску Анатоль Кавалевіч – таксама хоча атрымаць кампенсацыю «за маральную і матэрыяльную шкоду». Ён парваў сухажылу на назе, калі бег да машыны, бо думаў, што гэта гарыць ягоны аўтамабіль.

Судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў «групу Аўтуховіча», працягваецца з 18 траўня. Палітвязняў вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Аўтуховічу выставілі 10 артыкулаў абвінавачвання.

Артыкулы
Аўтуховіч заяўляе пра паказанні пад катаваннямі, а СБ выдаляе частку свайго рэпартажу з суду
2022.06.13 20:58

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў