Каго насамрэч падтрымлівае Кітай у расейска-ўкраінскай вайне?


Пазіцыя Пекіну ў супрацьстаянні Расеі і Захаду застаецца тэмаю для дыскусіяў і спрэчак. У медыях перыядычна з’яўляюцца супярэчлівыя дадзеныя – ад звестак пра схаваную дапамогу Крамлю да інфармацыі аб ускосным падтрыманні санкцыяў супраць Расеі. Belsat.eu разбіраўся ў асаблівасцях палітыкі Кітаю на фоне вайны ва Украіне.

На двух крэслах

Афіцыйная пазіцыя Кітаю адносна вайны ва Украіне – нейтралітэт. Кітай выступае «за мір і супраць вайны», але і Крамля не асуджае. Падчас разгляду ў ААН рэзалюцыі з асуджэннем расейскай агрэсіі Кітай быў адной з 38 краінаў, якія ўстрымаліся («за» прагаласавалі 140 дзяржаваў, а «супраць» – 5). Раней, 26 лютага, Кітай устрымаўся падчас галасавання за аналагічную рэзалюцыю ў Радзе Бяспекі ААН.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат, які абвінавачвае Кітай у «маўклівым ухваленні» расейскага ўварвання ва Украіну. Лондан, Вялікая Брытанія. 7 красавіка 2022 года.
Фота: Vuk Valcic / Zuma Press / Форум

Пры гэтым публічная рыторыка Пекіну настолькі дваістая і неадназначная, што кожны з бакоў пры жаданні можа знайсці сігналы на сваю карысць. Гэтым, дарэчы, пракрамлёўская прапаганда актыўна карыстаецца, адназначна сцвярджаючы, што Кітай – на баку Расеі. Хоць насамрэч усё значна больш складана.

З аднаго боку, Кітай падкрэслівае, што паважае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Кіраўніцтва КНР кажа, што ім не падабаецца цяперашняе развіццё падзеяў ва Украіне і яны выступаюць за мірныя перамовы Кіева і Масквы.

«Міждзяржаўныя дачыненні не павінны апускацца да ўзроўню ваеннага канфлікту», – заявіў кітайскі лідар Сі Цзінь Пін 18 сакавіка.

Кітай не дазваляе сябе крытыкаваць кіраўніцтва Украіны. Яшчэ ў першыя тыдні канфлікту амбасадар КНР Фань Сяньжун заявіў, што Кітай будзе «добрай сілай для Украіны і ў эканамічным, і ў палітычным плане» і мае намер «паважаць той шлях, які выбіраюць украінцы». Паводле дыпламата, Кітай гатовы дапамагаць Украіне развівацца эканамічна.

З іншага боку, Пекін не называе дзеянняў Расеі ні агрэсіяй, ні ўварваннем, ні вайной, а замест гэтага выкарыстоўвае эўфемізм «украінскі крызіс».

МЗС КНР заяўляла, што патрабаванні Расеі аб непашырэнні NATO былі законнымі і да іх трэба ставіцца належным чынам. У ведамстве вінавацілі ЗША ў «правядзенні блокавай палітыкі для стварэння канфрантацыі і падзелу на аснове ідэалогіі», а супрацьстаянне Украіны і Расеі кітайскія дыпламаты называлі «геапалітычнай гульнёй, выкліканай менталітэтам халоднай вайны». Кітайцы заклікаюць да дыялогу Расеі і Захаду наконт Украіны. Санкцыйную палітыку Захаду ў дачыненні Расеі ў Пекіне рэгулярна крытыкуюць.

Рызыка другасных санкцыяў

У кантэксце зацяжной вайны і антырасейскіх санкцыяў пазіцыя Пекіну мае вялізарнае значэнне. Кітай здольны аказаць сур’ёзную дапамогу Расеі як у вайсковым, так і ў эканамічным плане. Аўтарытэтныя заходнія выданні «Financial Times», «The New York Times» і «The Washington Post» паведамлялі, што Расея звярнулася да Кітаю з просьбай аб вайсковай і эканамічнай дапамозе яшчэ ў першыя тыдні вайны. Праўда, Пекін і Масква гэтую інфармацыю абвяргалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі глядзяць рэпартаж пра канфлікт паміж Расеяй і Украінай у краме бытавой тэхнікі ў Ханчжоў, Кітай. 25 лютага 2022 года.
Фота: Costfoto / ddp images / Форум

ЗША неаднаразова папярэджвалі Пекін аб наступствах, калі кітайцы ўсё ж вырашаць дапамагчы Крамлю.

«Мы паведамілі Пекіну, што не будзем стаяць убаку і не дазволім якой-небудзь дзяржаве кампенсаваць Расеі страты ад эканамічных санкцыяў», – сказаў дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.

Еўразвяз таксама перасцярог КНР ад падтрымання РФ у вайне з Украінай.

«Мы далі вельмі дакладна зразумець, што Кітаю варта калі не падтрымаць санкцыі, то хаця б не перашкаджаць ім. Ніводны грамадзянін Еўропы не зразумее, калі Расея атрымае якую-небудзь падтрымку ў вядзенні вайны. Больш за тое, гэта прывядзе да значнай рэпутацыйнай шкоды для Кітаю ў Еўропе», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен па выніках саміту ЕЗ – Кітай у красавіку.

ЗША і ЕЗ не задаволеныя пазіцыяй Кітаю адносна вайны ва Украіне. На Захадзе лічаць, што гэта не тая сітуацыя, дзе можна проста захоўваць нейтралітэт.

«Роўнааддаленасці не дастаткова. Важная актыўная праца над дасягненнем міру. І кожны гулец павінен адыгрываць сваю ролю», – адзначала фон дэр Ляен.

У Вашынгтоне ставяць пад сумнеў, што пазіцыю Кітаю ў прынцыпе можна лічыць «роўнааддаленым нейтралітэтам» і часам даволі рэзка выказваюцца адносна дзеянняў Пекіну.

Ігнараваць папярэджанні Захаду Кітай не можа. Ёсць шмат як афіцыйных, так і неафіцыйных сведчанняў таго, што ў Пекіне ўсур’ёз апасаюцца другасных санкцыяў, пад якія КНР можа трапіць у выпадку дапамогі Расеі.

«Мы не будзем рабіць штосьці спецыяльна ў абыход санкцыяў ЗША і Захаду ў дачыненні Расеі», – заявіў у красавіку дырэктар дэпартаменту Еўропы МЗС КНР Ван Лутун. Але пры гэтым дадаў, што адмаўляцца ад звычайных гандлёвых сувязяў з РФ кітайцы таксама не збіраюцца.

Паводле газеты «The Washington Post», Сі Цзінь Пін паставіў перад сваімі памочнікам задачу знайсці спосабы дапамагчы Расеі, аднак зрабіць гэта так, каб самім не трапіць пад заходнія санкцыі.

Эканамічныя стасункі: час асцярожнасці і зніжак

Сведчанняў таго, што Кітай аказвае канкрэтную ваенную дапамогу Расеі, цяпер няма. Што да эканамічных стасункаў, то звесткі на гэты конт даволі супярэчлівыя.

Намеснік памочніка прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Даліп Сінгх у канцы красавіка канстатаваў, што кітайскія карпарацыі і банкі ў асноўным не спрабуюць абыходзіць санкцыі супраць Расеі. Пра гэта казалі і еўрапейскія чыноўнікі.

Наадварот, ёсць сведчанні, што пагроза санкцыяў прымусіла кітайскі бізнес згарнуць некаторыя праекты на расейскім рынку. Вядома, што яшчэ ў першыя дні вайны буйныя кітайскія банкі «Industrial and Commercial Bank of China» і «Bank of China» абмежавалі фінансаванне закупак расейскіх тавараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэкламны шчыт («Мы разам з Украінай») у падтрымку Украіны ля амбасады Канады ў Пекіне, Кітай. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Carlos Garcia Rawlins / Reuters / Forum

У траўні выданне «The Washington Post» паведамляла, што Кітай удвая скараціў экспарт тэхналогіяў у Расею. Экспарт абсталявання тэлекамунікацыйных сетак з Кітаю знізіўся на 98 %. Аб’ёмы паставак ноўтбукаў з Кітаю ў Расею ў сакавіку ўпалі на 40 %, а экспарт смартфонаў на дзве траціны. І гэта пры тым, што санкцыі ЗША не мелі на мэце блакавання продажу ў Расею спажывецкіх тавараў (смартфонаў і ноўтбукаў). Міністарка гандлю ЗША Джына Раймонда назвала гэта доказам таго, санкцыйныя абмежаванні сапраўды працуюць.

Газета «The Wall Street Journal» паведамляла, што кітайскія тэхналагічныя кампаніі, напрыклад, «Lenovo» і «Xiaomi», паступова і без публічных заяваў сыходзяць з Расеі праз санкцыйныя рызыкі. У чэрвені «Huawei» пачаў закрываць свае фірмовыя крамы ў РФ.

Але разам з тым назіраюцца супрацьлеглыя тэндэнцыі: Кітай на фоне вайны пераўтварыўся ў найбуйнейшага імпарцёра расейскіх энергарэсурсаў. У траўні Расея прадала рэкордныя абʼёмы нафты Кітаю – на 55 % больш, чым у мінулым годзе. У выніку РФ стала найбуйнейшым пастаўніком нафтавай прадукцыі ў КНР, адцясніўшы на другое месца Саудаўскую Аравію.

Праўда, тут ёсць важны нюанс: кітайскія кампаніі набываюць нафту з вялікай зніжкай – да 33 %. Дзякуючы зніжкам і стаў магчымы такі рэкорд.

Чаго хоча Пекін

Сітуацыя з пастаўкамі нафты добра ілюструе падыходы Пекіну, які хоча выкарыстаць супрацьстаянне Захаду і Расеі з максімальнай выгадай для сябе.

Кітай успрымае ЗША як свайго асноўнага стратэгічнага канкурэнта і праціўніка. У Пекіне з сімпатыяй ставяцца да пуцінскіх ідэяў шматпалярнага свету і зніжэння ўплыву ЗША ў сусветнай палітыцы. У гэтым пытанні КНР разглядае Расею як выгаднага партнёра, пры дапамозе якога можна аслабіць Захад. «Сувязі, якія злучаюць Кітай і Расею, – гэта антаганізм у дачыненні Злучаных Штатаў», – канстатуе выданне «Foreign Policy». Таму нейтралітэт КНР у гэтым канфлікце многія эксперты называюць «прарасейскім».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разгрузка кантэйнераў, якія перавозяць свежыя і замарожаныя прадукты і медыкаменты з Кітаю. Перад нападам Расеі на Украіну Кітай адкрыў новы чыгуначны маршрут праз Екацярынбург для перавозкі медыкаментаў і харчавання ў сталіцу. Маскоўская вобласць, Расея. 20 лютага 2022 года.
Фота: Сяргей Савасцянаў / TASS / Forum

Але падтрымліваць Расею сабе на страты кітайскае кіраўніцтва таксама не плануе. Пекін зусім не хоча быць уцягнуты ў адкрытую канфрантацыю з Захадам, бо гэта «толькі ўзмоцніць супраціў кітайскаму ўплыву ў свеце і абмяжуе доступ Кітаю да заходніх рынкаў, капіталу і тэхналогіяў», падкрэслівае «Foreign Policy». Наадварот, з супрацьстаяння Захаду і Расеі кітайцы хочуць атрымаць для сябе максімальную выгаду.

«Адназначна, што Кітай скарыстаецца паслабленнем Расеі ў эканамічным плане… Напрыклад, рынак энергарэсурсаў ператворыцца ў рынак пакупніка: калі раней Расея магла хоць неяк гандлявацца, то цяпер у Кітаю будуць усе падставы дыктаваць свае ўмовы», – адзначыў у інтэрвʼю «Медузе» расейскі кітаіст Леанід Кавачыч.

«Кітай не падтрымлівае Пуціна. Кітай падтрымлівае свае ўласныя эканамічныя інтарэсы», – падкрэсліў у размове з RFI прадстаўнік Маскоўскага цэнтру Карнэгі, спецыяліст па Кітаі Аляксандр Габуеў.

Разам з тым шэраг экспертаў кажуць, што Кітай не зацікаўлены ў зацягванні вайны і эскалацыі канфлікту, бо гэта кепска ўплывае на міжнародны гандаль.

Акрамя таго, вайна ўжо прывяла да кансалідацыі Захаду, умацавання сувязяў паміж ЗША і Еўразвязам. Хоць КНР зацікаўленая ў іх максімальным дыстанцыяванні, каб мець магчымасць аўтаномна выбудоўваць дачыненні з Вашынгтонам і Бруселем.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў