Голы мужчына ў доме, пацукі ў цэнтры гораду. Што шакавала футбалістку Сідарчук у Польшчы


Падчас пратэстаў 2020 года футбалістка берасцейскага «Дынама» Вікторыя Сідарчук падтрымлівала беларускую рэвалюцыю, а 24 траўня – наступным днём пасля пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску – правяла адзіночную акцыю: падчас выканання гімну перад гульнёю «Нёман» – «Дынама» (Берасце) адвярнулася ад чырвона-зялёнага сцяга. Гэта каштавала ёй адлічэння з апошняга курсу БрДУ і звальнення з футбольнага клубу.

Вікторыя Сідарчук 24 траўня 2021 года падчас выканання гімну перад гульнёю «Нёман» – «Дынама» (Берасце) адвярнулася ад чырвона-зялёнага сцяга. Скрыншот з сайту Федэрацыі футболу Беларусі

Праз год пазіцыя Сідарчук моцна змянілася. Дзяўчына дала інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі «Берасце», у якім расказвае, як цудоўна жыць у Беларусі. І як жахліва – у Польшчы. Вікторыя да 2021 года выступала за найгоршы жаночы беларускі футбольны клуб. За мінулы сезон «Дынама» выгуляла толькі раз, за год каманда забіла 5 галоў, прапусціла – 229. Не нашмат лепшыя справы і цяпер: толькі два пункты, і розніца мячоў 2:73. Ясна, што гульцы такіх клубаў, мякка кажучы, не карыстаюцца попытам. Але, з увагі на смелы ўчынак Вікторыі, неабыякавыя людзі дапамаглі ёй зʼехаць у Польшчу, дзе яна спрабавала знайсці сабе каманду.

У беларускай спартовай прэсе стала зʼяўляцца інфармацыя, што Вікторыя падпісала кантракты з польскімі футбольнымі клубамі. Спачатку гэта была каманда «Pogoń» (Здуньска Воля). Сапраўды, на сезон 2021/2022 Сідарчук была ў іх заяўцы, але асноўным гульцом так і не стала. У польскім клубе нам не адказалі, чаму каманда развіталася з Сідарчук. Пазней football.by паведаміў, што Сідарчук стала гульцом каманды другога дывізіёну «Stomilanki» (Ольштын).

Мы звязаліся з гэтаю камандай, запыталі пра Вікторыю і атрымалі адказ: гэтая дзяўчына не гуляла ў нашым клубе. Больш за тое, у клубе з Ольштыну нават не чулі пра такую футбалістку, Вікторыю Сідарчук.

У сваім інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі «Берасце» футбалістка так і не сказала, у якім польскім горадзе яна жыла, за якую каманду выступала – і ў сувязі з чым змяніла сваё бачанне.

Таму мы яшчэ раз звязаліся з Вікторыяй Сідарчук, каб яна патлумачыла сваю пазіцыю, але атрымалі катэгарычную адмову. Не стаў даваць ніякіх каментароў і ФК «Дынама» (Берасце), дзе яна гуляе цяпер.

Нагадаем, што год таму ў інтэрвʼю «Трыбуне» Сідарчук заявіла:

«Цяжка бачыць усе падзеі, што адбываюцца са жніўня. Пасадка самалёта і затрыманне Пратасевіча сталі апошняй кропляй майго цярпення. Проста захацелася падтрымаць яго і ўсіх беларусаў. Вырашыла зрабіць гэта на гульні, якая адбылася на наступны дзень пасля затрымання. Было страшна. На размінцы перад гульнёй падумала, што будзе са мной далей. У той жа час уяўляла, як у гэты момант страшна Пратасевічу. Страх, што наведваў мяне, здаваўся непараўнальным з тым, што тады адчуваў Раман. Перад матчам думала, як яму страшна, а мы нічога не робім. Таму свае перажыванні проста пагасіла ўнутры».

Вікторыя Сідарчук – у чырвоным.
Фота: dinamo-minsk.by

Цяпер жа пазіцыя Вікторыі змянілася на 100 %. Вось што казала дзяўчына ў інтэрвʼю дзяржаўнаму тэлебачанню:

«Мне заўсёды падабалася Польшча – да таго моманту, як я туды паехала. Польшча мяне сустрэла груба. Здаецца, там усё крута, прыгожа – як той казаў, Еўропа, але насамрэч… Так, там прыгожа, але калі браць людзей, там жорстка», – кажа Вікторыя Сідарчук у інтэрвʼю тэлерадыёкампаніі «Берасце».

Футбалістка скардзіцца, што ў польскім клубе ёй не плацілі, давялося ўладкавацца на працу. Заўважым, што ў Польшчы гэта нармальная практыка, калі гульцы неэлітных дывізіёнаў яшчэ і працуюць. Пры гэтым Сідарчук забываецца сказаць, што ў «Дынама» таксама няма заробку: дзяўчаты атрымліваюць толькі на харчаванне і невялікую суму ў дзень гульні. Цяпер жа ФК «Дынама» мае вялікія затрыманні выплатаў – як перад мужчынскаю камандаю, так і перад жаночаю.

«Мне даводзілася там працаваць, бо ў клубе, куды я трапіла, мне не плацілі наагул грошай. Я ўладкавалася ў «Glovo», гэта дастаўка ежы ў Польшчы. У мяне быў выпадак: я заходжу ў дом – і мяне сустракае цалкам голы мужчына, мая дзіцячая псіхіка проста сказала: «Бывай», – з жахам расказвае Вікторыя.

Журналіст тэлерадыёкампаніі «Берасце» пры гэтым заяўляе, што ў Польшчы Вікторыя не магла развівацца як спартоўка, Польшча не дала Вікторыі магчымасці раскрыць талент, а людзі ставіліся да яе як да асобы другога гатунку.

«Я гуляла ў камандзе, і там мяне дрэнна прымалі. Калі ў «Дынама» я заўсёды была лідаркаю, дык там я атрымлівалася ізгоем. Дзяўчаты спакойна маглі пляваць у мой бок, для іх гэта было проста пасмяяцца», – кажа Сідарчук.

Называе дзяўчына і станоўчыя бакі жыцця ў Польшчы, але тут жа знаходзіць негатыў.

«Са станоўчага – там вельмі прыгожа: цікавая архітэктура, вельмі шмат класных крамаў. Але калі з мінусаў, там вельмі брудна, усюды ляжыць смецце, нават бегаюць пацукі ў цэнтры гораду. Менталітэт польскі мне таксама не спадабаўся. Я прыехала дадому, у мяне былі вельмі класныя эмоцыі. Я ўбачыла сваіх сябровак і сваякоў – і ў мяне не было ніякіх праблемаў ні з міліцыяй, ні з якімі іншымі органамі», – ставіць у размове кропку Вікторыя.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў