Чаму шмат хто з беларускіх праграмістаў застаецца ў краіне?


Днямі ў сеціве была апублікаваная інфармацыя, што за два апошнія гады з Беларусі з’ехалі больш як 20 тысяч ІТ-спецыялістаў. Жнівень 2020 года і люты 2022 года нанеслі знішчальныя ўдары па марах аб ІТ-краіне. Паступова рэлакуюцца найбуйнейшыя кампаніі: ЕРАМ, «Playtika» і «Wargaming». Тыя, што ўсё яшчэ застаюцца ў Беларусі, маюць праблемы з выплатаю заробкаў – з прычыны заходніх санкцыяў. Мы сабралі некалькі гісторыяў пра тое, чаму беларускія айцішнікі застаюцца ў краіне нягледзячы на цяжкасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Мы распыталі чатырох інжынераў, чаму яны дагэтуль у Беларусі.

Раман рэлакаваўся ў Грузію і вярнуўся

Мужчына кажа, што да апошняга не збіраўся з’язджаць з краіны, хоць у 2020 годзе прайшоў праз арышт і катаванні. Раман быў вымушаны звяртацца па дапамогу да псіхолага, доўгі час азіраўся па баках і адчуваў трывогу кожны раз, калі чуў сірэну аўтамабіля.

Пасля 24 лютага кампанія, у якой працуе Раман, запатрабавала, каб распрацоўнік выехаў з краіны, і прапанавала на выбар некалькі варыянтаў. Мужчына абраў Грузію, у якой дагэтуль быў некалькі разоў. Але яго непрыемна здзівілі павышаныя кошты на арэнду жытла.

Кампанія Рамана баялася, што супрацоўнікаў могуць прызваць на вайсковую службу і прымусіць ваяваць ва Украіне. Таксама стала вядома, што санкцыі ўскладняць атрыманне заробку, бо фірма пераважна працуе на заходніх замоўцаў, а еўрапейскія банкі пільна правяраюць, куды ідуць грошы. Раману прапанавалі выехаць на Захад, але ён адмовіўся і прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь.

Не так даўно мужчына набыў зямлю і хоча закончыць будаўніцтва дому, нягледзячы на цяжкасці, рызыкі і затрымліванне заробку.

«Я не хачу нікуды з’язджаць з краіны. Так, мне часта страшна, і можа так здарыцца, што найбліжэйшым часам кампанія, у якой я працую, выставіць ультыматум: ці я пераязджаю ў іншую краіну, ці шукаю новую працу», – кажа Раман.

Мужчына падсумаваў: калі спатрэбіцца, гатовы асвоіць новую прафесію і спецыялізацыю.

Барыс будуе кватэру і гадуе дзіця

Распрацоўнік Барыс не сутыкнуўся з непасрэдным пераследам і арыштамі пасля 2020 года, але адчуў складанасці з працай. Некалькі гадоў таму мужчына ўзяў крэдыт на будаўніцтва кватэры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ён апавядае, што цяпер не адчувае ў Менску моцнага напружання і праблемаў. Ён захоўвае камфортны для Беларусі заробак, мае магчымасць наведваць любімыя месцы ў горадзе, якія яшчэ не закрыліся. Калі ў выходныя бывае ў «Пясочніцы», то на нейкі час нават забываецца, ШТО адбываецца ў краіне пасля выбараў-2020.

«Быццам нічога не змянілася. Толькі знаёмых людзей вакол стала меней», – падсумоўвае сітуацыю Барыс.

Нядаўна ў Барыса нарадзілася дзіця, і сям’я хоча, каб яно гадавалася ў Беларусі. Пагатоў тут жывуць бабуля з дзядулем, якія могуць дапамагаць з доглядам, што немагчыма за межамі краіны.

Алег не хоча пераязджаць прынцыпова

Для таго, каб застацца ў краіне, Алегу прыйшлося памяняць працу. Пасля 24 лютага ягоная кампанія прыняла рашэнне выехаць з Беларусі і спыніць тут бізнес. Жонка падтрымала прапанову рэлакацыі і доўга сварылася, схіляючы мужа да ад’езду. Аднак мужчыну ўдалося пераканаць сям’ю і застацца. Ён адзначае, што давялося значна пацярпець у плане заробку. Таксама мужчына распавёў, што сам думаў у 2021 годзе пераехаць з Беларусі, бо перастаў верыць у перамены. Аднак прыняў рашэнне заставацца да апошняга.

Распрацоўнік кажа, што не пачуваецца ў Беларусі ў бяспецы, а ў любой з еўрапейскіх краінаў мог бы мець камфортнае жыццё. Грошы не сталі галоўнай прычынаю, каб вызначыцца: пераехаць ці застацца.

Алег расказвае, як шмат ягоных знаёмых перайшлі на беларускую мову, хоць раней пра гэта нават не задумваліся. І гэта таксама стала адной з прычынаў, каб застацца.

«Я нарэшце пачаў бачыць здзяйсненне таго, пра што марыў з падлеткавых гадоў. Знаёмыя, якія раней смяяліся з маёй беларускай і казалі, што лепш бы якую мову праграмавання новую вывучыў, цяпер тэлефануюць і кажуць: «Вітанкі». Я не прамяняю гэта ні на што», – падсумоўвае распрацоўнік.

Ягор хоча з’ехаць, але мусіць клапаціцца пра бацькоў

Наш апошні суразмоўца адзначае, што вельмі б хацеў з’ехаць з Беларусі. Ён застаўся фактычна апошнім супрацоўнікам офісу ў ягонай кампаніі, які не рэлакаваўся. Кіраўніцтва пайшло насустрач і не разарвала з ім працоўных дачыненняў.

Прычына, з якой мужчына застаецца ў краіне, – бацькі. Ягор адзначае, што яны ўжо ў сталым узросце і маюць цяжкія хваробы, якія патрабуюць асаблівага догляду. Ягор не мае родных, якія маглі б клапаціцца пра ягоных бацькоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама распрацоўнік адзначае, што пасля 24 лютага складана здабываць неабходныя лекі. Асартымент медыкаментаў паменшыўся, кошты падняліся. Часам даводзіцца прасіць сяброў, каб прывозілі неабходныя лекі з-за мяжы.

«Здараецца, вядома, што адольвае шалёная туга. З майго асяроддзя пераважная большасць сяброў з’ехалі. Глядзіш іхныя фотачкі з гораў, мораў ды іншыя, і хочацца таксама ўсё кінуць і выехаць. Ці проста зайздросціць», – кажа Ягор.

Мужчына адзначае, што жыве штодня ў стрэсе і страху, што да яго ўварвуцца сілавікі – толькі таму, што ён айцішнік.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў