«Быкаў – у складзе расейскага войска?..» Пісьменнік Уладзімір Някляеў напісаў ліст міністру адукацыі Украіны


Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Някляеў напісаў ліст міністру адукацыі і навукі Украіны Сяргею Шкарлету ў сувязі з выдаленнем са школьнай праграмы ва Украіне аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада».

«Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў уварваўся ва Украіну ў складзе расейскага войска?.. Падчас Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў ваяваў ва Украіне супраць нямецкага фашызму. Ён нават быў пахаваны ва ўкраінскай зямлі ў братняй магіле. На Кіраваградчыне пад вёскай Вялікая Севярынка», – піша Уладзімір Някляеў.

Пісьменнік мае на ўвазе эпізод з біяграфіі Васіля Быкава, калі ён быў паранены падчас Кіраваградскай аперацыі і памылкова запісаны ў «загінулыя», а бацькі Быкава атрымалі «пахаронку».

Някляеў заўважае таксама, што ўкраінскія чыноўнікі, якія прымалі рашэнне аб выдаленні аповесці Васіля Быкава са школьнай праграмы, самі называюць яе змест гуманістычным.

«Дык а сёння Украіна хіба не свету насілля супрацьстаіць? І ў гэтым супрацьстаянні людзі гэткага мужнага лёсу, пісьменнікі такога таленту, як Васіль Быкаў, – нашы паплечнікі. З імі мы мацнейшыя. Як з Янкам Купалам і Тарасам Шаўчэнкам», – сцвярджае беларускі пісьменнік Уладзімір Някляеў.

У лісце да міністра адукацыі і навукі Украіны Сяргея Шкарлета ён выказвае спадзяванні, што чыноўнікі, якія «ў запале» так абышліся з памяццю пра беларускага класіка, выправяць памылку.

«Такія постаці, як Васіль Быкаў, не мусяць забывацца новымі пакаленнямі, сыходзіць з шэрагу барацьбітоў за нашу будучыню», – падсумаваў Уладзімір Някляеў.

Аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада» прыбіраюць са школьнай праграмы Украіны, «улічваючы масавае ўварванне збройных сілаў Расейскай Федэрацыі ва Украіну, псіхалагічнае і фізічнае траўмаванне ўкраінскіх дзяцей у выніку ваенных дзеянняў дзяржавы-агрэсара, важнасць развіцця культурных сувязяў Украіны з цывілізаванымі краінамі». Пад чыстку ў праграме трапілі таксама расейскія класікі Іван Крылоў, Антон Чэхаў, Аляксандр Пушкін ды іншыя.

Hавiны
Першы пацалунак, Біблія і «ўваскрэсенне». Пяць цікавых фактаў пра Васіля Быкава і Украіну
2022.06.17 17:02

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў