За сцяг у лесе наваградца асудзілі на 30 дзён арышту, на судзе затрымалі яго знаёмую


Мужчына «пікетаваў» сцягам на намёце ў лесе. А яго знаёмая абуралася на перапынку, што яго за гэта судзяць.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: viasna96 / Telegram

У Дзятлаўскім судзе 22 чэрвеня асудзілі на 30 дзён арышту Віктара Мацкевіча з Наваградку. Чытач расказаў «Белсату»: мужчыну арыштавалі за тое, што ён «несанкцыянавана пікетаваў» бел-чырвона-белым сцягам на сваім намёце ў лесе недалёка ад вёскі Бароўнікі Дзятлаўскага раёну.

На перапынку ў судзе затрымалі і яго знаёмую Ірыну Трафімчык, якая прыехала падтрымаць яго і «сказала праўду» намесніку начальніка РУУС Улаздзіміру Святоху. Раней паведамлялася, што менавіта Святоха затрымліваў Мацкевіча.

«Радыё Свабода» паведамляе, што жанчына ў перапынку судовага паседжання «абуралася тым, што судзяць яе сябра, але абразаў ці лозунгаў не выказвала». Яе затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэнне, але за якое – не паведамілі. У жанчыны двое непаўналетніх дзяцей.

АА belsat.eu

Стужка навінаў