У Капылі з’явіўся мурал з Алесем Адамовічам


Выява беларускага пісьменніка размешчана на адным са шматпавярховых дамоў раённага цэнтру. Мурал – частка праекту, прысвечанага славутым ураджэнцам Капыльшчыны. Ідэю рэалізуюць мясцовыя ўлады.

Фотаздымак муралу «Белсату» даслала Таццяна Корзун, настаўніца беларускай мовы і літаратуры на пенсіі, жыхарка вёскі Канюхі ў Капыльскім раёне, дзе і нарадзіўся ў 1927 годзе Алесь Адамовіч.

Мурал з Алесем Адамовічам, Капыль.
Фота: Таццяна Корзун, жыхарка в.Канюхі Капыльскага раёну

Спадарыня Таццяна распавяла, што праект прымеркаваны да Дня пісьменства, які ў 2021 годзе будзе святкавацца ў Капылі. Запланавала, што муралаў, прысвечаных культурным дзеячам, у горадзе будзе тры. Першыя два – паэту-песенніку Адаму Русаку і пісьменніку Алесю Адамовічу – ужо з’явіліся. Да восені намалююць яшчэ мурал з Кузьмой Чорным.

Таксама ў Капылі з’явіцца помнік пісьменніку Цішку Гартнаму, а ў мясцовым скверы ўладкуюць «Алею пісьменнікаў». Там усталююць 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў-ураджэнцаў Капыльшчыны.

Таццяна Корзун таксама ўзгадала, што летась у жніўні мясцовыя жыхары зрабілі ў Канюхах «Прыпынак Адамовіча». Гэта ўжо другі прыпынак у Беларусі, прысвечаны пісьменніку. Першы з’явіўся ў 2018 годзе ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну, дзе Алеся Адамовіч правёў дзяцінства і юнацтва. Гэты прыпынак і стаў узорам для канюхоўцаў. Свой арт-аб’ект яны рабілі ўласнымі сіламі і сродкамі. Маляваў партрэт Адамовіча, а таксама аздабляў прыпынак мясцовы мастак Віктар Бураў, які жыве ў Грозаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.

Аб’ектыў
«Прыпынак Адамовіча». На радзіме пісьменніка Алеся Адамовіча мае з’явіцца ягоны бюст
2019.01.20 21:53
Прыпынак Адамовіча, в.Канюхі.
Фота: Таццяна Корзун, жыхарка в.Канюхі Капыльскага раёну
Прыпынак Адамовіча, в.Канюхі.
Фота: Таццяна Корзун, жыхарка в.Канюхі Капыльскага раёну.

Алесь Адамовіч – славуты беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (гэта пашпартная дата, а сапраўдная – 3 жніўня 1926 года) у вёсцы Канюхі. Калі Алесю быў усяго адзін год, ягоныя бацькі пераехалі ў Глушу пад Бабруйскам, якую потым пісьменнік называў сваёй сапраўднай малой радзімай. Пра Канюхі ў сваёй кнізе «Vixi» Адамовіч пісаў, што гэта для яго самае загадкавае месца з ягонай біяграфіі. Гэтую цытату канюхоўцы размясцілі на прыпынку.

Алесь Адамовіч быў таксама актыўным грамадскім дзеячам, падтрымліваў стварэнне Беларускага Народнага Фронту. Змагаўся з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар такіх твораў, як «Хатынская аповесць», «Нямко», «Мы з вогненнай вёскі», «Карнікі», «Блакадная кніга», «Апакаліпсіс па графіку», сцэнарыст фільму «Ідзі і глядзі».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў