Пажылога магілёўца адправілі на прымусовае лекаванне за абразу Лукашэнкі

Працэс быў закрытым, дэталі абвінавачання невядомыя.

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. 14 красавіка 2021 года. Фота: Белсат

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва 18 чэрвеня вынес вырак Міхаілу Ляпейку, якога абвінавацілі ў «Публічнай абразе прэзідэнта» паводле ч.2 арт. 368 КК РБ, пішуць магілёўскія праваабаронцы «Mayday».

Замест падсуднага на закрытым працэсе быў законны прадстаўнік, бо, як патлумачылі знаёмыя падсуднага, Міхаіл Ляпейка «з’яўляецца ўжо дастаткова пажылым чалавекам».

Суддзя Жанна Пушкіна вынесла рашэнне аб прымусовым лекаванні.

Частка 2 артыкулу за «Абразу прэзідэнта» ўжываецца тады, калі асобу раней судзілі за абразу ці паклёп, або калі «абраза прэзідэнта» была спалучаная з абвінавачваннем у цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве. Гэтая частка прадугледжвае пакаранне ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.

У гэтым месяцы гэта прынамсі другі выпадак прымусовага лекавання за «абразу Лукашэнкі»: 8 чэрвеня мужчыну асудзілі адразу за «Абразу прэзідэнта», «Паклёп на прэзідэнта», «Абразу прадстаўніка ўлады» і «Абразу суддзі».

У Беларусі зноў кажуць пра карную псіхіятрыю. Што гэта такое, і як ёю карысталіся цар, нацысты і камуністы

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны