«Мат, прыніжэнне, запалохванне». Як КДБ ціснуў на працаўнікоў ТЭЦ-2 за аўдыязапіс выступу гендырэктара «Горадняэнерга»


Адразу некалькі крыніцаў на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 паведамілі belsat.eu пра ціск на работнікаў прадпрыемства.

У канцы студзеня ў сеціве з’явіўся аўдыязапіс выступу гендырэктара «Горадняэнерга» Віктара Жука на мясцовай нарадзе. Жук у сваім выступе крытыкаваў падначаленых за тое, што яны не хочуць падпісваць адкрыты ліст праўладных прафсаюзаў супраць заходніх санкцыяў. У тым ліку ён заявіў, што на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 подпісы пад зваротам паставілі толькі 6 чалавек, хаця на прадпрыемстве на той час працавалі каля 570 асобаў.

Як распавёў на ўмовах ананімнасці адзін з работнікаў ЦЭЦ, нарада адбылася 29 студзеня, на наступны дзень яе запіс трапіў у інтэрнэт, а ўжо 1 лютага «паступіла каманда сабраць спісы па ўсіх філіялах і высветліць, хто мог чуць гэты выступ і зрабіць запіс».

У канцы красавіка некаторых работнікаў ЦЭЦ-2 сталі забіраць на размовы ў КДБ. Паводле інфармацыі belsat.eu, праз КДБ прайшлі мінімум чацвера чалавек.

«Спачатку выклікаюць да кіраўніцтва, а там ужо прысутнічаюць людзі з «канторы», забіраюць тэлефон і вязуць на размову, – распавядае адзін з працаўнікоў ЦЭЦ. – Ніякіх запісаў нарады на тэлефонах, вядома, не было, бо ніхто, як я ведаю, нічога не запісваў».

У некаторых выпадках размовы ў КДБ зацягваліся больш чым на пяць гадзінаў.

«У ходзе гэтых гутарак не было фізічнага ўздзеяння, але быў значны маральны ціск: мат, прыніжэнне, запалохванне і г. д.», – кажа суразмоўца belsat.eu. Супрацоўнікі КДБ пагражалі, што будзе распачатая крымінальная справа паводле арт.356 КК («Здрада дзяржаве», караецца тэрмінам ад 7 да 15 гадоў).

На працоўным месцы і ў кватэры аднаго з работнікаў ЦЭЦ адбыліся ператрусы. Потым яго яшчэ некалькі разоў выклікалі на размовы ў КДБ, дзе «ціснулі маральна». Але крымінальнай справы не распачалі. «Імаверна, КДБ высветліў, што работнікі ЦЭЦ-2 не мелі дачынення да зліву нарады», – рэзюмуе наш суразмоўца.

Дагэтуль невядома, ці знайшоў КДБ чалавека, які зрабіў запіс нарады Віктара Жука. Але прынамсі аднаго з працаўнікоў ЦЭЦ, які трапіў пад падазрэнне, кіраўніцтва прадпрыемства прымусіла напісаць заяву аб звальненні.

«Чалавек пацярпеў ні за што. Спачатку на знак салідарнасці з ім вырашылі звальняцца і неабыякавыя да гэтай сітуацыі работнікі, сярод якіх былі інжынеры і кіраўнікі, а таксама простыя рабочыя. Але салідарнасць хутка рассыпалася, засталося некалькі чалавек. Цяпер у гэтым ужо няма сэнсу», – канстатуе яшчэ адзін работнік ЦЭЦ.

Hавiны
«Вы разумееце, што гэта вайна?» Як на гарадзенскіх прадпрыемствах праваліўся збор подпісаў супраць санкцыяў
2021.02.05 21:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў