«Калі я выйду, старэйшы сын скончыць школу». Пінчук на шэсць гадоў згубіў сям’ю і на ўсё жыццё – здароўе


Вячаслаў Рагашчук – адзін з фігурантаў «пінскай справы». Асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля затрымання 10 жніўня 2020 года быў моцна збіты, і ён мяркуе, што перажыў мікраінсульт. З таго часу не можа пазбавіцца ад звону ў вушах, з-за якога не спіць уначы. Дома Вячаслава чакаюць жонка, тры непаўналетнія сыны, бацькі і малодшая сястра Кацярына. Брата затрымлівалі на ейных вачах. «Белсат» паразмаўляў з жанчынаю пра Вячаслава і пра тое, як цяпер жыве ягоная сям’я.

Вячаслаў Рагашчук з бацькам.
Фота: сямейны архіў Кацярыны Рагашчук

Спадзяваўся на справядлівасць суддзі

Вячаслаў Рагашчук цяпер у Баранавіцкім СІЗА – туды мужчыну перавялі з Берасця неўзабаве пасля агучвання выраку 30 красавіка. Пінчук і ягоныя родныя чакаюць разгляду апеляцыі, які мусіць адбыцца 6 ліпеня. Хоць асаблівай надзеі на перагляд тэрміну сям’я не мае, ёсць нават непакой, каб больш не далі.

Hавiны
Фігурант «пінскай справы» ў апошнім слове: «Прашу прызначыць пацярпелым псіхалагічную экспертызу»
2021.04.15 21:54

Паводле сястры, Вячаслаў доўга не мог асэнсаваць свайго тэрміну зняволення. Пісаў у лістах, што не разумее, як такое можа быць, бо за забойства даюць менш.

– Распавядаў у адным з лістоў, што з ім у Берасці сядзеў мужчына, які да смерці збіў чалавека, дык атрымаў 4 гады «хіміі», – кажа Кацярына. – А Славіку, ні за што – шэсць гадоў. Гэта насамрэч не ўкладаецца ў галаве. Брат шчыра спадзяваўся, што будзе менш, на спатканні мне пра гэта казаў.

Ускладаў надзеі Вячаслаў і на суддзю Яўгена Брэгана.

– У СІЗА яму распавядалі, што гэта добры, справядлівы суддзя, – кажа жанчына. – Таму спадзяваўся, і вельмі расчараваўся і засмуціўся, калі суддзя даў столькі, колькі запытаў пракурор.

Людзей хапалі на вуліцах, закідвалі ў аўтамабілі ды вывозілі

Вячаслава абвінавачвалі ў тым, што ён біў палкамі па шчытах міліцыянтаў. Паводле Кацярыны, гэта пацвярджала відэа, а таксама ў тым, што пінчук спрабаваў вырваць сметніцу, але яму не ўдалося.

Даведка

Рагашчук тлумачыў на судзе, што ніхто са звычайных людзей першы агрэсію не праяўляў, што ўсе дзеянні былі адказам на тое, што міліцыя пачала браць пінчукоў у атачэнне. Акрамя таго, палітвязень распавядаў, што бараніў дзяўчыну, якая зачапілася і ўпала.

У апошнім слове Вячаслаў сказаў, што не шкадуе пра тое, што зрабіў, што паступіў бы дакладна гэтак сама, каб можна было павярнуць час назад, бо інакш «яму было б сорамна глядзець у вочы дзецям», распавяла Кацярына Рагашчук.

У СІЗА Вячаслава паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму. Беларускія праваабаронцы прызналі пінчука палітвязнем.

Вячаслава затрымалі на вачах сястры і ейнага сына. Кацярына згадвае, што 9 жніўня ўвечары, пасля разгону каля выканкаму, брат вярнуўся дадому, а раніцай 10-га пайшоў на працу (Вячаслаў быў таксістам), адпрацаваў дзень. Калі вяртаўся, патэлефанаваў сястры.

– Ён быў недалёка ад майго дому, казаў, што паўсюль міліцыя, – распавядае Кацярына. – На той момант мы ўжо ведалі, што людзей проста хапалі на вуліцах, закідвалі ў аўтамабілі ды некуды везлі. Я тады сказала брату, каб ішоў да мяне. Але ён баяўся і папрасіў, каб я выйшла насустрач.

Канваір выводзіў з камеры і біў

Кацярына разам з 12-гадовым сынам пайшлі сустракаць Вячаслава.

– Мы сустрэліся са Славікам і пайшлі дахаты, сын ішоў пасярэдзіне, я і Славік – па баках, – згадвае Кацярына. – Раптам ззаду падбеглі тры ці чатыры чалавекі і пачалі круціць Славіка. Сына адштурхнулі, ён упаў на зямлю. Я пачала крычаць: хто вы такія? Што адбываецца? А яны мне ў адказ: вядзі сына дамоў, не траўмуй яго. Славіка запхнулі ў машыну і павезлі.

Кацярына прыбегла дадому, пачала тэлефанаваць у міліцыю. Ёй доўга не давалі ніякай інфармацыі, а потым сказалі шукаць адваката для брата. Ужо была ноч, але жанчына знайшла адвакатку, якая наступнаю раніцай пайшла да Вячаслава. Пасля спаткання з ім распавяла Кацярыне, што брат моцна збіты. А на наступны дзень, 12 жніўня, адвакатка ўжо нічога не магла распавядаць – яе прымусілі даць падпіску аб неразгалошванні.

Неяк у адзін з тых дзён пасля затрымання Вячаслава Кацярына знайшла ў дзвярах запіску, аўтар якой пісаў, што сядзеў разам з Вячаславам у ІЧУ. Жанчына звязалася з гэтым чалавекам, і ён распавёў, што ейны брат быў у ізалятары з 10 да 14 жніўня. Канваір пастаянна выводзіў яго з камеры і біў.

– Ён быў увесь сіні, казаў той мужчына, на старых сіняках з’явіліся чорныя плямы, на хрыбетках былі чорныя плямы ад пабояў, – распавядае Кацярына. – Там усіх білі, паводле таго мужчыны, стаяў проста лямант ад збівання. Мы тады напісалі заяву ў пракуратуру, падкрэслілі, што ў нас ёсць сведкі, што Славіка забіралі цэлым і што білі ў ІЧУ. Але нам адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы, спаслаўшыся на тое, што маім паказанням і таго мужчыны давяраць нельга. Намеснік пінскага пракурора запэўніваў нас, што ніхто Славіка не біў.

«Напішам, што зваліўся з ровара»

Каб даказаць збіццё, Вячаслаў настойваў на праглядзе відэа з камераў назірання ў ІЧУ.

– Але следчы адказаў, што паколькі была навальніца, усе камеры згарэлі, відэа не захавалася, – кажа Кацярына.

Родныя пачалі дамагацца абследавання Вячаслава Рагашчука. Напісалі адпаведную заяву на імя начальніка Пінскага ГАУСу Дзмітрыя Каравякоўскага.

– У адказ яго пасля следчых дзеянняў у Пінску сталі ў той жа дзень забіраць назад у Баранавічы, – кажа Кацярына. – У той час як іншыя заставаліся ў Пінску, яго вывозілі. Відавочна, што баяліся абследавання і таго, што яно пакажа. А потым Славік напісаў у лісце, што ў СІЗА ў Баранавічах, калі яго афармлялі і пабачылі пабоі, сказалі: напішам, што зваліўся з ровара.

Звон у вушах пасля збівання застанецца на ўсё жыццё

Братава здароўе моцна пагоршылася пасля таго збівання, кажа Кацярына:

– У яго дагэтуль звон у вушах, які пачаўся пасля пабояў. Удзень ён амаль не заўважае яго, а ўначы не можа заснуць, толькі пад раніцу можа крыху паспаць, бо гэты шум і звон не даюць.

Паводле Кацярыны, пасля біцця ў Вячаслава была чэрапна-мазгавая траўма. Мужчыну не аказвалі ніякай медычнай дапамогі. Пазней, як мяркуе сам Вячаслаў і родныя, у яго быў мікраінсульт.

– Распавядаў, што ўвечары ён паклаўся спаць і раптам адчуў шчаўчок у галаве, памутнела, і пасля таго пачаўся звон, – кажа сястра палітвязня. – Дактары кажуць, што гэты звон застанецца на ўсё жыццё, цяпер яго можна толькі прыглушаць.

Нармальнага абследавання, кажа Кацярына, дамагчыся не змаглі. У Берасці Вячаслава паказвалі доктару, які прыйшоў да высновы, што зняволены «гатовы да зоны». З лекаў палітвязень цяпер атрымлівае толькі таблеткі для пашырэння сасудаў, якія яму перадаюць родныя.

Артыкулы
Родныя фігурантаў «пінскай справы» збіраюць сродкі на пагашэнне пазоваў
2021.06.13 09:30

Акрамя здароўя Вячаслава, родных турбуе неабходнасць сплаціць у хуткім часе больш за 380 тысяч рублёў маральнай і фізічнай кампенсацыі міліцыянтам, якія былі прызнаныя судом пацярпелымі. Ніхто з блізкіх палітвязняў не мае такіх грошай. Таму пінчукі пачалі збор сродкаў на платформе BySol.

– Мы вельмі просім неабыякавых людзей адгукнуцца і дапамагчы нам, бо мы не ведаем, як гэтую суму гасіць, – кажа Кацярына.

Hавiны
«Пінская справа»: міліцыянты патрабуюць скампенсаваць маральную шкоду на 380 тысячаў рублёў
2021.04.05 17:22

«Спадзяемся на цуд»

Сястра палітвязня кажа: дагэтуль не можа паверыць, што тое, што адбываецца з ейным братам, з іншымі пінчукамі, – гэта праўда. Жахлівыя падзеі, якія пачаліся пасля выбараў, – збіццё людзей, паляванне на іх проста ў горадзе на бусіках без нумароў, немагчыма забыць, кажа жанчына.

– Яшчэ добра, што я бачыла, як Славіка затрымалі, – зазначае Кацярына. – Бо шмат у каго родныя проста знікалі, і яны не ведалі, дзе іх шукаць. Ніколі ў жыцці не магла падумаць, што мы з такім сутыкнемся. Раней я палітыкаю не цікавілася, але пасля ўсяго гэтага нават не ведаю, як жыць далей. Так, як цяпер, дакладна нельга.

Але што рабіць, каб змяніць сітуацыю, сястра палітвязня не ведае, а некаторыя меркаванні баіцца агучваць, бо сёння «па кожнага прыходзяць».

– Мы вельмі чакаем, што ўсе асуджаныя ў нашай пінскай справе выйдуць на волю раней, проста спадзяемся на цуд, – кажа Кацярына.

Гісторыі
«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду
2021.04.25 18:31
Ліст Вячаслава Рагашчука з Баранавіцкага СІЗА.
Фота: сямейны архіў Кацярыны Рагашчук

«Малодшым дзецям купляем цацкі нібы «ад таты» – яны не ведаюць, што ён у турме»

22 снежня мінулага года Вячаславу споўнілася 35 гадоў, дзень народзінаў ён сустракаў у Баранавіцкім СІЗА. На волі ў палітвязня засталіся жонка і тры сыны – 11, 9 і 7 гадоў.

– Брат піша, што вельмі сумуе па дзецях, – кажа Кацярына. – Што час ідзе, а ён за кратамі, а мог бы пайсці з малымі на рэчку, у парк. Ён не бачыць, як растуць ягоныя дзеці. Гэта вельмі моцна яго катуе. Піша, што калі ён выйдзе праз шэсць гадоў, то старэйшы ўжо скончыць школу, будзе дарослы. Пра свой тэрмін кажа: згубленыя гады.

Дзецям жонка Вячаслава вырашыла не распавядаць, дзе тата. Ведае толькі старэйшы сын – ён прачытаў ліст. Хацеў адразу выклікаць таксоўку і ехаць да таты ў Баранавічы, але мама спыніла яго. Цяпер тата – ягоны герой. Хлопчык чытае навіны, чакае бацькавага вызвалення.

Малодшым сказалі, што Вячаслаў паехаў на заробкі.

– Каб яны не адчувалі, што тата іх кінуў, мы час ад часу купляем цацкі, нібыта гэта тата даслаў, перадаў, – распавядае Кацярына. – Славік яшчэ ўвосень у лісце прасіў: раскажыце дзецям, дзе я. Але ягоная жонка вырашыла, што пакуль не трэба.

Маці і сястра Вячаслава Рагашчука.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«Я ганаруся сваім братам, ён для мяне – герой»

Кацярына і ейная сям’я цяпер дапамагаюць жонцы і дзецям Вячаслава як могуць.

– Але што нашая дапамога, чым мы можам дапамагчы? Самага галоўнага падтрымання, мужа і бацькі – няма, яго мы не заменім ніяк, – кажа пінчанка.

Як кажа нашая суразмоўца, моцна перажываюць зняволенне Вячаслава бацькі:

– У таты тады адразу сэрца было схапіла, мама вельмі пастарэла за гэты час.

Пра свайго брата Кацярына кажа, што ён добры, спагадны, заўсёды гатовы дапамагчы, ніколі не пройдзе міма.

– Я ганаруся братам, ён для мяне герой, – кажа Кацярына. – І не толькі я, бацькі таксама, шмат якія знаёмыя. Адзінкі тых, хто не разумее ці асуджае. У нашым атачэнні такіх людзей няма.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў