Фільм «Золотое дно» пра рэзідэнцыі Лукашэнкі прызналі «экстрэмісцкім»


У тым жа спісе – фільмы «Урок беларускае мовы», рок-канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» і відэафайл «песенка», шматлікія Telegram-каналы і раённыя чаты.

Вокладка фільму «Лукашенко. Золотое дно». Крыніца: NEXTA / YouTube

Міністэрства інфармацыі Беларусі апублікавала абноўлены «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод навінак у ім – Telegram-чаты «Молодечно для жизни» і «Солигорск для жизни», суполка «Солигорск.org» у сацыяльнай сетцы «УКантакце», а таксама фільм «Лукашенко. Золотое дно» каналу «Nexta».

На момант публікацыі «экстрэмісцкі» фільм, які выйшаў 8 сакавіка, толькі на Youtube мае 6,5 мільёна праглядаў. У ім аўтары расказваюць, што вядома пра афіцыйныя і паўафіцыйныя рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Рашэнне аб прызнанні матэрыялу экстрэмісцкім прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску яшчэ 10 чэрвеня. У 2019 годзе той жа суд прызнаваў «экстрэмісцкім» фільм «Лукашенко. Уголовные материалы» ад тых жа «Nexta». А Telegram-каналы і лагатыпы аўтараў фільму прызналі экстрэмісцкімі 20 кастрычніка 2020 года ў тым жа судзе. Youtube-канал «Нехты» пакуль не прызналі «экстрэмісцкім».

Чаму фільм «экстрэмісцкі», невядома. Пра рашэнне суду раней не паведамлялася, а ў спісе не даюцца тлумачэнні «экстрэмісцкасці». Больш за тое, са спісу не заўсёды зразумела, што за матэрыял з’яўляецца «экстрэмісцкім»: напрыклад, у спісе ёсць відэафайл «песенка», які ў 2019 годзе прызнаў «экстрэмісцкім» суд Цэнтральнага раёну Гомля, а што тое за песня – загадка.

За распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» караюць паводле арт. 19.11 КаАП РБ, пры чым «экстрэмісцкімі» могуць палічыць і тыя матэрыялы, якіх няма ў спісе. Калі няма, максімальнае пакаранне для фізічнай асобы – штраф да 580 рублёў і канфіскацыя «прадмета правапарушэння» (на практыцы такім прызнаюць тэлефоны і камп’ютары, калі матэрыял лічбавы). Калі матэрыял ёсць у спісе, штраф можа складаць ад 290 да 870 рублёў, дадаецца магчымае пакаранне арыштам.

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў