«Spiegel»: У складзе расейскіх войскаў ва Украіне ваююць неанацысты


Выданне «Spiegel» са спасылкай на дакумент Федэральнай выведнай службы Нямеччыны паведамляе, што ў шэрагах збройных сілаў РФ ваююць расейскія неанацысты. Выведка адзначае, што сябры праварадыкальных арганізацыяў уцягнутыя ў баявыя дзеянні ва Украіне. Хаця расейцы пачалі вайну з мэтаю нібыта «дэнацыфікацыі».

Аляксей Мільчакоў, расейскі неанацыст.

Дакумент, на які спасылаецца нямецкае выданне, паведамляе, што ў вайне супраць Украіны ўдзельнічаюць сябры прынамсі дзвюх праварадыкальных груповак – «Русская имперская лига» і «Русич». Абедзве супрацоўнічаюць з Крамлём для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Аўтары агляду пішуць, што супраца з такімі групоўкамі зводзіць да абсурду «дэнацыфікацыю» Украіны як дэклараваную прычыну вайны.

У дакуменце не паведамляюць, колькі прадстаўнікоў такіх арганізацыяў могуць быць уцягнутыя ў баявыя дзеянні супраць Украіны, але даюцца назвы асобных падраздзяленняў – «Русский имперский легион», які ўжо з’яўляўся ў так званых ЛНР і ДНР у 2014–2015 гадах і мае ўласную трэнавальную базу ў РФ. Намеснік кіраўніка гэтай арганізацыі Дзяніс Гарыеў нібыта загінуў ва Украіне, а яшчэ некалькі баевікоў атрымалі сурʼёзныя раненні.

Пра «Русич» у аглядзе пішуць, што гэтая група можа быць звязаная з ПВК «Вагнер», якая ўдзельнічала ў баявых дзеяннях на Данбасе ў 2014–2015 гадах, а таксама ў Сірыі. На этапе поўнамаштабнай вайны баевікі з «Русича» пачалі ўдзельнічаць у баях не пазней за пачатак красавіка.

Жаўнер так званай ДНР з шэўронам.
Фота: Гардон

Аналітыкі ўключылі ў дакумент фота сузаснавальнікаў «Русича», дзе адзін, Аляксей М., пазіруе са сцягам са свастыкай, а ягоны калега Ян П. паказвае нацысцкае прывітанне. Пішуць таксама пра Аляксандра М., праварадыкала, які ў красавіку праз Telegram шукаў добраахвотнікаў для вайны супраць Украіны. Адзначаецца, што ён найперш сам ваяваў на баку баевікоў і працаваў карэспандэнтам для расейскага «Первого канала».

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў