Маравецкі: «Нарвегія павінна падзяліцца прыбыткамі ад нафты і газу з Украінай»


Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Нарвегія павінна падзяліцца часткай звышпрыбыткаў ад продажы нафты і газу з Украінай. Так польскі палітык адрэагаваў на павышэнне коштаў на энерганосьбіты. Улады Нарвегіі выказалі прынцыповую згоду, але з удакладненнямі, паведамляе «Bloomberg».

Матэўш Маравецкі, прэм’ер-міністр Польшчы.
Фота: gov.pl

Таксама Маравецкі адзначыў, што Польшча плануе перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі і атамную энергію, праз адмову ад паставак нафты і газу з Расеі.

«Але ці павінны мы плаціць Нарвегіі гіганцкія грошы за газ? У чатыры ці пяць разоў больш, чым мы плацілі год таму? Высокія прыбыткі ад нафты і газу Нарвегіі перавысіць €100 млрд. Гэта значна перавышае сярэднегадавы прыбытак за апошнія гады», – адзначыў Маравецкі.

Палітык заявіў, што скандынавы павінны падзяліць гэты звышпрыбытак. Ён мяркуе, што несправядліва нажывацца на вайне, якую распачаў Пуцін, хаця Нарвегія не вінаватая ў пачатку вайны.

Даляры ЗША.
Фота: АВ / Белсат

У Нарвегіі адрэагавалі на заявы польскага боку. Дзяржсакратар Нарвегіі Эйвінд Вад Петэрсан паведаміў нарвежскаму выданню NRK, што высокія прыбыткі ад продажу энерганосьбітаў у асноўным ідуць у Дзяржаўны пенсійны фонд для будучых пакаленняў.

«Няхай прыбыткі ад продажу нафты выраслі ў выніку вайны ва Украіне, але стан фонду з новага года ўпаў прыкладна на 550 млрд нарвежскіх крон. У тым ліку з-за падзення фондавага рынку. Эканоміка Нарвегіі і нарвежскія спажыўцы таксама пацярпелі ад больш высокіх коштаў на электраэнергію і бензін. Але Нарвегія ўнесла значны ўклад у падтрымку Украіны, і мы ўнясем яшчэ большы ўклад», – сказаў Петэрсан.

Ён таксама дадаў, што адносіны Нарвегіі і Польшчы павінны быць добрыя, нягледзячы на ​​супярэчлівыя ініцыятывы.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў