Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 22 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 22 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Білборд з ваеннай тэматыкай у Львове, Украіна. 12 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

22 красавіка вярхоўная камісарка ААН у справе правоў чалавека Мічэль Бачэле заявіла, што Расейскае ўварванне ўвяло Украіну ў крызіс правоў чалавека і гуманітарны крызіс, які спустошыў жыцці мірных жыхароў па ўсёй краіне і за яе межамі. Паводле дзяячкі, расейскія войскі бязладна абстрэльваюць і бамбяць паселішчы, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы шпіталі, школы ды іншую цывільную інфраструктуру, чыняць дзеянні, якія можна назваць ваеннымі злачынствамі.

Hавiны
«Рэальныя лічбы будуць нашмат вышэйшыя». У ААН распавялі пра ваенныя злачынствы РФ ва Украіне
2022.04.22 15:56

Прэзідэнт Сусветнага банку Дэйвід Мэлпас у сваю чаргу ацаніў фізічную шкоду ўкраінскім будынкам і інфраструктуры праз уварванне Расеі прыблизна на 60 мільярдаў долараў. Гэтая сума будзе расці щ парадку працягу вайны.

Начальнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Небытаў паведаміў, што пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ад акупацыі былі знойдзеныя целы 1084 мірных жыхароў, якія загінулі ў выніку дзеянняў расейскіх вайскоўцаў. Паводле Небытава, пераважная большасць з іх – ад 50 да 75 % – людзі, забітыя са стралковай зброі. Пры гэтым місія ААН на тэрыторыі Украіны зафіксавала 50 наўмысных забойстваў расейскімі войскамі мірных жыхароў у Бучы.

Школа вайскова-тактычнай падрыхтоўкі для мірнага насельніцтва, якую разам са сваімі калегамі арганізаваў ветэран АТА Уладзімір. Навучанне праводзілі на тэрыторыі закінутай прамысловай зоны ў ваколіцах Цярнопаля, Украіна. Красавік 2022 года.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

22 красавіка намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнай вайсковай акругі (ЦВА) Расеі генерал-маёр Рустам Мінекаеў заявіў, што расейскае войска падчас другога этапу вайны павінна ўсталяваць поўны кантроль над Данбасам і паўднёвай Украінай. Пры гэтым Мінекаеў дадаў, што кантроль над поўднем Украіны – «гэта яшчэ адно выйсце ў Прыднястроўе, дзе таксама адзначаюцца факты прыгнёту расейскамоўнага насельніцтва».

Разам з тым паводле інфармацыі Генеральнага штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 21 200 чалавек.

У Запарожскай вобласці ўпаў украінскі самалёт Ан-26. Паводле папярэдніх звестак, самалёт зачапіў апору электралініяў, пасля чаго загарэўся рухавік. У выніку здарэння адзін чалавек загінуў і два пацярпелі.

Школа вайскова-тактычнай падрыхтоўкі для мірнага насельніцтва, якую разам са сваімі калегамі арганізаваў ветэран АТА Уладзімір. Навучанне праводзілі на тэрыторыі закінутай прамысловай зоны ў ваколіцах Цярнопаля, Украіна. Красавік 2022 года.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Амбасадар ЗША пры Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе Майкл Карпэнтэр заявіў пра тэрміновую неабходнасць даць зброю Украіне ў яе абарончай вайне супраць Расеі. Паводле яго, дынаміка поля бою хутка перамесціцца з блізкага бою на далёкі агонь, дзе вызначальнае значэнне будуць мець артылерыя і рэактыўныя сістэмы залпавага агню.

У Пэнтагоне раскрылі дэталі ўзбраення з новага пакета дапамогі Украіне на $ 800 млн. У прыватнасці пакет уключае: 72 155-мм гаўбіцы, 144 000 артылерыйскіх боепрыпасаў да іх і 72 тактычныя машыны для буксавання гэтых гаўбіцаў, больш за 121 тактычны беспілотны лятальны апарат «Phoenix Ghost», а таксама палявое абсталяванне і запасныя часткі.

Іншыя краіны таксама распавялі пра дапамогу Украіне. Прэм’ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс падчас супольнага брыфінгу ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім паведаміў, што Мадрыд адправіў Украіне 200 тонаў боепрыпасаў, 20 браняваных транспартавых сродкаў ды іншых ваенных матэрыялаў. Там жа прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што ейная краіна выдаткуе каля $ 90 млн на зброю для Украіны. Адначасова з гэтым Еўразвяз паабяцаў даць Украіне 1,5 млрд еўраў для закупу цяжкага ўзбраення.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што пасля 24 лютага ў краіну прыбылі 23 565 украінцаў. Больш за 7 тыс. з іх прыехалі з Польшчы, дзе былі транзітам.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў