«Сярод гэтай смяротнай «любові». Як мастак Уладзімір Мэлымука ваюе за Украіну з пэндзлем у руцэ


Украінскі мастак Уладзімір Мэлымука мяркуе, што мастацтва мусіць быць не прыгожым, а моцным. У першы дзень вайны ён намаляваў вялізны партрэт Пуціна – акрываўленага забойцы. У другі дзень стварыў «Змяіны пацалунак» Пуціна і Лукашэнкі. Са сваймі творамі ён увесь час выходзіць на антываенныя акцыі ў Варшаве. Шмат якія з іх потым прадае, каб атрыманыя грошы перавесці на карысць Збройных сілаў Украіны. Адкуль ён бярэ сілы і натхненне, мастак расказаў у сюжэце праграмы «Вот Так».

Карціна Уладзіміра Мэлымукі «Пацалунак».
Фота: vova_melymuka / Facebook

«Я не быў ва Украіне 8 гадоў, але лічу сябе ўкраінцам. Перажываю моцна за сваю краіну і хачу падтрымаць яе. Ваяваць я не ўмею. Але ў мяне іншая вайна – інфармацыйная. Стараюся перадаць людзям тое, што бачу і адчуваю…

Перажываць можна, можна не спаць уначы, але гэткім чынам я нікому не дапамагу – мне трэба дзеяць», – кажа Уладзімір Мэлымука.

Ён расказвае, што 24 лютага, у першы дзень вайны, прыбег да амбасады Расеі ў Варшаве, каб выказаць свой пратэст, але проста так стаяць не змог. Паляцеў шукаць у крамах вялікае палатно для карціны, патрэбнага не знайшоў і тады ўдома пачаў маляваць на ўжо гатовай карціне тое, што адчуваў. Праз некалькі гадзінаў з’явіўся партрэт Пуціна з надпісам «Murderer».

Уладзімір Мэлымука трымае партрэт Пуціна на акцыі пратэсту ў Варшаве.
Фота: vova_melymuka / Facebook

На наступны дзень быў створаны «Пацалунак».

«Калі беларускі ўрад дазволіў увесці расейскія войскі са сваёй тэрыторыі, я зразумеў, што два гэтыя вылюдкі, выбачайце, злучыліся сваймі змяінымі языкамі і цалуюцца. А слова «любоў» перакрэсленае, бо гэта не любоў, зразумела. Сутнасць у тым, што яны ствараюць хаос, вайну і пакуты… Так я намаляваў тое, што адчуваў у другі дзень вайны», – дзеліцца мастак.

Паводле яго, надпіс «Госпадзі, дапамажы мне выжыць» (уверсе карціны) ён пабачыў на берлінскім муры. Фразу гэтую напісаў там некалі адзін з беларускіх мастакоў.

Калі расейцы захапілі Чарнобыльскую АЭС, на зваротным баку «Пацалунку» Мэлымука стварыў, па сутнасці, сучасны мункаўскі «Крык».

Твор Уладзіміра Мэлымукі «Крык».
Фота: vova_melymuka / Facebook

Паводле Уладзіміра Мэлымукі, спачатку людзі на антываенных акцыях проста глядзелі на ягоныя карціны і фатаграфавалі іх. А потым пачалі прапаноўваць дапамогу. Бо працы вельмі цяжкія, і доўгі час трымаць іх у руках не выходзіць.

«Калі людзі пачалі дапамагаць, я зразумеў, што раблю слушныя рэчы і што трэба ствараць яшчэ больш карцінаў… Людзі кажуць, што гэта класнае падтрыманне», – расказвае мастак.

Калі ўвесь свет пабачыў наступствы разні ў Бучы, Уладзімір Мэлымука зразумеў, што ўвесь той жах не здолее перадаць вобразамі на палатне. І зладзіў перформанс.

«Тое што я пабачыў у Бучы, мяне проста забіла. І я паказаў, што такое вайна. Я зрабіў гэта, каб усе адчулі і ўбачылі, як гэта выглядае. Купіў шмат прасцінаў, парэзаў іх на кавалкі. 15 чалавек ляглі каля амбасады на зямлю, і я накрыў іх акрываўленымі просцінамі…» – расказвае мастак.

«Гэта выглядала вельмі страшна», – прызнаецца ён. І кажа, што шмат якія гледачы проста плакалі.

«Для мяне мастацтва – гэта не проста прыгожыя кветачкі на карціне, а тое, што я адчуваю і перадаю. Я думаю, што мастацтва мае быць моцным. А прыгожае могуць ствараць людзі і без мяне. Мастацтва моцнае – іншыя рэчы. І я працую над ім», – кажа Уладзімір.

Грошы ад прададзеных твораў мастак пераводзіць на рахунак ЗСУ. Апроч гэтага, ён дапамагае ўкраінскім уцекачам і як валанцёр.

Апошні мастацкі твор Уладзіміра Мэлымукі – «Груз-200»: цынкавая труна з надпісам чырвонай фарбай «Расейскі салдат едзе дадому». Гэтым ён заклікае расейскіх маці не адпускаць сваіх сыноў на вайну, бо вяртацца яны будуць адтуль толькі ў такіх трунах…

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў