Аж да смяротнага пакарання: што чакае беларускіх прапагандыстаў у судзе пасля сыходу рэжыму?


Абразы, прыніжэнне, заклікі да вынішчэння і адкрытае распальванне нянавісці ў публічнай прасторы. Цяпер беларускім прапагандыстам усё гэта сыходзіць з рук. Але ці будзе так у будучыні, калі рэжым сыдзе? Якія артыкулы заканадаўства яны ўжо парушылі і якія тэрміны могуць атрымаць, калі апынуцца на сумленным судзе? Пра гэта мы паразмаўлялі з юрыстам Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцёмам Праскаловічам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка размаўляе з журналістамі дзяржаўных СМІ на спартыўным свяце «Менская лыжня» у Раўбічах. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: president.gov.by

Пасля пачатку вайны ва Украіне з беларускіх тэлеканалаў услед за расейскімі гучыць наўпроставая мілітарысцкая рыторыка і напампоўванне грамадства фэйкамі, агрэсіяй ды нянавісцю. Але беларуская прапаганда агрэсіўна пачала расколваць грамадства на сваіх і чужых, распальваць адкрытую нянавісць і варажнечу з заклікамі нават да фізічнага вынішчэння «чужых» пасля падзеяў 2020 года. «Чужым» і непажаданым у краіне стаўся кожны, хто быў супраць гвалту сілавікоў і не падтрымлівае дзейны рэжым.

«Паляванне на вядзьмарак» і пошук ворагаў трывае ўжо амаль два гады, і махавік рэпрэсіяў шчодра змазваецца паламанымі лёсамі, крывёй ахвяраў і хлуснёю з дзяржаўных тэлеканалаў, старонак дзяржаўных газетаў ды інтэрнэту.

Азаронку, Туру, Мукавозчыку і астатнім – падрыхтавацца

Калі работнікі дзяржаўных СМІ думаюць, што яны проста выконваюць сваю працу на запыт дзяржавы і караць іх няма за што, то яны памыляюцца. Ёсць яскравыя прыклады ў гісторыі: прапагандысты прызнаваліся вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці падчас Нюрнбэргскага працэсу і трыбуналу ў справе Руанды.

Гісторыі
Нюрнбэрг: як судзілі нацысцкіх злачынцаў і што засталося ад рэштак фашысцкай імперыі
2022.04.21 09:00

Пдчас Нюрнбэргскага працэсу ўпершыню ў гісторыі за ваенныя злачынствы судзілі прапагандыстаў – людзей, чые словы і вобразы спрыялі нацысцкім актам агрэсіі, пераследам і забойствам. Напрыклад, абвінавачанні, выстаўленыя выдаўцу газеты «Der Stürmer» Юліюсу Штрайхэру ды чыноўніку міністэрства народнай асветы і прапаганды Гансу Фрыцшэ, былі заснаваныя выключна на іхнай дзейнасці ў якасці прапагандыстаў. У абвінаваўчым заключэнні ўказвалася, што прапаганда была «адною з самых магутных прыладаў змоўцаў, якія з самага пачатку разумелі неабходнасць унушэння нямецкім масам прынцыпаў ды ідэалогіі нацыянал-сацыялізму» і якія выкарыстоўвалі прапаганду «для псіхалагічнага рыхтавання да ваеннай агрэсіі».

Нямецкі габрэйскі пісьменнік Віктар Клемпэрэр трапна напісаў у 1946 годзе: «Нацызм уядаўся ў плоць і кроў масаў праз асобныя слоўцы, звароты мовы, канструкцыі сказаў, якія ўдоўбваліся ў натоўп мільённымі паўтарэнняў ды паглыналіся ім механічна і несвядома».

Штрайхэра судзілі сярод першых і прыгаварылі да смяротнага пакарання. Яго павесілі разам з лідарамі нацысцкага рэжыму, элітаю Трэцяга райху ў ноч на 16 кастрычніка 1946-га. Мантра «мы проста выконвалі сваю працу» не дапамагла.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналіст Ігар Тур злева. Крыніца: Игорь Тур / Facebook

Нават калі беларускія працаўнікі рэпрэсіўнай машыны не ўдастояцца такога гонару як міжнародны трыбунал, нашага роднага Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь дастаткова, каб напоўніцу ацаніць іхны ўнёсак у беззаконне, прыгнёт і гвалт.

Што можа чакаць беларускіх прапагандыстаў у будучыні?

Глядзім і лічым разам з нашым экспертам.

Артыкул 123. «Прапаганда вайны».

1. Распаўсюд у любой форме поглядаў, ідэяў ці заклікаў з мэтаю выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай (прапаганда вайны) караецца штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

2. Прапаганда вайны, учыненая асобамі, якія займаюць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнаю дзейнасцю або без пазбаўлення.

Артыкул 188. Распаўсюд загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп) у сродках масавай інфармацыі: да трох гадоў абмежавання волі.

Артыкул 189. Наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выяўленае ў непрыстойнай форме (абраза) у сродках масавай інфармацыі: да трох гадоў абмежавання волі.

Артыкул 203. Наўмыснае незаконнае парушэнне таямніцы ліставання, тэлефонных ці іншых перамоваў, паштовых, тэлеграфных ці іншых паведамленняў грамадзянаў: да двух гадоў пазбаўлення волі.

Артыкул 406. Неданясенне пра дакладна вядомае ўчыненае злачынства або пра дакладна вядомую асобу, якая ўчыніла гэтае злачынства: да двух гадоў пазбаўлення волі.

Артыкул 130. Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці: да 12 гадоў пазбаўлення волі.

«Варта разумець, што кожнае выказванне трэба ацэньваць асобна. Той жа заклік можа быць ацэнены і як падштурхоўванне да забойства, і як распальванне варожасці. Але ў любым выпадку гэта цяжкае злачынства, і кожны прапагандыст, які піша ці прагаворвае нешта падобнае, на 100 % разумее, што ён робіць і якая адказнасць за гэта прадугледжаная. Бо яны ж і распавядаюць пра сфабрыкаваныя справы паводле тых артыкулаў, якія будуць скарыстаныя ў дачыненні іх самых пасля сыходу рэжыму», – адзначае Арцём Праскаловіч.

Асобна вылучым асабліва цяжкія злачынствы, дзе дзяржаўных прапагандыстаў можна юрыдычна разглядаць як суўдзельнікаў.

Артыкул 128. Суўдзел у незаконным утрыманні ў зняволенні, выкраданні людзей, за якім ідзе іхнае знікненне, катаванні ці акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі: да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, або смяротнага пакарання.

Артыкул 357. Суўдзел у захопе або ўтрыманні дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам: да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка размаўляе з журналістамі дзяржаўных СМІ. 24 лютага 2022 года.
Фота: president.gov.by

«Лёс гаворачых галоваў, сцэнарыстаў ды іхных начальнікаў прадвызначаны. А вось аператарам, грымёрам, святлатэхнікам, мантажыстам ды іншаму персаналу доблесных вяшчальнікаў «праўды» яшчэ не позна паспрабаваць пазбегнуць адказнасці. Удзельнік злачыннай арганізацыі (акрамя арганізатара або кіраўніка), які добраахвотна заявіў пра існаванне злачыннай арганізацыі ды спрыяў іх выкрыццю, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за ўдзел у злачыннай арганізацыі», – кажа эксперт.

З нацыянальным заканадаўствам разабраліся. А калі ўзяць міжнародны ўзровень: ці можа чакаць новы Нюрнбэрг беларускае кіраўніцтва, сілавікоў і прапагандыстаў за гвалт над беларусамі, які не спыняецца ўжо амаль два гады? Паводле нашага эксперта, прыцягненне да міжнароднай крымінальнай адказнасці ўва ўсіх магчымых формах прадстаўнікоў рэжыму – адно з асноўных стратэгічных заданняў НАУ. Вельмі важна фіксаваць факты злачынстваў, у тым ліку і прапагандыстаў. Ёсць людзі ды ініцыятывы, якія гэтым займаюцца.

«Але будзем аб’ектыўныя: боль беларусаў аказаўся не дастатковым для дэмакратычных краінаў, каб актыўна працаваць разам з намі ў гэтым кірунку. На жаль, патрэбныя шматтысячныя ахвяры і сапраўдная вайна, каб яны заварушыліся. Але мы робім галоўнае – фіксуем сведчанні, афармляем іх разам з юрыстамі ў Польшчы, Літве, Нямеччыне ды іншых краінах, накіроўваем у межах адпаведных міжнародных ці нацыянальных працэдураў. Гэта гарантуе, што цягам часу кожнага злачынцу напаткае адказнасць. Але відавочна і іншае: рэжым дажывае апошнія дні, усе сілавікі, дзяржаўныя службоўцы, прапагандысты, датычныя да катаванняў, гвалту, забойстваў, распальвання варожасці, заклікаў да вайны з суседнімі краінамі і генацыду беларускага народу, атрымаюць сваё пакаранне на радзіме падчас працэсаў у незалежным беларускім судзе», – перакананы Арцём Праскаловіч.

Прапаганда нянавісці падчас вайны

З пачаткам вайны ва Украіне неад’емнай яе часткаю стала інфармацыйная вайна. Пры гэтым расейская прапаганда набывае маштаб чыстай выдумкі: прыдумляе ўсё, робячы пры гэтым белае чорным, а чорнае – белым. За ёй паўтарае і беларуская прапаганда, якая выдае фэйкі за праўду і працуе паводле прынцыпаў Оруэла.

«Відавочна, што ў дачыненні ваеннай агрэсіі Расеі будзе створаны адмысловы трыбунал. Спрагназаваць, як будуць разгортвацца падзеі падчас яго працы, складана. Але дакладна кіраўніцтва і самыя «гучныя» прадстаўнікі прапаганды будуць прыцягнутыя да адказнасці менавіта ў межах трыбуналу. Бо, акрамя Нюрнбэргу, мы ведаем, напрыклад, пра ацэнку ролі прапагандыстаў з Радыё тысячы пагоркаў у межах трыбуналу ў справе Руанды. Там у якасці падвіноўных разглядалі і асобных журналістаў, і вядоўцаў, якія проста або іншасказальна заклікалі да гвалту і забойстваў», – кажа Арцём Праскаловіч.

У доказе віны злачынцаў важную ролю будуць адыгрываць незалежныя медыі, дзякуючы працы якіх можна ў выніку здабыць сведчанні і доказы рэальных абставінаў, каб потым вызначаць лёс прапагандыстаў-злачынцаў на судзе.

«Тыя, хто пазбегне трыбуналу, будуць прыцягнутыя да крымінальнай, адміністратыўнай або грамадскай адказнасці ў сваіх краінах. Наўрад ці мы пабачым за кратамі прыбіральніцу з Белтэлерадыёкампаніі, але вядомыя ўсім асобы несумненна не пазбегнуць пакарання. Нават калі паспеюць уцячы, да апошніх дзён будуць жыць пад страхам адказнасці, бо злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрмінаў даўніны», – перакананы эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі пратэстуюць супраць дзяржаўнай прапаганды падчас мітынгу ў Менску. 23 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат
  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. За гэты час ува ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 22 красавіка 2022 года 1134 асобы прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 41 тысячы чалавек затрыманыя. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў