«Рэальныя лічбы будуць нашмат вышэйшыя». У ААН распавялі пра ваенныя злачынствы РФ ва Украіне


Расейскае ўварванне ўвяло Украіну ў крызіс правоў чалавека і гуманітарны крызіс, які спустошыў жыцці мірных жыхароў па ўсёй краіне і за яе межамі. Пра гэта заявіла 22 красавіка вярхоўная камісарка ААН у справе правоў чалавека Мічэль Бачэле.

«Цягам гэтых васьмі тыдняў міжнароднае гуманітарнае права не проста ігнаравалася, але, здавалася б, адкідалася ўбок», – сказала Бачэле.

Паводле дзяячкі, расейскія войскі бязладна абстрэльваюць і бамбяць паселішчы, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы шпіталі, школы ды іншую цывільную інфраструктуру, чыняць дзеянні, якія можна назваць ваеннымі злачынствамі.

Барадзянка пасля месяца акупацыі расейскімі войскамі. Гэты горад месціцца крыху далей ад Кіева ў параўнанні з Бучай ці Ворзэлем. Да вайны тут жылі больш за 10 тысяч асобаў. 28 лютага горад занялі расейскія войскі, толькі 1 красавіка ў Барадзянку ўвайшлі ўкраінскія войскі, а праз некалькі дзён яго змаглі ўбачыць і журналісты. Паводле мясцовых уладаў, мінімум 200 асобаў лічацца зніклымі без вестак. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

З 24 лютага да поўначы 20 красавіка ММПЧУ задакументавала і пацвердзіла 5264 ахвяры сярод цывільнага насельніцтва: 2345 забітых і 2919 параненых.

«Мы ведаем, што рэальныя лічбы будуць нашмат вышэйшыя, бо жахі, якія адбываюцца ў раёнах лютых баёў, як Марыупаль, стануць яшчэ вядомыя», – сказала вярхоўная камісарка.

Згадала Мічэль Бачэле і масавыя пакаранні смерцю мірных жыхароў у раёнах, раней акупаваных расейскімі войскамі:

«Практычна кожны жыхар Бучы, з якім размаўлялі нашыя калегі, распавёў нам пра смерць сваяка, суседа ці незнаёмага чалавека. Мы ведаем, што трэба зрабіць значна больш, каб раскрыць тое, што там адбылося, і мы таксама ведаем, што Буча – не адзінкавы выпадак».

Разбураны дом у Барадзянцы, якая месяц была пад акупацыяй расейскіх войскаў. Гэты горад месціцца крыху далей ад Кіева ў параўнанні з Бучай ці Ворзэлем. Да вайны тут жылі больш за 10 тысяч асобаў. 28 лютага горад занялі расейскія войскі, толькі 1 красавіка ў Барадзянку ўвайшлі ўкраінскія войскі, а праз некалькі дзён яго змаглі ўбачыць і журналісты. Паводле мясцовых уладаў, мінімум 200 асобаў лічацца зніклымі без вестак. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Місія ААН атрымала больш за 300 заяваў пра забойствы мірных жыхароў у гарадах Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Сумскай вобласцяў, што былі пад кантролем расейскіх войскаў у канцы лютага і пачатку сакавіка. Вярхоўная камісарка нагадала, што гэта грубае парушэнне міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і сурʼёзнае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права, што прыраўноўваецца да ваенных злачынстваў.

Таксама зафіксаваныя прынамсі 114 нападаў на медычныя ўстановы. У сувязі з парушэннем медычнага абслугоўвання ў шэрагу абложаных гарадоў і паселішчаў узрасла і агульная смяротнасць мірнага насельніцтва. Ад гэтага загінулі прынамсі 3000 мірных жыхароў, якіх расейскія вайскоўцы змушалі заставацца ў сутарэннях або забаранялі пакідаць свае дамы некалькі дзён ці тыдняў.

Місія атрымала прынамсі 75 заяваў пра сексуальны гвалт у дачыненні жанчын, мужчынаў, дзяўчатак і хлопчыкаў з боку вайскоўцаў расейскіх узброеных сілаў ва Украіне. ММПЧУ атрымала 75 заяваў з усёй краіны, хаця большасць з іх паступіла з Кіеўскай вобласці.

Затрыманне цывільных асобаў сталася шырока распаўсюджанаю практыкай у раёнах, якія кантралююцца расейскімі ўзброенымі сіламі і звязанымі з імі ўзброенымі фармаваннямі. З 24 лютага ММПЧУ зафіксавала 155 такіх выпадкаў у дачыненні мясцовых чыноўнікаў, журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў ды іншых. Некаторыя з іх зазнавалі катаванні або жорсткае абыходжанне, іх пакідалі без ежы і вады або трымалі ў перапоўненых памяшканнях. Пяць ахвяраў гвалтоўных знікненняў былі знойдзеныя мёртвымі.

Аналітыка
Ад спаленых падручнікаў да адноўленых помнікаў Леніну. Як Расея спрабуе прымусіць Украіну палюбіць сябе
2022.04.20 12:38

ПС belsat.eu

Стужка навінаў