На Кіеўшчыне знайшлі целы 1084 забітых мірных грамадзянаў


Пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ад акупацыі былі знойдзеныя целы 1084 мірных жыхароў, якія загінулі ў выніку дзеянняў расейскіх вайскоўцаў.

Пра гэта паведаміў начальнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Небытаў, піша «Українська правда».

«Хачу сказаць, што цяпер колькасць целаў загінулых складае 1084, якія агледжаныя следчымі і вывезеныя ў судова-медыцынскія ўстановы. Гэта цывільныя асобы, якія не мелі дачынення ні да тэрытарыяльнай абароны, ні да іншых вайсковых фармаванняў.

Пераважная большасць – ад 50 да 75 % – людзі, забітыя са стралковай зброі: кулямёт, снайперская вінтоўка або аўтамат, у залежнасці ад паселішча. Да гэтага часу не ўстаноўленыя застаюцца больш за 300 целаў загінулых», – распавёў Небытаў.

Гісторыі
Пыталіся ў людзей: «Дзе бандэраўцы? Дзе зброя? У якую царкву ходзіце?» Пра тэрор у Бучы і Барадзянцы
2022.04.08 19:09

Нагадаем, што пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя паселішчы, сотні мірных жыхароў былі забітыя, ёсць інфармацыя пра згвалтаванні і паўсюднае марадзёрства.

Найбольш жахлівыя звесткі прыходзілі з Бучы: паводле відавочцаў, горад быў проста «засеяны трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі. У паліцыі паведамлялі, што ў Бучы знайшлі больш за 350 трупаў цывільных асобаў.

Гісторыі
«Цэлае пекла мы перажылі». Паразмаўлялі з жыхаркамі Бучы, якія перажылі расейскую акупацыю
2022.04.08 11:00

РР belsat.eu

Стужка навінаў