Адмовы ў медычным страхаванні, банкаўскія абмежаванні. Беларусы распавядаць пра выпадкі дыскрымінацыі


Беларусы як грамадзяне краіны-суагрэсара сутыкнуліся з праявамі дыскрымінацыі або ціску з першых дзён вайны ва Украіне. Пра такія выпадкі нам дасюль распавядаюць чытачы. Таксама розныя факты апісваюць у чатах беларускіх эмігрантаў. Гэтым разам «Белсату» стала вядома пра адмову адкрыць страхоўку ва Украіне і пра банкаўскія абмежаванні ў Польшчы. Мы папрасілі страхавую кампанію і адзін з банкаў патлумачыць, чаму змянілася стаўленне да беларусаў.

Адзначым, што факты дыскрымінацыі носяць кропкавы характар, але часам, каб атрымаць неабходную паслугу, грамадзянам Беларусі даводзіцца звяртацца да іншых кампаніяў.

Абноўлена
У Кракаве Славе Камісаранку адмовілі ў арэндзе пляцоўкі для канцэрта салідарнасці з Украінай
2022.04.19 22:05

«Калі работнік убачыў мой пашпарт, сказаў: «Выбачайце, мы не можам вас абслугоўваць»

Беларус Арцём (імя змененае на жаданне суразмоўцы) да вайны жыў ва Украіне і дасюль там застаецца. У красавіку маладзён пастанавіў ехаць у Польшчу, а для гэтага трэба гуманітарная віза. Падставы для яе былі, бо з Беларусі маладзён з’ехаў праз палітычны пераслед.

Каб зрабіць неабходную медычную страхоўку, хлопец пайшоў у буйную міжнародную страхавую кампанію – PZU. І атрымаў там адмову.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrzej Bogacz / Forum

«Пайшоў у PZU, бо ў адным з чатаў пабачыў добрыя водгукі пра іх, маўляў, усё хутка робяць, да таго ж фірма побач з Польскім консульствам, – распавядае Арцём. – Я прыйшоў да іх, размаўляў з імі па-ўкраінску. Сустрэлі мяне прыязна, але, убачыўшы мой пашпарт, работнік адразу сказаў: «Выбачайце, мы не можам вас абслугоўваць». Я запытаў, на якой падставе. Мне адказалі, што фірма мае ўнутранае распараджэнне кіраўніцтва, паводле якога яны не могуць абслугоўваць грамадзянаў Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Я запытаў, ці ёсць нейкі дакумент, яго нумар, дата. Мне кажуць – не, гэта ўнутранае распараджэнне з сакавіка. І на гэтым усё. Доўга выбачаліся, але страхоўку не зрабілі».

Арцём звярнуўся з просьбаю патлумачыць сітуацыю ў службу падтрымання PZU і атрымаў наступны адказ: «У перыяд ваеннага становішча страхавая кампанія «PZU Україна» максімальна выкарыстоўвае рызыкаарыентаваны падыход, згодна з якім кампанія можа адмовіцца ад супрацы з якім заўгодна кліентам, дамова з якім можа прывесці да аператыўных ці рэпутацыйных рызык».

Адказ страхавой кампаніі

«Белсат» звярнуўся ў PZU з просьбаю растлумачыць, чаму Арцёму адмовілі ў страхаванні. Мы атрымалі наступны адказ: «Ваш чытач хацеў набыць дадатковую і добраахвотную турыстычную страхоўку, якая ўтрымлівае ў тым ліку паслугі ў арганізацыі медычнай дапамогі ў выпадку хваробы ці няшчаснага выпадку. У гэты момант «PZU Україна» не заключае новых дамоваў страхавання ў тых выпадках, калі ў нас няма ўпэўненасці, што мы будзем у стане забяспечыць дапамогу. Праз незалежныя ад нас акалічнасці такая сітуацыя датычыць таксама доступу да паслуг грамадзянам Беларусі на тэрыторыі Украіны, дзе баявыя дзеянні, якія ўсцяж трываюць, робяць немагчымым выкананне паслуг у гэтай галіне, як і ў краінах Еўразвязу, дзе ўсё часцей мы сустракаемся з выпадкамі адмовы надаваць паслугі грамадзянам Беларусі з боку вонкавых медычных аператараў. Мы не можам адказна гарантаваць аховы ў сітуацыі, калі вонкавыя і незалежныя ад нас абставіны ўскладняюць гэта ці робяць увогуле немагчымым. «PZU Україна» не заключае новых дамоваў аб добраахвотным страхаванні, калі існуе рызыка ненадання паслуг вонкавымі арганізацыямі».

Пашпартны кантроль у львоўскіх кавярнях

Дакумент, які забараняе абслугоўваць беларусаў, Арцёму так і не паказалі. У выніку хлопец зрабіў страхоўку ў іншай фірме – мясцовай, украінскай: «Я нават размаўляў з імі па-беларуску, і ніякіх прэтэнзіяў да мяне не было. У консульства дакументы ўрэшце падаў. Думаю, праз тыдзень забяру ўжо візу і паеду ў Польшчу».

Білборд з ваеннай тэматыкай у Львове, Украіна. 12 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

З адмоваю абслугоўваць беларусаў у розных установах Украіны з пачатку вайны сутыкаліся і Арцёмавы сябры: «На жаль, гэта не адзінкавыя выпадкі. Мае знаёмыя былі ў тэатры піва «Праўда». Там на дзвярах вісіць аб’ява пра пашпартны кантроль, маўляў, мы не пускаем грамадзянаў РФ і РБ. Яшчэ адну дзяўчыну-беларуску не пусцілі ў Львоўскую капальню кавы. Яна прыйшла разам з хлопцам-украінцам, ён па-ўкраінску спрабаваў патлумачыць, дагрукацца да адміністрацыі, але ёй усё роўна адмовілі».

Арцём лічыць, што пра ўсе такія выпадкі трэба распавядаць і дамагацца ад кіраўнікоў установаў, якія дыскрымінуюць беларусаў, тлумачэнняў, на якіх падставах яны гэта робяць: «Нам, беларусам, не трэба маўчаць, рабіць выгляд, што ўсё гэта несур’ёзна. Не, пра гэта трэба казаць. Раздзяляць людзей паводле колеру пашпарта не найлепшая ідэя».

«Рахунак уцекача» ў польскім банку

Яшчэ адзін выпадак дыскрымінацыі актыўна абмяркоўваўся ў адной з групаў беларусаў у Варшаве: эмігранту з Беларусі нібыта абмежаваў доступ да ўласнага рахунку банк ING.

«Банк ING абмежаваў акаўнт з магчымым поўным блакаваннем рахунку праз грамадзянства РБ. Ёсць від на жыхарства, але гэтага недастаткова. Назваць закон, на які спасылаюцца, не могуць», – пішуць у Facebook-групе «Беларусы ў Варшаве».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrzej Bogacz / Forum

Мы сустрэлі падобныя паведамленні і пра нямецкія банкі, аднак не падаваліся назвы. А вось у ING мы звярнуліся па тлумачэнні. У адказе банк папрасіў кліента, які сутыкнуўся з блакаваннем рахунку, звяртацца асабіста, каб развязаць пытанне, а таксама патлумачыў, ці змянілася нешта ў палітыцы ўстановы ў дачыненні беларусаў з пачаткам вайны ва Украіне:

«Я хацеў бы запэўніць, што беларускае грамадзянства, згодна з правіламі нашага банку, не ёсць падставаю для абмежавання магчымасці карыстацца рахункам у «ING Bank Śląski». Грамадзяне Беларусі могуць адкрыць стандартны рахунак, згодна з працэдурамі, што дзеялі да 24 лютага. Тут нічога не змянілася».

У размове праз тэлефон прэсавы сакратар банку ING распавёў нам, што з пачаткам вайны з’явілася магчымасць адкрываць «рахунак уцекача». Ён мае пэўныя абмежаванні ў банкаўскіх аперацыях, аднак адкрыць такі рахунак могуць не толькі ўкраінцы, але і беларусы.

Пацверджанне крыніцы прыбытку і камісія за адкрыццё рахунку. Што замежныя банкі патрабуюць ад беларусаў

Каб адкрыць стандартны рахунак у банку, грамадзяне Беларусі мусяць падаць наступныя дакументы (гэтыя правілы дзеялі яшчэ да вайны – падкрэсліваюць у банку):

  • дакумент, які пацвярджае легальнасць перабывання ў Польшчы (від на жыхарства, віза);
  • дакумент, які пацвярджае наяўнасць месца жыхарства ў Польшчы: пасведчанне аб рэгістрацыі з пячаткай адміністрацыі гораду ці гміны, дамова пра арэнду жытла, пасведчанне CFR-1 з падаткавай службы ці пасведчанне ад працадаўцы (альбо вучэльні) аб месцы жыхарства працаўніка (студэнта);
  • дакумент, які пацвярджае крыніцу атрымання сродкаў: працоўная дамова, пацверджанне атрымання стыпендыі ці індывідуальнага прадпрымальніцтва (пасведчанне з CEIDG).

Усе дакументы мусяць быць не старэйшыя за тры месяцы.

Аналітыка
Беларусам ва Украіне заблакавалі банкаўскія карты. Што можна зрабіць?
2022.03.07 11:49

Калі ў польскім банку ING усе гэтыя дакументы для адкрыцця рахунку прасілі яшчэ да вайны ва Украіне, то ў Банку Грузіі ўмовы для беларусаў змяніліся менавіта цягам апошнім двух месяцаў. Пра гэта распавядаюць беларусы, якія цяпер жывуць у Грузіі. Раней, каб адкрыць рахунак у грузінскім банку, трэба было прайсці з пашпартам, запоўніць невялікую анкету, а праз пару дзён можна было атрымаць картку. Цяпер жа неабходна падаць дакументы, якія пацвярджаюць крыніцы атрымання прыбытку. Яшчэ ў сакавіку такое пацверджанне патрабавалі толькі ад грамадзянаў Расеі, цяпер жа – і ад беларусаў.

Акрамя таго, за разгляд заявы аб адкрыцці рахунку Банк Грузіі цяпер бярэ камісію – 50 лары (каля $ 15). У выпадку адмовы камісію не вяртаюць.

Бальшыню выпадкаў дыскрымінацыі не ўдаецца верыфікаваць

У групах і чатах беларусаў Грузіі дасюль час ад часу абмяркоўваюцца выпадкі падняцца коштаў за арэнду кватэры ці высялення. Адсочвае факты дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі Беларуская дыяспара Аджарыі. У большасці выпадкаў неяк дакументальна пацвердзіць інцыдэнты не ўдаецца, кажа кіраўнік дыяспары, праваабаронца Раман Кісляк:

«Мы правяраем усю інфармацыю пра дыскрымінацыю беларусаў у Грузіі, а таксама выкарыстанне мовы варожасці ў адрас беларусаў. Як правіла, пра выпадкі дыскрымінацыі распавядаюць у тэлеграм-чатах, часта ананімна ці са словаў трэціх асобаў. На сёння мы не здолелі зафіксаваць і верыфікаваць ніводнага выпадку дыскрымінацыі беларусаў у Аджарыі».Беларусам, якія сутыкнуліся з выпадкамі дыскрымінацыі, праваабаронцы ды актывісты прапаноўваюць запоўніць адмысловую анкету. Яна датычыць не толькі Грузіі: у форме можна адзначыць краіну, дзе адбыўся інцыдэнт.

Артыкулы
Плююць у твар, не здаюць кватэраў. Актывісткі збіраюць звесткі пра дыскрымінацыю беларусаў
2022.03.30 11:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў