Змітрок Бядуля – паратунак ад нашай маразматычнай рэальнасці

23 красавіка – 135 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых унікальных і незвычайных пісьменнікаў Беларусі. Самуіл Плаўнік (1886–1941) больш вядомы пад псеўданімам Змітрок Бядуля. «Белсат» сабраў факты пра асобу, якая ўмела здзіўляць.

Першы габрэй, які стаў пад штандары беларускага адраджэння

Любоў габрэйскіх літаратараў, мастакоў, рэжысёраў да гратэску, яўнай казачнасці, фантазійнасці самым выдатным чынам праявілася ў ягоных імпрэсіях, абразках, вершах, аповесцях і раманах. У адрозненне ад большасці беларускіх творцаў, Змітрок Бядуля ўмеў узвышацца над прыкраю рэальнасцю, не прытрымліваўся пратакольнай нуднай праўды, гуляўся ў сваіх творах з рэальнасцю са спрытам цыркавога артыста.

Змітрок Бядуля і Якуб Колас у дзень узнагароджання ордэнамі. 1939 год. Фота: Змятрок_Бядуля / be.wikipedia.org

Ягонаму рознабаковаму таленту зайздросцілі

О так. І Янка Купала, і Якуб Колас, і Максім Гарэцкі захапляліся ягоным уменнем з пераканаўчаю лёгкасцю і вялікім талентам ствараць брутальныя рэчы, дзе мамы-жабрачкі выколваюць іголкаю вочы сваім дзецям (апавяданне «Ашчаслівіла»), і светлыя, вясёлыя казкі для самых малых чытачоў («Качачка-цацачка»); экспрэсіянісцкія вершы, якія праслаўляюць І сусветную вайну, і рыфмаваныя творы, дзе ўхвалялася новая сацыялістычная рэальнасць; маштабныя рэалістычныя раманы («Язэп Крушынскі») і кароткія ўмоўна сімвалічныя абразкі, поўныя невымоўнай паэзіі. Акрамя таго, у маладыя гады Змітрок Бядуля здзіўляў сваіх калег-беларусаў выдатнай ігрою на скрыпцы, а таксама артыстычным талентам: быў акторам (1910-ыя гады) у пастаноўках пачынальнікаў нацыянальнага тэатру Ігната Буйніцкага і Францішка Аляхновіча.

Празаік, паэт, музыка, актор – ён ніколі не дазваляў сабе патанаць у смутку, дэпрэсіі, як мог – маральна ды эмацыйна – падтрымліваў сваіх таварышаў. Таму нядзіўна, што, калі ў 1916 годзе ў Менск прыехаў на сталае жыхарства смяротна хворы Максім Багдановіч, пастанавілі пасяліць яго ў Змітрака Бядулі.

На яго смяротна пакрыўдзілася Зоська Верас

Пра супольнае жыццё з аўтарам «Вянка» Змітрок Бядуля напісаў успаміны пад назваю «Страцім-лебедзь», што вельмі моцна пакрыўдзілі Зоську Верас – знаную беларускую нацыянальную дзяячку і сяброўку Багдановіча.

Бядуля паказаў Максіма Багдановіча не панурым самотнікам, а вясёлым, імпэтным, артыстычным юнаком, які стварае цэлыя інтэрактыўныя спектаклі разам з сёстрамі Бядулі, смяецца, жартуе і якога… баіцца мама Зоські Верас, бо не хоча, каб Максім заразіў сухотамі ейную дачку.

Змітрок Бядуля. Фота: Змятрок_Бядуля / be.wikipedia.org

Напісаў раман, дзе высмеяў беларускі савецкі ўрад і яго прыспешнікаў

У 1927 годзе Змітрок Бядуля надрукаваў у часопісе «Узвышша» гістарычны раман «Салавей». Дзеянне адбываецца ў час феадальнай Беларусі ў прыгонным тэатры, дзе жорсткі тыран-магнат здзекуецца з бедных артыстаў-рабоў. Паводле ўспамінаў крытыка Антона Адамовіча, у вобразе магната і ягоных прыслужнікаў Змітрок Бядуля вывеў тагачасных беларускіх савецкіх начальнікаў. Гэта быў першы айчынны літаратурны твор, дзе быў ужыты прыём «гістарычнага пераапранання».

Падтрымліваў маладых беларускіх пісьменнікаў падчас сталінскіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў

Паводле празаіка Барыса Мікуліча, менавіта гасцінны дом Змітрака Бядулі быў тым аазісам, дзе можна было хоць на некалькі гадзінаў уцячы ад жахлівай сталінскай рэчаіснасці з яе штодзённымі арыштамі.

Скульптар Заір Азгур згадваў, як Змітрок Бядуля радаваўся, калі атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ў 1939 годзе: піў віно і пяяў на ўсё горла старадаўнія габрэйскія песні. На заўвагі абачлівай жонкі бесклапотна казаў, што цяпер з гэтай узнагародай яму не страшныя розныя аглабельныя крытыкі, цяпер не зачэпяць, пабаяцца.

Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». З. Бядуля ў цэнтры. 1929 год. Фота: Змятрок_Бядуля / be.wikipedia.org

Пісаў у сталінскі час фэнтэзійныя творы пра немагчымасць беларусаў жыць без дыктатара

Свой апошні буйны твор – фантастычную прыпавесць «Сярэбраная табакерка» (1940) – напісаў пра тое, як наш вечна зацюканы і запалоханы народ уздымае бунт супраць смелага зайца, калі дазнаецца, што ён схаваў смерць у табакерку. Як гэта так, разважае народ. Жыць без смерці? Гэта ж значыць не мець магчымасці забіваць, пісаць даносы, каб твайго суседа адправілі ў нябыт лагераў… Хіба ж так можна?

Мудры Змітрок Бядуля напісаў твор пра беларусаў, якія не могуць жыць без дыктатара, не могуць прымірыцца з нечаканаю свабодай, якая проста так, без папярэджання на іх звалілася. Яны мараць вярнуць смерць, бяздумна мараць быць залежнымі ды асуджанымі, бы тыя бараны на штодзённую пагібель.

Змітрок Бядуля (каля 1910). Фота: Змятрок_Бядуля / be.wikipedia.org

З’едлівы, іранічны, свабодалюбівы Змітрок Бядуля яшчэ як след не расчытаны, не асэнсаваны.

У наш час, калі даводзіцца ратавацца ад сучаснага беларускага палітычнага маразму іроніяй і здаровым гумарам, ягоныя творы як ніколі актуальныя.

Сяргей Піліпчэня belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны